У Менскім гарадзкім судзе абвясьцілі вырак у закрытым працэсе над Эдуардам Пальчысам, які вёў блог www.1863x.com пад псэўданімам Джон Сыльвэр. Пальчыс пакараны так званай хатняй хіміяй, на 1 год 9 месяцаў.
Якраз у дзень абвяшчэньня прысуду Эдуарду Пальчысу споўнілася 26 гадоў. Свабода вяла жывую трансьляцыю з залі суду і з акцыі ў падтрымку Пальчыса каля будынка суду.
Эдуарда Пальчыса засудзілі за ягоныя публікацыі: у дзевяці зь іх суд знайшоў «экстрэмізм», а ў адной — «распаўсюд парнаграфіі». Пракурор патрабаваў для яго 3,5 года турмы, праваабаронцы лічаць абвінавачаньне палітычна матываваным і называюць Пальчыса палітвязьнем. У час суду працягвалася акцыя ў падтрымку Пальчыса, на актывістаў склалі каля 70 пратаколаў.