A+ A A-


КПЧ ААН разгледзіць скаргі актывістак АГП

Оцените материал
(10 голосов)

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (КПЧ ААН) прыняло да разгляду скаргі гомельскіх удзельніц вясновых акцый пратэсту 2017 года, актывістак АГП Наталлі Шчукінай і Алы Раманчык.


Як паведамляе Гомельская Вясна, у скаргах у КПЧ ААН жанчыны распавядаюць, як 12 сакавіка 2017 года прынялі ўдзел у пратэстнай акцыі «недармаедаў» у Рагачове, за што ўлада іх пакарала буйнымі адміністрацыйнымі штрафамі, якія перавышаюць памер іх пенсій. У Дзень Волі 25 сакавіка яны ўзначалілі калону «недармаедаў» у Гомелі. Пасля заканчэння акцыі іх затрымалі і змясцілі ў ІЧУ, дзе ўтрымлівалі да суда на працягу 44 гадзін. Суд Савецкага раёна Гомеля аштрафаваў абодвух актывістак на буйныя сумы, а пытанне іх знаходжання ў ІЧУ на працягу амаль дзвюх сутак заставалася без вырашэння.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае жанчынам адстойваць свае правы на міжнародным узроўні, падкрэсліў, што супрацоўнікі міліцыі відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, змясціўшы жанчын да суда ў ІЧУ. Тут відавочнае парушэнне права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.

– Агульным правілам з'яўляецца знаходжанне чалавека да суда на волі. Пасля высвятлення асобы міліцыя пераканалася, што актывісткі маюць пастаяннае месца жыхарства, з'яўляюцца пенсіянеркамі, навошта, калі толькі не дзеля прыніжэння, трэба было іх трымаць у ізалятары? Гэтую заганную практыку, калі актывістаў затрымліваюць па падазрэнні, напрыклад, у пятніцу і да панядзелка да суду утрымліваюць у ІЧУ, а суд пасля дае штраф, трэба мяняць. Акрамя таго, у скаргах у КПЧ ААН мы паставілі пытанні аб парушэнні правоў жанчын на мірны сход і як следства на выказванне меркавання, – дадаў Судаленка.

Па словах эксперта, пасля рэгістрацыі скаргі ў КПЧ ААН пачынаецца камунікацыя з урадам, якому прадстаўляецца паўгода (180 дзён), каб пракаментаваць яе па сутнасці прэтэнзій. Урадавы каментар высылаецца аўтару скаргі для адказу, пасля чаго справа лічыцца гатовай да разгляду.

Зараз тэрмін разгляду скаргаў складае ад двух да чатырох гадоў. У выпадку ўстанаўлення парушэнняў Камітэт ААН па правах чалавека рэкамендуе ўраду пакрыць ахвярам парушэнняў панесеныя па справе выдаткі і справядлівую кампенсацыю. Таксама ўраду рэкамендуецца змяніць як сам нацыянальны закон, які прывёў да парушэння, так і практыку яго прымянення, каб у далейшым падобныя парушэнні не паўтараліся. Урад абавязаны апублікаваць у афіцыйных СМІ прынятае па справе рашэнне і на працягу 180 дзён паведаміць у КПЧ ААН аб прынятых мерах.

Варта адзначыць, што ў 2016 годзе беларускі ўрад прыняў нацыянальны план па правах чалавека, адным з пунктаў якога з'яўляецца аналіз прэтэнзій беларускіх грамадзян, адрасаваных у КПЧ ААН. Як праводзіцца дадзены аналіз і як урад вывучае прэтэнзіі сваіх грамадзян на міжнародным узроўні грамадскасці не вядома. Вядома, што ўрад ўпарта адмаўляецца выконваць рашэнні, якія прымаюцца ў Жэневе на карысць беларускіх грамадзян, называючы іх «рэкамендацыямі».

Па словах Леаніда Судаленкі, сёння ў КПЧ ААН зарэгістравана 281 скарга з Беларусі, палова з якіх ужо разгледжаная і адпраўленая ў Менск для выканання.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.