A+ A A-


Узяць свой лёс у свае рукі!

Оцените материал
(12 голосов)


Зварот лiдэраў правацэнтрысцкай каалiцыi да грамадзянаў Беларусі


Сто год мінулі з моманту абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтыя сто год не былі простымі для нашай нацыі. Беларусам давялося прайсьці праз найцяжэйшыя выпрабаваньні. Мы згубілі мільёны жыцьцяў у барацьбе за захаваньне свайго права на самастойнасьць. Але, нягледзячы ні на што, мы захавалі нашую мову, нашую памяць, нашыя гонар і годнасьць.

Мы і цяпер ня можам казаць, што выпрабаваньні для нас скончыліся. Перад намi стаяць старыя пагрозы i новыя выклiкi, як знутры, так i звонку.

Адзіны шанец захаваць незалежнасьць і ўзяць свой лёс у свае рукі – гэта зрабіць уладу сапраўды народнай. А гэта значыць – вярнуць грамадзянам Беларусі права абіраць.

Выбары! Дэмакратычныя, свабодныя, справядлівыя выбары! Такая мара была ў айцоў-заснавальнікаў БНР, такая ёсьць у нас. Толькі выбары могуць зрабіць беларусаў сапраўднымі гаспадарамі сваёй дзяржавы, (як таго і патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь). Толькі выбары прымусяць чыноўнікаў быць адказнымі перад усімі грамадзянамі, а не перад дыктатурай аднаго чалавека. Выбары – вось тое, што вызначае сасьпелую, трывалую, сучасную нацыю.

Выбары – тая мэта, якая можа і мусіць аб’яднаць усіх грамадзянаў і ўсе палітычныя сілы, якія выступаюць за свабодную і незалежную Беларусь. Калі мы аб’яднаем усю сваю волю, усе свае памкненьні ў адзінае патрабаваньне – свабодных справядлівых выбараў – аніводная дыктатура не ўстаіць перад гэтым. І хай праз сто год на гэтым месцы нашыя нашчадкі, якія будуць сьвяткаваць 200 год БНР, прыгадаюць нашае пакаленьне і скажуць: Дзякуем ім! 

I пачаткам вялiкай працы мусiць стаць патрабаваньне прыняцьця закона аб унясеньнi зьменаў у Выбарчы Кодэкс.

Правацэнтрысцкая каалiцыя выступае за ЭЎРАПЕЙСКІ ВЫБАР Беларусі. Мы лічым, што гістарычна беларусы належаць да сям’і эўрапейскіх народаў, аб’яднаныя зь імі агульнай гісторыяй, рэлігіяй і традыцыяй. Магдэбургскае права і Статуты Вялікага Княства Літоўскага – яскравы прыклад таго, як нашыя продкі паважалі закон і прыватную ўласнасьць, як умелі выбіраць кіраўнікоў гарадоў і мясцовую ўладу. Мы выступаем за тое, каб паважаліся правы і свабоды грамадзян, каб у краіне вышэй ўсяго стаяў закон. Насьпеў час рэалiзаваць на практыцы нашы напрацоўкi па рэформе судовай сiстэмы i мясцовага самакiраваньня.

Правацэнтрысцкая каалiцыя  выступае за Новы эканамiчны курс, у аснове якога развiцьцё малога i сярэдняга бiзнэсу, гарантыi i абарона прыватнай уласнасьцi, ангельскае права. I, натуральна, свабода! Толькі свабодны чалавек можа думаць пра ўласны дабрабыт і будучыню сваёй краіны. Толькі ў свабоднай краіне магчымая канкурэнцыя, якая спрыяе эканамічнаму дабрабыту кожнага з нас. Толькі ў свабодную краіну могуць прыйсьці інвэстыцыі, якія будуць спрыяць наватарству, вынаходніцтву і прадпрымальніцтву. Толькі ў свабоднай краіне грамадзяне гатовыя інвэставаць у яе дабрабыт.

Правацэнтрысцкая каалiцыя выступае за нейтральны, бязблокавы статус Беларусi, што зафiксавана ў Асноўным законе Беларусі. Мы прапануем рыхтаваць новую рэдакцыю Будапэшцкага мэмарандуму, якi б гарантаваў Беларусi бясьпеку, развiцьцё i недатыкальнасьць яе межаў.

Сёньня, 25 сакавiка,  у 100 гадавiну БНР, мы заяўляем пра нашу мэту вярнуць Пагонi i бел-чырвона-беламу сьцягу статус дзяржаўных сымбаляў. I першым крокам мусiць стаць заканадаўчае замацаваньне за бел-чырвона-белым сцягам статуса нацыянальнай сымболікі. 


Са сьвятам, Беларусь! 

Жыве Беларусь! Будзем разам! 


25 сакавіка 2018 г. 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.