A+ A A-


Галоўная небяспека для апазіцыі

Оцените материал
(12 голосов)

Апазіцыйныя палітыкі падсумоўваюць вынікі працы сваіх прадстаўнікоў у парламенце і рыхтуюцца да новай выбарчай кампаніі.


У гарадах паўстаюць пікеты прэтэндэнтаў на дэпутацтва, фармуюцца выбарчыя камісіі, паціху нарастае ціск на прадстаўнікоў апазіцыі – пакуль усё звыкла. У чым жа адметнасць новай парламенцкай кампаніі?

Вядомы адмыслоўца па пытаннях правядзення выбараў, сябра Нацкаму АГП Віктар Карняенка мяркуе так:

–  Адметнасць гэтых выбараў, зрэшты як і мінулых, у тым, што ўлады ўжо не толькі гуляюць ў шахматы шахматнай дошкай, але і спрабуюць камбінаваць праз прызначэнне апазіцыйных кандыдатаў. Відавочна, што прызначаным можа быць толькі той чалавек, які залежны ад улады і па той ці іншай прычыне, нават па ўласцівасцям характару, не можа аказваць актыўны супраціў і выкарыстоўваць мандат не толькі для законатворчай, але і публічнай палітычнай дзейнасці. І тут крыецца галоўная небяспека для апазіцыі.

Тым больш, што ў Лукашэнкі шмат замежных адвакатаў, якія настойваюць, каб быў заўважны нейкі пазітыўны зрух. І што б ні казалі дзяўчыны, якіх прызначылі мінулым разам у парламент, але іх прызначэнне адыграла вялікую шкоду для дэмакратычнай Беларусі. Зразумела, што спадарыня Канапацкая вяла сябе не так, як усе яе калегі-дэпутаты. Яна была больш актыўнай, галасавала супраць. Але і роля ёй прызначалася зусім іншая – адбельваць беларускі парламент і дэманстраваць адвакатам той самы прагрэс. Паглядзіце, у палату павалілі замежныя дэлегацыі, нават Сейму Польшчы. Фактычна беларуская палата прызнаная праз гэтыя маніпуляцыі. Таму відавочна вялікая спакуса ў Лукашэнкі працягнуць гэтую гульню.

– Разам з тым за гады знаходжання ў парламенце прадстаўніц апазіцыі ключавыя пытанні – свабодных выбараў, канстытуцыйных рэформ, свабоды СМІ, абароны грамадзянскіх правоў – так і не былі гучна ўзнятыя на парламенцкім узроўні. Зразумела, што для выніковых захадаў патрэбныя не два дэмакрата ў парламенце, а большасць. І гэта малаверагодна пры цяперашняй арганізацыі выбараў, законах і, у прыватнасці, той жа непразрыстай працэдуры галасавання і падліку бюлетэняў. Дык што, дэмакратычны шлях да пераўтварэнняў – праз выбары – немагчымы?

– Тут галоўнае нават не законы, а стан грамадства. Быў час (канец 80-х і пачатак 90-х), калі апазіцыйныя прадстаўнікі перамагалі кампартыйную наменклатуру і пры значна горшым заканадаўстве, горшых законах. Таму што адпаведным чынам было падрыхтаванае да гэтага грамадства, і прызначаныя ў абкамах ды райкамах камуністычнай партыяй камісіі адмовіліся займацца фальсіфікацыяй на яе карысць. Фактычна ўсё грамадства падтрымала шлях пераменаў. І гэта галоўнае, на што сёння павінны працаваць дзейсныя палітыкі.

– Сумленных выбараў у Беларусі няма. Тым не менш прадстаўнікі апазіцыі лічаць свой ўдзел у выбарчай кампаніі мэтазгодным. Гэта дае магчымасць наўпрост кантактаваць з шырокімі коламі людзей, знаёміць іх з праграмамі рэформ, пасоўваць нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасці. Ці згодныя вы з такой праграмай-максімум?

– Не думаю, што гэта праграма-максімум. Удзельнічаць трэба і для таго, каб выкрываць фальсіфікацыі ўлады падчас выбараў, каб паказаць, што ўлада ў нас сапраўды не абіраецца, а прызначаецца. Гэта павінна ведаць і беларуская грамадскасць, і міжнародная супольнасць. Ну і канешне, тое, пра што вы сказалі, таксама трэба выкарыстоўваць.

 

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.