A+ A A-


Гомельскія актывісты АГП абскардзілі буйныя штрафы

Оцените материал
(8 голосов)

13 ліпеня гомельскія актывісты АГП Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі, а таксама журналістка Ларыса Шчыракова накіравалі касацыйныя скаргі ў абласны суд.


Яны аспрэчваюць пастановы раённых судоў, якія пакаралі іх вялікімі штрафамі за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат», паведамляе «Гомельская вясна».

18 студзеня суддзя Руслан Царук у Светлагорску прызнаў Андрэя Толчына вінаватым у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» і аштрафаваў на 1 225 рублёў (50 базавых адзінак). 7 ліпеня суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Віталь Каўбеня аштрафаваў яго на 980 рублёў (40 базавых адзінак).

Журналістку Ларысу Шчыракову сёлета двойчы судзілі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». 28 траўня суддзя ў Калінкавічах Святлана Кугейка і 6 ліпеня суддзя ў Рэчыцы Святлана Пырх «адмяраць» ёй па 40 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу.

11 ліпеня суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксей Піскуноў прызнаў Кастуся Жукоўскага вінаватым у «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» і аштрафаваў на 735 рублёў (30 базавых адзінак). Суддзя не задаволіў хадайніцтва Жукоўскага, каб яго інтарэсы прадстаўляў юрыст БАЖ Леанід Судаленка. У гэтым годзе Кастуся Жукоўскага ўжо сёмым разам пакаралі штрафам за супрацоўніцтва з «Белсатам» на агульную суму 6 517 рублёў (266 базавых адзінак).

У скаргах у вышэйстаячы суд журналісты просяць скасаваць пастановы раённых судоў і спыніць адміністрацыйныя справы.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў у рэгіёне, сябра Нацкаму АГП Леанід Судаленка, які дапамагае журналістам абскардзіць вялікія штрафы, заяўляе, што ў гэтых справах галоўнае разумець - спробы дзяржавы падзяліць інфармацыю на «законную» і «незаконную» - неправамерныя:

«Сёння Камітэт правоў чалавека ААН разглядае тры скаргі Кастуся Жукоўскага і дзве Ларысы Шчыраковай аб парушэнні ўрадам Беларусі іх правоў на пошук, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі. Цяпер вядзём камунікацыю з урадам і спадзяемся на міжнародным узроўні данесці да іх наш галоўны пасыл - паняцце «сродкаў масавай інфармацыі» беспаваротна састарэла, а свабода слова гэта тое, на што не трэба пытацца дазволу ў дзяржавы».

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.