A+ A A-


У Бабруйску, Баранавічах, Берасьці і Віцебску прайшлі «Маршы недармаедаў» (фота, відэа)

Оцените материал
(26 голосов)

26 лютага ў чатырох гарадах Беларусі прайшлі акцыі супраць Дэкрэту №3. У Віцебску сабралося пад дзьве тысячы чалавек, больш за тысячу ў Бабруйску, сотні — у Берасьці і Баранавічах

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька таксама ўзяў удзел у рэгіянальных акцыях. Ён падтрымаў «Марш недармаедаў» у Баранавічах. Разам з актывістам АГП Мікалаем Чарнавусам ён выступіў перад прысутнымі, якія прагаласавалі за адмену дэкрэту «аб дармаедах».

 

 

«Марш недармаедаў» у Бабруйску 

Па падліках назіральнікаў у Бабруйску на плошчу Леніна выйшла больш за тысячу пратэстоўцаў. Удзельнікі «Маршу недармаедаў» выступілі супраць дэкрэту №3.   

«Недармаеды» на люднай акцыі ў Бабруйску сабралі подпісы ў гарвыканкам за поўнае вызваленьне ад «падатку на дармаедаў» усіх бабруйчанаў. 

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваньням вызваліць жыхароў Бабруйску ад «падатку на дармаедаў», адмяніць дэкрэт №3 па ўсё краіне і не разьмяшчаць расейскіх ваенных баз у Беларусі.

Удзельнікі акцыі зноў зьбіраюцца выйсьці на мітынг у Бабруйску 12 сакавіка. 

 

Пад дзьве тысячы чалавек прыйшлі на акцыю ў Віцебску

Людзі сабраліся на плошчы Перамогі, але ў гэты ж час гарадзкія ўлады арганізавалі там сьвяткаваньне Масьленіцы. Каб не перашкаджаць іншым гараджанам, пратэстоўцы прынялі рашэньне перайсьці на плошчу Леніна і правесьці мітынг там.

Ужо падчас руху калёны прысутныя пачалі скандаваць лёзунгі, асноўны з якіх – «Не Дэкрэту №3 – Лукашэнка, сыходзь!».

Многія з удзельнікаў казалі, што ў іх ужо няма сіл трываць, што дзяржава загнала свой народ у кут – для тых, хто страціў працу, знайсьці новую амаль немагчыма, а калі і ёсьць вакансіі, то з такімі заробкамі, на якія не пражыць.

Прысутным прапанавалі падпісваць пэтыцыі супраць Дэкрэту № 3 і прыйсьці на наступную акцыю. Папярэдне, 25 сакавіка.

 

Берасьце: наступны пратэст праз тыдзень 

Каля 300 чалавек прынялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасьці. Пратэстоўцы сабраліся на плошчы Леніна, памітынгавалі каля аблвыканкаму і прайшліся шэсьцем па пешаходнай вуліцы Савецкай.
«Не — дэкрэту нумар 3!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!» — асноўныя лёзунгі, якія гучалі сёньня на акцыі ў Берасьці. 

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў прыйшоў з мэгафонам, празь які прамоўцы выступалі перад народам, паведамляе Радыё Свабода

У сваёй прамове Аляксандар Кабанаў заклікаў людзей яднацца і выйсьці на плошчу ў Берасьці праз тыдзень, 5 сакавіка. Спадар Кабанаў прапанаваў людзям актыўней распаўсюджваць інфармацыю аб наступнай акцыі праз сацыяльныя сеткі і прапанаваў прагаласаваць за ўтварэньне «Берасьцейскага абласнога камітэту за адмену дэкрэту № 3».

Людзі прагаласавалі, каля 30 удзельнікаў акцыі запісаліся дапамагаць гэтаму камітэту ў правядзеньні наступных акцыяў пратэсту.

Апрача актывістаў на плошчы далі слова і ўсім ахвочым. Людзі выказвалі абурэньне ня толькі дэкрэтам № 3, але і эканамічнай сытуацыяй у цэлым.

Пасьля выступаў на плошчы мітынгоўцы падышлі да прыступак аблвыканкаму, паўтарылі лёзунгі, а актывісты прыклеілі на сьцяну аблвыканкаму плякат з надпісам «Баста!»

Ад аблвыканкаму пратэстоўцы рушылі маршам на пешаходную вуліцу Савецкую. Выгукваючы лёзунгі, яны дайшлі да кінатэатру «Беларусь», дзе пасьля кароткага мітынгу ахвочыя пакідалі подпісы за адмену дэкрэту №3.

Акцыя доўжылася больш за гадзіну, актывісты пастанавілі сабрацца ў такі ж час праз тыдзень.


У Баранавічах пратэставалі каля 300 «недармаедаў»

Каля трохсот жыхароў Баранавічаў выйшлі на плошчу Леніна ў цэнтры гораду. Гараджане прынялі рэзалюцыю, якую накіруюць уладам дзяржавы.

Галоўныя патрабаваньні жыхароў гораду як эканамічнага характару (сярод іх стварэньне працоўных месцаў, прыцягненьне інвэстыцыяў), так і палітычныя. У сьпісе патрабаваньняў ня толькі адмена Дэкрэту № 3, скасаваньне кантрактнай сыстэмы, зьніжэньне пэнсійнага ўзросту, адмена дарожнага збору, але і пераход да парлямэнцкай формы кіраваньня дзяржаваю.

Адзін з арганізатараў акцыі, актывіст АГП  Мікалай Чарнавус сказаў, што жыхары Баранавічаў ужо гатовыя бараніць свае правы:

«І разам з гэтымі людзьмі мы распрацавалі рэзалюцыю, зь якою зьвернемся да ўладаў. Гэты дакумэнт утрымлівае як эканамічныя, так і палітычныя аспэкты. Сёньня палітыка і эканоміка ўзаемазьвязаныя. Паколькі ў нас разваленая эканоміка, то гэта сьведчаньне таго, што разваленая і палітыка. Цяпер людзі пачынаюць разумець, хто прывёў да развалу ў эканоміцы. Гэта ж не народ вінаваты, а палітыка, кіраўніцтва краіны».

Акцыя цягнулася каля гадзіны, прайшла без затрыманьняў. Арганізатары заклікалі жыхароў Баранавічаў зьбірацца на будучыя маршы пратэстаў у Менску.

«Маршы недармаедаў»: Віцебск, Берасьце, Баранавічы. Жывая трансляцыя Радыё Свабода

 

Нагадаем, на мінулых выходных Маршы супраць падатку на «дармаедаў» прайшлі ў Менску, Гомелі, Магілёве, Берасьці, Віцебску і Гародні

17 лютага ў Менску прайшла найбуйнейшая ў краіне за апошнія гады дэманстрацыя, удзел у якой узялі ад 2 да 3 тысячаў чалавек. 

19 лютага ў Гомелі некалькі тысячаў чалавек прайшлі Маршам і скандавалі лёзунг супраць Дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага утрыманства».

Каля паўтысячы чалавек выйшлі на акцыю ў Магілёве

Сотні ўдзельнікаў сабралі Маршы ў Віцебску, Гародні і Берасьці, якія таксама прайшлі ў нядзелю 19 лютага.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.