Сябра Экспертнага Савета АГП, эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму немэтазгодна было будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю.
Днямі беларускі кіраўнік занепакоена распавёў, што “працуюць сотні навукоўцаў і чыноўнікаў”, а яму “ніхто так і не распавёў, як АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны”.
– Раней улады будавалі грандыёзныя планы ў сувязі з атамнай элктрастанцыяй. Але, відаць, гэта былі агульныя словы, не больш за тое, – адзначыў у каментары Радыё Рацыя Леў Марголін. – Эколагі не так даўно падлічылі, што нават, калі ўсе аўтамабілі перавесці на электрычнасць, то гэта павялічыць спажыванне электраэнергіі ўсяго на 5-10 адсоткаў. Таму зусім верагодна, што Беларуская АЭС можа застацца незапатрабаванай.
Былі вялікія спадзяванні, што электраэнергію кінуцца купляць заходнія краіны-суседзі, але зараз бачна, што тут не ўсё так проста. І ўлада зразумела, што, хутчэй за ўсё, ніякага вялікага экспарту не атрымаецца. Таму зараз і задаюцца пытаннем: як у такім выпадку выкарыстоўваць электраэнергію? І, наколькі я разумею, нейкага вычарпальнага адказу ва ўладаў няма.
– Нават прадпрымальнік з рынка, перш чым купіць тавар, усё пралічвае, а ў гэтым выпадку атрымліваецца, што спачатку вырашылі пабудаваць, а ўжо затым думаць пра разлікі?
– Напэўна, ёсць нейкія разлікі, але яны для таго ж беларускага кіраўніка, не пераканаўчыя. Акрамя таго, трэба разумець розніцу паміж прадпрымальнікам і дзяржавай. Гэта ўжо не першы раз, калі дзяржава выкідвае грошы ў пясок. Успомнім рэканструкцыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, малочна-таварных фермаў, будаўніцтва сумесных заводаў. Большасць гэтых інвестыцый не апраўдалі чаканні, якія на іх ускладаліся.
Дарэчы, незалежным экспертам і шмат якім прадстаўнікам энергетычнага сектара яшчэ раней было вядома, што, калі і будаваць АЭС, то трэба ўсё больш дэталёва пралічваць. Але гэта не было зроблена, бо грошы ж не свае, а дзяржаўныя.
– Атамная станцыя будуецца на расейскі крэдыт…
– Але ж яго дзяржава павінна з часам аддаць. Іншая справа, што ўлады, магчыма, таксама разлічваюць гэты крэдыт нейкім чынам спісаць у межах сяброўскіх стасункаў альбо за кошт пастаўкі электраэнергіі па зніжаных коштах. Хаця, як мне падаецца, аддаваць грошы прыйдзецца, бо і ў Расеі крызіс. А ўвогуле, я лічу, што з эканамічнага гледзішча будаваць у Беларусі АЭС было немэтазгодна.