A+ A A-


Магілёўскі суд апраўдаў неўключэнне сябраў АГП у склад выбаркамаў

Оцените материал
(8 голосов)

З 16 сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі адміністрацыя Ленінскага раёну не ўключыла ў склад участковых выбарчых камісій ніводнага.


7 кастрычніка суд Ленінскага раёна разгледзеў скаргу апазіцыйнай партыі на неўключэнне сваіх сябраў у склад УВК, паведамляе Магілёўская вясна.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў запатрабаваў праз суд перагляду вынікаў фарміравання ўчастковых камісій.

– Наша партыя будзе вылучаць свайго кандыдата па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85. Мы мелі права разлічваць, улічваючы вопыт дэмакратычных краін, што нашы прадстаўнікі будуць уключаны ў склад УВК. Закон такое права нам дае. Аднак з 16 нашых вылучэнцаў ніводны ў выбаркам не трапіў, – заявіў на судзе Шанцаў.

Ён раскрытыкаваў прынцып, па якім адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва прызначыла людзей ва ўчастковыя камісіі.

– Напрыклад, ёсць выбарчы ўчастак у сярэдняй школе №11. У камісію па гэтым участку ўключылі практычна толькі тых, хто працуе ў гэтай школе. Сярэдняя школа вылучае хіба свайго кандыдата? Не. Яна зацікаўлена ў палітычнай дзейнасці? Не. Туды трапілі вылучэнцы ад Беларускага фонду міру, БРСМ, ветэранскіх арганізацый. Але гэта ўсё не палітычныя аб’яднанні. Дык чаму прадстаўнікоў палітычнай партыі, чые сябры балатуюцца ў парламент, не дапусцілі да палітычнага працэсу, а настаўнікаў і завучаў – дапусцілі? – абурыўся Шанцаў.

На працягу свайго выступу ён некалькі разоў паўтарыў тэзіс, што АГП «была пазбаўленая права паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцці».

Пракурор Аляксей Кісялёў задаў прамое пытанне Шанцаву: які закон парушыла адміністрацыя Ленінскага раёна. Палітык сказаў, што аб парушэнні закона пакуль гаворка не ідзе:

– Аднак ёсць факт несправядлівых, няроўных адносінаў да партыі. Быў парушаны не закон, а нашае права, – заўважыў абласны кіраўнік АГП.

Яму апанавалі прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Паддубны і Наталля Арлова.

Паддубны заявіў, што ўсё было зроблена згодна з заканадаўствам, а гэта значыць, што задавальняць скаргу Шанцава не мае сэнсу.

Шанцаў, у сваю чаргу, заўважыў, што максімальна дапушчальная колькасць членаў ва ўчастковай выбарчай камісіі – 19. У гэты ж час адміністрацыя Ленінскага раёна зрабіла, у асноўным, камісіі па 15 чалавек.

– Вы маглі спакойна задаволіць усе заяўкі, месцы ў УВК яшчэ былі, – сказаў мясцовы лідэр АГП.

Паддубны адказаў, што адміністрацыя Ленінскага раёна, зыходзячы з памеру тэрыторыі і колькасці насельніцтва на ўчастку, палічыла патрэбным зрабіць выбаркамы па 15 чалавек.

Паддубнага падтрымала Наталля Арлова: на яе думку, калі прадстаўнікоў АГП нешта не задавальняла пры фарміраванні УВК, яны маглі задаваць свае пытанні.

Як высветлілася пазней, Арлова крыху сказіла рэчаіснасць. Вылучэнец ад АГП Таццяна Сівачэнка, якая прысутнічала на паседжанні адміністрацыі Ленінскага раёна, распавяла, што ніхто з прадстаўнікоў улады не казаў пра магчымасць задаваць пытанні пад час фарміравання УВК.

Ад негатыўнага рашэння суда АГП гэта не выратавала – суддзя Драздова ўстала на бок чыноўнікаў і ў задавальненні скаргі па новым фармаванні УВК адмовіла.

 

 

 

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.