A+ A A-


ЗША і Куба: нармалізацыя на маршы

Оцените материал
(9 голосов)

17 снежня 2014 года ўпершыню за апошнія паўстагодзьдзі адбылася сустрэча кіраўнікоў ЗША і Кубы.


Калі нечаканасьць можа быць заканамернай і добра падрыхтаванай, дык навіна пра пачатак нармалізацыі адносінаў паміж ЗША і Кубай – як раз з катэгорыі падобных нечаканасьцяў. І яшчэ – гэта тая нечаканасьць, значэньне якой ня трэба перабольшваць. 

Нагадаю, што гэтая драматычная гісторыя пачынаецца 19 кастрычніку 1960 г., калі Злучаныя Штаты забанілі любы экспарт на Кубу (за выняткам лёкаў і прадуктаў харчаваньня). Да такога рашэньня амерыканцаў прывяла палітыка рэвалюцыйнага ўраду, які прыйшоў да ўлады ў студзені 1959 г. Праведзеныя ім экспрапрыяцыі маёмасьці амерыканскіх грамадзянаў прымусілі ЗША абмежаваць квоты на імпарт кубінскага цукру (асноўнага артыкулу кубінскага экспарту), а акрэсьленая арыентацыя новага кубінскага кіраўніцтва на СССР прывяла да ўвядзеньня амаль поўнага эмбарга (ці, па-іншаму, блякады) Кубы.

Яшчэ больш жорсткім эмбарга зрабілася 7 лютага 1962 г., калі прэзідэнт Кэнэдзі забараніў кубінскі імпарт у ЗША. Праўда, перад гэтым ён адправіў свайго сакратара П'ера Сэлінджэра набыць яму на будучыню 1200 кубінскіх цыгараў. Што Сэлінджэр і выканаў. 

Амаль роўна праз год, 8 лютага 1963, былі ўведзенымі забарона на паездкі на Кубу і кантроль па-над кубінскімі актывамі. 

(Гэтыя два акты цікавым чынам перапляліся, зрабіўшы амаль немагчымым легальнае наведваньне Кубы амерыканскімі турыстымі. Забарона на паездкі першапачаткова была ўведзенай тэрмінам на шэсьць месяцаў, і кожны раз яна працягвалася на наступны тэрмін, пакуль у 1977 годзе Джымі Картэр не адмяніў яе. Так што фармальна амерыканцы могуць прыязджаць на Кубу. Але правілы кантролю па-над кубінскімі актывамі забараняюць амерыканцам траціць свае даляры на Кубе без адмысловага дазволу з боку Службы па кантролю па-над замежнымі актывамі. А як бяз гэтага заплаціць абавязковы аэрапортавы збор ці замовіць гатэль? Таму для арганізацыі падарожжаў выкарыстоўваюцца толькі лічаныя турфірмы, якія валодаюць адпаведнае ліцэнзіяй.

Рэжым эмбарга ўзмацняўся і далей, і цяпер ён забараняе ня толькі імпарт і экспарт, але і вядзеньне бізнэсу з Кубай ці на Кубе, дапамогу (у любой форме) кубінскаму ўраду, а таксама забараняе мець стасункі з Кубай тым іншаземным кампаніям, якія супрацоўнічаюць з амерыканскімі фірмамі. 

І вось сёньня амерыканскі прэзідэнт Барак Абама абвесьціў, што санкцыі былі неэфектыўнымі: надышоў час адцурацца ад мінулых канцэпцыяў і будаваць будучыню на прынцыпова новай аснове. 

Ведаем: пытаньне пра эфектыўнасьць-неэфектыўнасьць санкцыяў зараз зьяўляецца падставай для нежартоўных халівараў сярод разнастайных экспертаў, і аўтарытэтная заява самога прэзідэнта Абамы, несумнеўна, узрадуе адзін з бакоў канфлікту.

Сапраўды, пры наяўнасьці эмбарга кубінскі рэжым праіснаваў 54 гады, і працягвае існаваць. Канечне, нельга назваць сітуацыю ў гэты перыяд на Кубе казачнай. Ці, хаця б, спрыяльнай. Той час, калі існаваў СССР і сацыялістычны лягер, кубінскі ўрад атрымліваў значную матэрыяльную дапамогу, ды й меў гарантаваны рынак збыту сваёй прадукцыі. І пры гэтым на Кубе ў 1962 годзе была ўведзенай карткавая сістэма разьмеркаваньня тавараў першае неабходнасьці, якая ў 2012-м адзначыла свой паўстагадовы юбілей. 

Не, канечне, нельга казаць, што гэта – вынік амерыканскіх санкцыяў. Тут трэба мець на ўвазе, што сацыялістычная мадэль эканомікі, якая пануе на Кубе, – гэта ўжо дастатковая санкцыя супраць краіны і яе народу. У нас мала хто ведае, але да рэвалюцыі Куба была адным з эканамічных лідараў у лацінаамерыканскім рэгіёне. Рэвалюцыя ўсё зьмяніла. І перамены гэтыя добра ілюструюцца кубінскім жартам: калі да рэвалюцыі на вальлерах вешалі шыльды: «Карміць жывёлаў забаронена», дык пасьля рэвалюцыі іх замянілі на: «Есьці ежу жывёлаў забаронена». 

Куба ўсё болей пачала нагадваць чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі, якому абавязкова патрэбна падпорка. І калі гэтую падпорку выбіў развал сацлягеру, Куба ўпала. Штогадовыя страты ад развалу СССР для кубінскай эканомікі ацэньваюць у суму ад 4 да 6 млрд даляраў. ВУП у пачатку 90-х упаў на 35%. На карткі можна было набыць вельмі абмежаваны набор і колькасьць прадуктаў. Раз у паўтары месяцы на чалавека можна было набыць тры цыгары і бутэльку рому. У краіне пачаўся голад, і шыльды ў зьвярынцах можна было мяняць на: «Есьці жывёлаў забаронена». Па паведамленьнях відавочцаў, некаторыя жывёлы, сапраўды, зьніклі, а такім неапетытным зьвярам як гіены давялося перакваліфікавацца ў вегетарыянцы. Дайшло да таго, што ў жніўні 1994 году ў Гаване выбухнула стыхійная акцыя пратэсту з патрабаваньнямі свабоды.

Што рабіць, калі эканоміка сыплецца, а дапамогі няма? Адзінае выйсьце – лібералізацыя. Абмежаваная, канечне. Напрыклад, дазволіць разьвівацца турыстычнаму бізнэсу, а таксама легалізаваць даляр. У выніку, не Кубе зьявіліся турыстыя з заходніх краін (пра што пісаў Уэльбек у «Плятформе»), адкрыліся валютныя крамы, дзе тавары прадаваліся толькі за даляры, а доля прыватнага сэктару ў эканоміцы крыху вырасла (да 23%). 

І хто ведае, можа разьвіцьцё сітуацыі пайшло зусім па іншаму сцэнару, каб не Чавес і нафта. 

Чавес, абраны прэзідэнтам Венесуэлы ў 1999 г., не хаваў сваіх сімпатыяў да кубінскага рэжыму. З пачатку 2000-х, калі былі заключанымі пагадненьні паміж кубінскім і венесуэльскім урадамі, Венесуэла, практычна, спансіравала Кубу бязплатные, практычна, нафтай. Канечне, пра лібералізацыю тут жа забыліся. У 2004-м даляр быў зноўку забароненым. Узмацніўся ціск на палітычных апанентаў. Кубінскія адмыслоўцы (у тым ліку, у галінах будаўніцтва, спорту, адукацыі, аховы здароўя, а таксама выведкі і контрвыведкі) у вялікае колькасьці накіраваліся ў Венесуэлу, пераўтварыўшы яе ў самага блізкага партнэра Кубы.

Але, як мы ўжо ведаем, і нафтадаляр жыватворны вечным не бывае. Венесуэла таксама пачала будаваць сацыялістычную мадэль, а гэта да дабру не даводзіць. І без падзеньня коштаў на нафту краіна пачала адчуваць значныя праблемы (у тым ліку, зьнітаваныя з дэфіцытам тавараў першай неабходнасьці), што прывяло да працяглых масавых безпарадкаў на вуліцах венесуэльскіх гарадоў.

У такой сітуацыі практычнаму кубінскаму кіраўніцтву, падаецца, сам Бог загадаў шукаць іншыя варыянты крыніцы эканамічнае падпоркі. І, падаецца, самым лягічным варыянтам зьяўляецца зварот да самай моцнай эканомікі сьвету, якая мала залежыць ад розных там рынкавых кан'юнктураў. 

І ў гэтае лёгіцы, канечне, пасьля сёньняшніх навінаў можна скакаць і пляскаць у далонькі – пачатак аднаўленьня дыпляматычных зносінаў і перспектыва хуткае адмены эмбарга выглядае перадумовай дэмакратызацыі і эканамічнае лібералізацыі. А таксама гэта выбівае з гіпатэтычнага антыамерыканскага і антыліберальнага блёку аднаго з самых аўтарытэтных ягоных чальцоў. 

Можна сабе толькі ўявіць, што на гэты конт думае Мадура – прэзідэнт Венесуэлы! Толькі ўчора ён гнеўна рэагаваў на ўвядзеньне санкцыяў супраць некаторых прадстаўнікоў венесуэльскага кіраўніцтва, а сёньня – такі ўдар ад бліжэйшага хаўрусьніку (нават, настаўніку). 

А сапраўды, як рэагуе на гэтую навіну Мадура? А ён кажа: «Ура! Віншую кубінскі народ зь перамогай!» На што атрымлівае ляканічны комент на адным зь венесуэльскіх сайтаў: «А гэны з кожным днём усё больш вар'яцее». Але наколькі рэакцыю Мадуры можна ацаніць як вар'яцтва? Уга Чавес яшчэ, калі не памыляюся, у 2009-м патрабаваў ад Абамы зьняцьця санкцыяў з Кубы. І вось – трымайце. Мадура, нават, ухваліў Абаму за «адвагу» у прыняцьці такога рашэньня.

Цяпер было б дарэчным паглядзець, а што атрымаў Абама ў абмен на свой шырокі жэст? Па тых актах, якія былі прынятымі ў ЗША ў 90-х, зьняцьцё эмбарга непасрэдна ўвязвалася з пачаткам дэмакратызацыі на Кубе, спыненьнем перасьледу за іншадумства, павагай да правоў чалавеку. Тое, што быў вызваленым амерыканскі грамадзянін, які атрымаў прысуд за шпіянаж, пакуль ня можа быць пасьведчаньнем усталяваньня трывалых трэндаў. Не, канечне, гэта ня можа служыць і доказам іхняй адсутнасьці, але пераканацца ў гэтым можна будзе толькі ў перспектыве. 

За што Абама дае кубінскаму кіраўніцтву такія авансы? Таксама пытаньне неадназначнае. Тут могуць узьнікнуць асацыяцыі з жаданьнем Абамы ўвайсьці ў гісторыю ў якасьці міратворцу (за што яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію, і – таксама авансам). І, канечне, адразу прыгадваецца казус з правальнае «перагрузкай» адносінаў з Масквой, паралелі з чым напрошваюцца і ў дадзеным выпадку.

Але, зь іншага боку, сумесны крок прэзідэнтаў ЗША і Кубы, безумоўна, можа зфармаваць будучыню. Варыянтаў аднавіць рэсурсавую падпітку сацыялістычнае мадэлі-та няма. А адраджэньне кантактаў паміж дзьвюма краінамі паўплывае на фармаваньне новых вобразаў і новых стаўленьняў, у тым ліку, і сярод той кубінскай палітычнай эліты, якая прыйдзе на зьмену цяперашняй. І чаму не – праз непрацяглы час мы, сапраўды, зробімся сьведкамі пераменаў на Востраве Свабоды. 

Які з двух варыянтаў разьвіцьця рэалізуецца, думаю, зробіцца зразумелым цягам бліжэйшага (у гістарычнае перспектыве) часу.

А пакуль, дарэчы, фактычная забарона на турыстычныя паездкі амерыканцаў на Кубу застаецца дзейснай. Але шмат амерыканцаў наведваюць Кубу нелегальна. Кубінцы вітаюць такіх турыстых, і падчас праходжаньня памежнага кантролю ім ня ставяць у іхнія амерыканскія пашпарты штампу пра ўезд у краіну.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.