У панядзелак, 16 ліпеня, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі выйшлі на чарговую вахту ў Курапатах.
Гэтым разам удзел у пікетаванні ўзяў новы старшыня АГП Васіль Палякоў. Сваю пазіцыю ён выказаў у каментары сайту ucpb.org:
“Курапаты – гэта сімвал пакутніцтва беларускага народу, гэта сталінскія рэпрэсіі, месца масавых расстрэлаў, і тут не павінна быць нейкіх рэстаранаў, забаўляльных устаноў. Таму мы як партыя па панядзелках нясём вахту і даводзім да ведама ўсіх наведвальнікаў, што гэта за месца, і чаму тут знаходзяцца актывісты грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый”.
Сёння, падчас вахты АГП, на тэрыторыю комплексу спрабавалі праехаць некалькі машын, якія ў выніку разварочваліся, адмовіўшыся ад паслуг рэстарана.
“Пабудова рэстарана “Поедем поедим” ля месца масавага пахавання, па-першае, была зроблена з парушэннямі, па-другое, усё гэта выглядае, як выклік грамадзянскай супольнасці з боку уладаў, – кажа Васіль Палякоў. – Уласнік – гэта ўласнік, а рашэнне прымалі ўлады. Таму ўлады павінны несці адказнасць. А грамадзянскай супольнасці і палітычным партыям трэба дамагацца, каб больш не было такіх гульняў на месцы масавых расстрэлаў”.
Фотарэпартаж Генадзя Верацінскага