A+ A A-


Актывістку АГП з Гомельшчыны аштрафавалі за крадзеж сыру ў краме, яна кажа, што гэта правакацыя

Оцените материал
(4 голосов)

Сьведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі крамы, якія кажуць, што бачылі на відэа, як Алена Луцковіч перакладала з кошыка ў сваю сумку сыр.

Алена Луцковіч


7 сьнежня суд Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці аштрафаваў на 7 базавых велічынь актывістку АГП Алену Луцковіч. Яе абвінавацілі ў крадзяжы 150 г. сыру.

Гісторыя пачалася 30 кастрычніка 2018 году. Гомельскае тэлебачаньне паказаласюжэт з просьбай да грамадзян апазнаць жанчыну, якая нібыта зьдзяйсьняе крадзеж у краме «Эўраопт».

На відэа актывістка АНП Алена Луцковіч пазнала сябе. Яна адмаўляе, што нешта скрала ў краме.

«На відэа ня бачна факту крадзяжу. Я перакладала рэчы ў сумцы, брала адтуль тэлефон, размаўляла па ім, перапісвалася ў сацыяльных сетках, клала тэлефон назад», — пракамэнтавала Свабодзе Алена Луцковіч.

Яна зьвяртае ўвагу: відэа было зьнятае ў краме ў ліпені. Толькі ў кастрычніку адміністрацыя крамы «Эўраопт» зьвярнулася з заявай у міліцыю.

«У заяве, якая ёсьць у справе, адміністрацыя крамы піша, што ў гандлёвым аб’екце выявілі недастачу. Яны зьвязалі недастачу з магчымымі крадзяжамі. І падалі ў міліцыю гэтае відэа, на якім ёсьць я», — дадала актывістка.

У суд даставіла міліцыя

7 сьнежня адбыўся суд. Справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі. Працэс прыехалі асьвятляць дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» і Гомельская тэлевізія.

Раніцай Алена Луцковіч патэлефанавала ў суд Акцябрскага раёну і папрасіла перанесьці пасяджэньне, бо ў яе была павышаная тэмпэратура. Але праз паўгадзіны да яе дамоў прыехала міліцыя і павезла актывістку ў суд.

«Усе мае хадайніцтвы суд адхіліў. Мне не далі часу, каб знайсьці адваката — пазбавілі права на абарону. Адмовілі ў экспэртызе відэа з камэры назіраньня крамы — яно магло быць змантаванае», — патлумачыла Свабодзе актывістка.

Яе абурыла, што Гомельская тэлевізія асьвятляла суд, але карэспандэнты адмовіліся браць камэнтар у «парушальніцы».

«Суд забараніў відэаздымку. Тым ня менш карэспандэнт дзяржаўнай тэлевізіі прыйшоў і здымаў на камэру, калі судзьдзя зачытваў пастанову. Прычым там агалошваліся ўсе мае пэрсанальныя зьвесткі», — дадала Алена Луцковіч.

Сьведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі крамы «Эўраопт». Ахоўнік крамы даваў паказаньні, што бачыў на відэа, як Алена Луцковіч перакладала з кошыка ў сваю сумку сыр.

Алена Луцковіч мае намер абскардзіць рашэньне суду.


Радыё Свабода

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.