A+ A A-


«Леніна трэба ўшаноўваць!» альбо «Прыбраць помнікі чым хутчэй, тым лепей!»?

Оцените материал
(6 голосов)

Разбурэньне помнікаў Леніну ў шэрагу гарадоў Украіны, якое ўжо ахрысьцілі адмысловым назовам «ленінапад», выклікала жвавыя дыскусіі ў беларускіх медыях, сацыяльных сетках ды на інтэрнэт-форумах. То не дзіўна – у нас гэтых помнікаў панаторкана больш як ва Ўкраіне. Што з імі ўрэшце рабіць? 

Сустаршыня аргкамітэта «Беларускага руху» Вінцук ВЯЧОРКА, які напрыканцы 80-х стаяў ля вытокаў БНФ «першага скліканьня», лічыць цалкам беспадстаўнай пазіцыю чыноўнікаў, якія спрабуюць апраўдаць знаходжаньне гэтых помнікаў на плошчах іх гістарычнай ці мастацкай каштоўнасьцю. Вячорка праводзіць паралель: ці пакінулі б помнікі Гітлеру, нават калі б іх ляпілі або высякалі геніяльныя скульптары, у гарадах Нямеччыны? Ён упэўнены, што для помніка, які стаіць не ў музеі ці яшчэ якім адпаведным месцы, а ў горадзе, зьмест важнейшы за мастацкія якасьці. 

– Не кажу, што трэба браць кувалду ды разьбіваць іх. Варта найбольш прыкметных леніных сабраць нейдзе ў адным месцы, за гарадской рысаю, як гэта зрабілі ў Літве. Аднак лічу абсалютна непрымальным, каб помнікі Леніну стаялі ў знакавых месцах, на плошчах і вуліцах нашых гарадоў. Ленінізм, камуністычная ідэялогія і практыка вартыя яснага асуджэньня, а не помнікаў на цантральных вуліцах. Гэта зыходзячы і з агульначалавечых каштоўнасьцяў – маралі, культуры, гуманнасьці – і з беларускіх нацыянальных. Ленін спрычыніўся да пазбаўленьня нас шанцу стаць незалежнай краінай, да падзелу па-жывому тэрыторыі Беларусі. І я б тут не казаў пра часовую беларусізацыю: з боку ленінцаў на той момант гэта была проста змушаная саступка. То бок, з пункту гледжаньня і чалавечнасьці, і беларускай незалежнасьці гэтыя стодзівы не павінны знаходзіцца на плошчах нашай краіны. 

Актывіст Партыі левых «Справядлівы сьвет» і грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай ПЕТРУШЭНКА, былы палітработнік у званьні палкоўніка, перакананы камуніст па поглядах, натуральна, мяркуе інакш. 

– З майго пункту гледжаньня, украінскім «рэвалюцыянерам» было б больш карысьці не бурыць помнікі Леніну, а вучыцца ў Леніна. Ленін пісаў: «Пераход да абароны – гэта сьмяротна небясьпечна для рэвалюцыі». А яны барыкады будуюць… І беларусам, якія зьбіраюцца зрынуць Лукашэнку, трэба рабіць высновы і не паўтараць украінскія «подзьвігі» па разбурэньні помнікаў Леніну, а заваёўваць давер народа. Руйнаваньне помнікаў гэтаму спрыяць ніяк не будзе, наадварот, моцна пашкодзіць. У 1917 годзе бальшавікі перамаглі таму, што за імі пайшлі масы. Насуперак волі масаў – нічога не атрымаецца. А Ленін распачаў справу – і давёў яе да лагічнага канца. Леніна трэба ўшаноўваць! 

Сябра міжнароднага таварыства «Мемарыял» Ігар КУЗЬНЯЦОЎ, гісторык, які даўно і актыўна займаецца тэмаю сталінскіх рэпрэсіяў і растрэлаў у Курапатах, адзначае, што ў Беларусі як нідзе ў постсавецкіх дзяржавах улада культывуе савецкую мінуўшчыну, і ў гэтым плане сітуацыя непараўнальная з украінскай: грамадства не гатовае да рэзкіх зрухаў. 

– Я не прыхільнік таго, каб адразу прыбіраць усе помнікі. Гэта рабіць, безумоўна, трэба – але не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам. Патрэбныя падручнікі па гісторыі, у якіх будзе выкладацца аб’ектыўны погляд на Леніна і яго паплечнікаў, паказвацца злавесны характар гэтых асобаў, іх адказнасьць за грамадзянскую вайну, тэрор, рэпрэсіі. Толькі пасьля можна будзе сабраць гэныя помнікі ў нейкім запаведніку, прыкладна як у Літве… Але, канешне, нічога такога не будзе за цяперашняй уладаю, якая, наадварот, актыўна адраджае савецкую сістэму: гэта адбіваецца і ў выданьнях адпаведнай літаратуры, і ў назвах вуліц, якія амаль не зьмянялі з савецкіх часоў; пабудаваная «лінія Сталіна»; нават назоў «Плошча Леніна» і той для станцыі метро вярнулі, хоць сама плошча называецца інакш… 

Сяргей ХАНЖАНКОЎ, дысідэнт і антысаветчык, які быў асуджаны шчэ ў 1963 годзе за намер ў складзе невялічкай падпольнай групкі падарваць радыёглушыльную вежу ў Мінску на 10 гадоў ды адседзеў іх у мардоўскіх лагерах «ад званка да званка», характарызуе сітуацыю ў медычнай тэрміналогіі. 

– Гэта запушчаная хвароба. І помнікі Леніну – толькі яе сімптомы, насамрэч яна глыбей. Мы да гэтай пары не асудзілі камуністычную мінуўшчыну – а пасьля крок за крокам пайшла адваротная хада: у бок спробаў апраўдваць савецкую сістэму. Усе нашы наступныя наслаеньні – аўтарытарызм, палітычныя рэпрэсіі, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, паблажлівае стаўленьне грамадства да гэткіх з’яваў – маюць вытокам той факт, што мы дагэтуль не разабраліся ні з камунізмам, ні з Леніным. Пасьля зьмены ўлады неабходна праводзіць трыбунал, асудзіць камунізм і назваць вінаватых у злачынствах, жывыя яны альбо не. Даць канкрэтную ацэнку, расставіць усе кропкі над «і». А помнікі Леніну ды яго саўдзельнікам, канешне, зьняць – і чым хутчэй, тым лепей. 

Андрэй КЛІМАЎ быў вядомым бізнэсоўцам, дэпутатам Вярхоўнага Савета апошняга яго складу – і адным з першых палітвязьняў у суверэннай Рэспубліцы Беларусь (увогуле быў зьняволены тройчы). Да помнікаў Леніну ён ставіцца лаяльна і праблемы ў іх наяўнасьці не бачыць. 

 – Пасьля таго, што я перажыў, я больш думаю пра людзей, чым пра помнікі. Пра нашую краіну: што з ёю будзе, якім шляхам яна пойдзе пасьля зьмены ўлады (упэўнены, што гэта адбудзецца ў хуткім часе). А помнікі Леніну – ну ставілі іх у свой час камуністы ў гонар іхняй перамогі над Расейскай імперыяй. Няхай сабе стаяць, нікому яны не перашкаджаюць. Мяне, прынамсі, помнікі Леніну хвалююць менш за ўсё. 

Грамадскі актывіст Юрый ВАРОНЕЖЦАЎ падчас жнівеньскага путча 1991 года быў удзельнікам абароны «Белага дому» і зносу помніка Дзяржынскаму ў Маскве. Пасьля гэтых падзеяў некалькі месяцаў да скону СССР ён быў намесьнікам старшыні Савета Саюза ВС. 

– Вуліцы нашых гарадоў трэба ачысьціць ад помнікаў не толькі Леніну, а і Дзяржынскаму, Калініну ды іншым адыёзным асобам, чыя роля ў гісторыі – негатыўная. Але не гэтак, як ва Ўкраіне. Па сутнасьці там было зроблена правільна, але ж па форме – агідна. Як дэмантавалі Дзяржынскага на Лубянцы: падагналі грузавік, пад’ёмны кран, акуратна зьнялі. Далей зрабіць з гэтых статуяў парк, як “Grutos Parkas” пад Друскенінкаем. І вадзіць туды маладзёнаў на экскурсіі глядзець на гэтых ліхадзеяў, каб ведалі нашу трагічную гісторыю.

«Народная воля»

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.