A+ A A-


Судаленка vs ваенныя журналісты: міравога пагаднення ня будзе

Оцените материал
(4 голосов)
Леанід Судаленка Леанід Судаленка

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 чэрвеня працягваўся разгляд грамадзянскай справы гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які патрабуе абвяржэння звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”, якія абражаюць ягоны гонар і годнасць.


Адказчыкамі па справе праходзяць былы журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр”, якому належыць “Белорусская военная газета ”Во славу Родины”.   Справу разглядае суддзя Марына Казлова.

Суд пачаўся з нечаканасцяў, паколькі на працэс не з’явіўся адказчык Кажэўнікаў. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат, які паведаміў, што журналіст на дадзены момант хворы і праходзіць абследаванне. Не змог патрапіць на разгляд пазову і Леанід Судаленка. У судзе быў ягоны прадстаўнік, юрыст Алег Агееў.

Прадстаўнікі “Ваяру” паведамілі, што Кажэўнікаў не з’яўляецца штатным супрацоўнікам газеты ў сувязі з завяршэннем дзейнасці кантракту яшчэ з 8 лютага.  

У артыкуле «Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?» 10-га сакавіка журналіст, паводле правабаронцы, «літаральна аблілі яго брудам», і таму ён запатрабаваў прызнаць гэтыя звесткі несапраўднымі і абвергнуць іх.

Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

Гэта і выклікала суровую водпаведзь вайсковай газеты на адрас гомельскага праваабаронцы. Аўтар артыкула Уладзімір Кажэўнікаў так характэрызаваў асобу ініцыятара звароту да міністра абароны: “…в Гомеле объявился некий правозащитник Леонид Судаленко, этакий самопровозглашенный «омбудсмен», личность в определенных кругах известная. То его упрекают в отправке налоговым инспекторам посланий непристойного содержания, то он конфликтует с таможенниками при досмотре на границе. Этому господину не впервой давить на государственные органы аж через Организацию Объединенных Наций, через ее Комитет по правам человека”.     

Між тым, Кажэўнікаў працягвае публікаваць у сацыяльных сетках зневажальныя нататкі на адрас беларускіх праваабаронцаў. Пасля гэтага, праваабаронца дапоўніў сваю ранейшую позву да Уладзіміра Кажэўнікава аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі патрабаваннем аб спагнанні маральнай шкоды на суму 99 млн. рублёў.

Таму Судаленка прасіў далучыць да справы дадаткі, якія тычыліся новых знявагаў, размешчаных тым жа Кажэўнікавым на сваім блогу ў сацыяльных сетках. А сёння да матэрыялаў справы былі таксама далучаныя дакументы:  Факультатыўны пратакол аб грамадзянскіх і палітычных правах, “Кіруючыя прынцыпы абароны праваабаронцаў”, іншыя дакументы, якія б маглі патлумачыць сутнасць дзейнасці праваабаронцаў і іх стасункі з дзяржавай, паколькі гэтыя пытанні закранаюцца ў разглядзе знявагаў, дапушчаных, на думку Судаленкі, “Белорусской военной газетой ”Во славу Родины”. Напрыклад, праваабаронцу ў артыкуле называлі нават квазіамбудсменам.

З боку адказчыкаў таксама паступілі пярэчанні і дадаткі да іх. Адно з іх – заключэнне спецыяліста з Цэнтра даследванняў беларускай літаратуры і культуры Нацыянальнай акадэміі навук. Лінгвістычную экспертызу праводзіў доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец. Экспертыза падцвердзіла довады адказчыкаў аб тым, што ў артыкуле адсутнічае знявага гонару і годнасці праваабаронцы. Адказчыкі ўвесь час спасылаліся на нібыта “публіцыстычны стыль напісання артыкула” і напіралі на тое, што аўтар мае права на аўтарскія параўнанні і адступленні і вольны стыль. Аднак не змаглі патлумачыць суду  этымалогію слова “судалёнак”, змешчанага ў матэрыяле, і не атаясамлівалі яго з прозвішчам праваабаронцы.

Раней Судаленка звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма. 

Сёння ваенныя журналісты таксама адмовіліся пагадзіцца на міравое пагадненне. Алег Агееў прапанаваў скончыць справу мірам пры ўмове, што газета надрукуе матэрыял аб правах ваеннаслужачых, альбо вынікі экспепртызы. Аляксей Пашкевіч адмовіўся ад такога варыянта.

Прадстаўнік у судзе Алег Агееў хадайнічаў аб выкліку на судовае паседжанне спецыяліста, які рабіў заключэнне, паколькі мае шэраг пытанняў да вынікаў экспертызы. Суддзя задаволіла гэтае хадайніцтва. А вось наконт прымусовага прыводу ў суд Уладзіміра Кажэўнікава, спачатку запатрабавала прадставіць суду даведку аб стане ягонага здароўя, і ўжо затым прыняць рашэнне аб прымусовым прыводзе.

Суддзя таксама паведаміла, што ў Міністрэства інфармацыі накіраваны запыт аб месцазнаходжанні інфармацыйнага рэсурса, з якога Кажэўнікаў працягвае "абліваць брудам" праваабаронцу.

Працяг разгляду грамадзянскай справы ў судзе прызначаны на 16 чэрвеня. Пачатак у 16-30.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.