Logo
 Версия для печати

Пра рэфэрэндумы

Оцените материал
(2 голосов)

Усё часьцей за апошнім часам прыгадваецца фраза брытанскага барона Крыса Патэна: «Я думаю, што рэферэндумы – гэта кашмар». Тым часьцей прыгадваецца, чым часьцей яно гучыць у сувязі з падзеямі ва Украйне. І тым мацней робіцца ўпэўненасьць, што хутка нам пачнуць актыўна даводзіць, што рэферэндум – гэта значна круцей за любыя выбары.

Гісторыя ХХ стагодзьдзя дае дастаткова шматлікія прыклады, калі інстытут рэферэндуму выкарыстоўваўся папулісцкімі рэжымамі для падмены інстытутаў прадстаўнічае дэмакратыі (у першую чаргу, выбараў), што прыводзіла да таталітарызму. Напрыклад, у фашыстоўскае Італіі ў 1929 г. замест выбараў у сенат быў праведзены рэферэндум, на якім народу было прапанаваным ухваліць ці адвергнуць сьпіс патэнцыйных сенатараў, які быў складзены Вялікае Радай Фашызму (быў тады такі орган). Гітлер фюрэрам зрабіўся таксама ў выніку рэферэндуму.

Дарэчы, пра Гітлера. Ён, неяк, гаворачы пра прапаганду, казаў наступнае: «Яе ўзьдзеяньне мусіць быць зкіраваным, галоўным чынам, на эмоцыі і толькі ў вельмі абмежаванае ступені на гэтак званы інтэлект. Нам трэба пазьбягаць празьмерных інтэлектуальных запытаў у дачыненьні да нашага народу. Успрымальнасьць масаў ёсьць вельмі абмежаванае, іхні інтэлект ня ёсьць вялікім, але здольнасьць забываць – агромністая. Як вынік гэтых фактаў, уся эфектыўная прапаганда мусіць быць абмежаванай нешматлікімі палажэньнямі, і бязконца паўтараць гэтыя лёзунгі, да таго часу, пакуль самы апошні прадстаўнік народу не зразумее ў іх таго, што вам патрабуецца».

Тут, магчыма, і прысутнічае адказ, чаму тыя сілы, якія, ну, мякка кажучы, не паважаюць дэмакратыю, так любяць усенароднае волевыяўленьне? Калі гаворка ідзе пра элекцыйную кампанію, дык перад народам стаіць вялікая праблема. Як разабрацца з гэтымі ўсімі палітыкамі і іхнімі праграмамі? Каму даверыць сваю будучыню? З рэферэндумам усё значна прасьцей: як правіла, народу прапануюць абраць два варыянты: «Так» ці «Не». І тут можна, нават, не паглыбляцца ў сутнасьць пытаньняў. Галоўнае – прымусіць народ запомніць «правільны» варыянт адказу.

Вось, памятую, рэферэндум 1993 г. у Маскве. Пры гэтым ня памятую дакладна, якія пытаньні былі на яго вынесены. Затое памятую «правільную» версію адказаў, якая гучала з кожнага прасу: «Да-Да-Нет-Да». На тэлеэкранах пісалі: «Да-Да-Нет-Да». Заслужаныя артыстыя з разстаноўкай дэклямавалі: «Да-Да-Нет-Да». У транспарце: «На следующей выходите? - Да, да, нет, да.» Лепата. Галоўнае, не задумвацца.

Ну, гэта – зусім просты спосаб. Магчымасьці маніпуляцыі з рэферэндумам для ягоных ініцыятараў ім не абмяжоўваюцца. Тут жа ад народу патрабуецца адказ на пытаньне. А пытаньне фармулуюць хто? Ініцыятары! Тут ім фішка і прэ, бо можна пытаньне так зфармуляваць, што пры любым адказе атрымаеш патрэбны вынік. Думаеце, толькі ў анегдоце можна сустрэць сітуацыю: «Вы ня супраць палітыкі кіраўніцтва краіны?» з варыянтамі адказу: «Так, ня супраць» і «Не, ня супраць»? А прыгадайце фармулёўку пытаньня на рэферэндуме па захаваньні СССР, які праводзіўся 17 сакавіку 1991 г. (заўтра гадавіна, ага).

Фармулёўка была, сапраўды, шыкоўная: «Считаете ли Вы необходимым сохранение Союза Советских Социалистических Республик как обновлённой федерации равноправных суверенных республик, в которой будут в полной мере гарантироваться права и свободы человека любой национальности?» Ну і як тут адказаць «не»? Ты што, супраць ліквідацыі папярэдняга абрыдлага саўку? Ты што, супраць раўнапраўя і суверэнітэту для сваёй рэспублікі? Ці, мо, ты супраць правоў і свабодаў чалавеку? А адказваеш: «так», значыць – ты выступаеш за захаваньне СССР. У выніку атрымліваем профіт: у СССР было так добра, што большасьць выказалася за ягонае захаваньне. А потым: ворагі такую краіну развалілі... Э-э-эх...

Ды й тое, усе гэтыя хітрыкі з крычалкамі для дзятлаў і мудрагелістымі фармулёўкамі патрэбныя толькі тады, калі няма манаполіі на крыніцы інфармацыі ды поўнага кантролю над правядзеньнем працэсу і абвяшчэньнем вынікаў. Тут усё зусім проста робіцца. Кажаш: на ўчасткі прыйшлі 102 адсоткі, «так» адказалі 146 адсоткаў, парушэньняў не зафіксавана. Што, сумняваецеся ў выніках? А вы экспертаў паслухайце, якія сьцьвярджаюць, што такія вынікі ня проста магчымыя, але і сьведчаць пра высокую эфектыўнасьць працы дзяржаўных мас-медыя і ўсенародную падтрымку абранага курсу. Тут профіт ужо на васьмідзясяты ўзровень выходзіць: і адказ патрэбны атрыманы, і ўсенародная падтрымка ўсім прадэманстраванай ёсьць. І толькі паспрабуйце паспрачацца: за намі – увесь народ!

Але праблема рэферэндуму ня толькі ў таталітарных дзяржавах існуе. Што б ні казалі, а тая дэмакратыя, якая існуе, скажам так, на Захадзе, навострана на тое, каб пры правядзеньні палітыкі ўлічваліся інтарэсы ўсіх – і тых, хто належыць да большасьці, і тых, хто апынуўся ў меншасьці. Што выгадна адрозьнівае гэтую дэмакратычную сістэму ад сістэмы дэмакратычнага цэнтралізму, дзе меншасьць безумоўна падпарадкоўваецца большасьці. А вось рэферэндум набліжае сітуацыю як раз да цэнтралізму. Калі пасьля выбараў, скажам, у парлямент, меншасьць мае там прадстаўніцтва і можа адстойваць свае інтарэсы, дык пасьля рэферэндуму, атрымаўшы, зкажам, цьвёрдае «не» сваім памкненьням, яму ўжо падзецца няма куды.

І такая «дыктатура большасьці» - далёка ня тое, што робіць жыцьцё больш камфортным. Ня так даўно ў ЗША вынікі аднаго дасьледваньня паказалі, што ў тых штатах, якія праз рэферэндум адверглі легалізацыю аднаполых шлюбаў, колькасьць суіцыдаў сярод гамасэксуалістых значна падвысілася. Меншасьць, якая апынулася перад дыктатам большасьці ў сфэры, лёсавызначальнае для яе, проста ня здолела гэтага перажыць. Я разумею, што зараз шмат хто парадаваўся гэтае інфармацыі. Але задумайцеся: ці гарантаваным для Вас ёсьць пастаяннае знаходжаньне ў большасьці? І ці не апынецеся Вы ў ролі тых самых геяў, калі Вашыя палітычныя погляды, ці проста форма носу і адценьне скуры на народным волевыяўленьні будуць прызнанымі недапушчальнымі? Жыцьцё – яно ўвогуле, рэч складаная і непрадказальная.

Такім чынам, рэферэндум дазваляе спрасьціць палітычную працу да прапаганды, а інтэлектуальную працу грамадзяніна па аналізу палітычных праграмаў – да вывучэньня дзятлаўскага «так-так-так». Што, як паказвае гісторыя, прыводзіць да посьпеху разнастайных папулістых, але нацыю ў цэлым пры гэтым чакаюць благія наступствы. Так што падмена выбараў рэферэндумамі выглядае вельмі небясьпечнае тэндэнцыяй. Тым болей ва ўмовах, калі не існуе адказнасьці палітыкаў перад народам, незалежнае судовае сістэмы і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Карацей, не існуе таго, што могуць забясьпечыць толькі выбары.

Facebook.com