Апазіцыя вызначылася з фарматам шэсця на Дзень Волі 25 Сакавіка. Заяўкі на акцыю сталічным уладам пададуць на гэтым тыдні.
У Менску адбылося пашыранае пасяджэнне аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Там абмеркавалі пытанні плану і арганізацыі масавай акцыі ў Менску з нагоды юбілею. Таксама зацвердзілі склад працоўнай групы на чале з Юрасём Губарэвічам.
– Працоўная група адказвае непасрэдна за правядзенне масавай акцыі. Пацверджана ранейшае рашэнне пра фармат, што мерапрыемства мусіць мець выключна святочны характар. Гэта не будзе нейкі прынагодны чарговы пратэст. Пацверджаны маршрут і дата. Фактычна ўжо гатова заяўка, больш за дязсятак падпісантаў, - паведаміў Радыё Рацыя старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Шэсце называецца – "Свята незалежнасці". У плане – шэсце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Свабоды, і мітынг-канцэрт.