A+ A A-


Візіт у Пакістан – крок убок ад Расіі?

Оцените материал
(6 голосов)
Яўген Красулін Яўген Красулін

Візіт Лукашэнкі ў Пакістан на мінулым тыдні прыцягнуў да сябе ўвагу з боку беларускіх аналітыкаў, у прыватасці, Андрэй Паротнікаў у сваім дакладзе на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе зрабіў выснову, што такі візіт можа сведцыць пра спробу адыйсці ад адназначнай арыентацыі на Расію. У прыватнасці, у сфэры ракетных тэзналёгіяў.


Судзячы па каментарах, людзі ў нас па-ранейшаму ўспрымаюць Пакістан як краіну, якая не мае сяброўскіх стасункаў з Расіяй, і таму яны бачаць у стасунках з гэтай краінай шанец для Беларусі перайсці да больш незалежная палітыкі. Але некаторыя аспекты прымушаюць сумнявацца ў слушнасці такіх аценак.

Няма пытаньня - супраца Беларусі і Пакістану ў вайсковай справе мае пэўныя перспектывы,пра што казаў той жа Рана Хусайн пад час візіту на MILEX-2014. Ды й зараз ёсьць чаканьні (напрыклад, сустракаў на пакістанскіх форумах (як раз у сувязі з апошнім візітам) меркаваньні пра высокую якасьць беларускіх радараў). Але! Уражаньні, якія могуць узьнікнуць у выніку дакладу, маюць мала шанцаў супасьці з рэчаіснасьцю. Прычым, гэтаму будзе замінаць цэлы комплекс фактараў - эканамічных, палітычных (ды й псіхалягічных).
Па-першае, выклікае сумненьні эканамічная здольнасьць Беларусі пацягнуць тыя праекты, пра якія кажа Андрэй. Разпрацоўка Паланэзаў, як прызнаў Лукашэнка, каштавала нямала. А час яе рэалізацыі прыпаў не на самыя худацкія часы ў беларускай эканоміцы. Цяпер жа спроба зрабіць нешта падобнае непазьбежна выкліча ці поўнае агаленьне нейкіх іншых сфэраў, напрыклад - адукацыю (але тут жа трапляем у пат - без новых высокаадукаваных кадраў аніякай гаворкі пра тэхналягічнае разьвіцьцё і вытворчасьць ісьці ня можа), ці спробу зтварыць нешта добрае і таннае (а тут вынікі ёсьць усім добра вядомымі).

Эканамічна апраўданым гэта было б, каб вытворчасьць беларускіх баявых ракет (любога тыпу) была арыентаванай на экспарт. Але тут мы натыкаемся на такую канкурэнцыю, што шанцаў у нас проста ня будзе. І ў першую чаргу, канечне, расійцы зробяць усё, каб беларусы не выйшлі на сусьветныя рынкі з канкуруючай прадукцыяй. А расійцы, сапраўды, зробяць усё, бо самі трапляюць у дрэнную сітуацыю з моцна адрознай ад нулю адсоткаў верагоднасьцю згубіць індыйскі рынак.
Можна паспрабаваць выйсьці на "нетрадыцыйныя" рынкі, кшталту мала адэкватных краін, але, думаю, страты пры гэтым перакрэсьляць любы прыбытак. Гандль зброяй, увогуле, справа тонкая, і тыя ж Турцыя з Пакістанам дагэтуль ня могуць набыць даволі эфектыўныя кітайскія супрацьпаветраныя комплексы FT-2000 (экспартны варыянт HQ-9), бо гэтага не жадаюць, напрыклад, Злучаныя Штаты. Ды й тое: ня думаю, што нават пры звышмабілізацыі магчымасьцяў Беларусь здолее вырабляць дастатковую колькасьць узбраеньняў, каб даць адчувальны штуршок эканоміцы.

Па-другое, не зусім зразумелым застаецца, чаму Беларусь у пытаньнях ракетных тэхналёгіяў мусіць супрацоўнічаць менавіта з Пакістанам. Зараз Пакістан у сфэры вайсковых тэхналёгіяў актыўна супрацоўнічае з КНР. Прычым, ён зьяўляецца пераважна спажыўцом кітайскіх тэхналёгіяў. Тая самая крылатая ракета "Бабур" (Hatf VII), канечне, мае падабенства з "Тамагаўкам", але ня менш падабенства яна мае з Х-55 (AS-15 Kent) - "вырабам-120" МКБ "Радуга", якое ў свой час было перададзеным КНР. У сфэры сістэмаў залпавага агню Пакістан даўно карыстаецца кітайскай разпрацоўкай А-100, нават казаў пра арганізацыю ўласнай вытворчасьці. Канечне, А-100 (кітайская перапеўка "Сьмерчу") саступае па шэрагу паказальнікаў "Паланэзу", але, зноў, колькі "Паланэзаў" можа прапанаваць Пакістану Беларусь? Мо, Пакістану было б прасьцей зкааперавацца з куды больш моцным у эканамічным пляне Кітаем, не без удзелу якога ўзьнік і "Паланэз".

Па-трэцяе. Што тычыцца матывацыі "умацаваньня незалежнасьці" праз супрацу з Пакістанам у вайсковай сфэры. Тут узьнікае столькі пытаньняў, што іх нават структураваць няпроста. Перш за ўсё, выклікае сумненьне ў сапраўдным жаданьні дыстанцыявацца ад Расіі. Тым, хто з гэтым ня згодны, раю пачытаць артыкул Владислава Дорофеева "Батька в собственном соку" ("КоммерсантЪ", № 39 (245), 28.10.1997. Сс. 8-11). Гаворка там ідзе пра "антырасійскую" рыторыку Лукашэнкі і пра тое, чаму кіраўніцтва РФ сьцерпіць ад яго любыя антырасійскія выказваньні. Дзеля таго, каб гэты артыкул апісваў сучасны стан адносінаў паміж беларускім кіраўніком і Расіяй, дастатковым ёсьць замяніць дату публікацыі з "1997" на "2016". Каго і гэта не пераканае, паразважайце, навошта Беларусі АЭС, якая, па той жа рыторыцы, мусіць даць нашай краіне "энэргетычную незалежнасьць" ад Расіі.

Потым, ракеты - гэта высокатэхналягічныя жалезкі, якія самі па сабе анічога не рашаюць. За іх вырашае чалавек. І існуе куды большая верагоднасьць, што тыя, хто будзе вызначаць мэты для беларускіх ракетаў, будуць іх вызначаць на тэрыторыях, што ляжаць на захад ад Берасьця, а не на ўсход ад Воршы. І сумняваюся, што такі выбар мэтаў будзе адпавядаць хоць у нейкай ступені беларускім нацыянальным інтарэсам. Такім чынам, наяўнасьць прасунутых тэхналёгіяў - зусім не гарантыя незалежнасьці.

Зь іншага боку, Пакістан у бягучы час не зьяўляецца той дзяржавай, адносіны зь якой могуць хаця б сымбалізаваць спробы Беларусі аддаліцца ад Расіі. Так, за часам Халоднай Вайны Пакістан займаў варожыя пазіцыі ў дачыненьні да СССР, у той час як Індыя - вораг Пакістану - мела з СССР вельмі сяброўскія стасункі. Але цяпер сітуацыя зьмянілася. Пакістан усё больш умацоўвае свае стасункі з Кітаем, зь якім ён мае ня толькі супрацу ў вайсковай сфэры, але й вельмі прыбытковы ў перспектыве транспартны праект "Кітайска-Пакістанскі эканамічны калідор" - адгалінаваньне гіганцкага праекту "Адзін Пояс, Адзін Шлях". Гэты праект, у сваю чаргу, можа выступіць канкурэнтам іншага праекту - "Поўнач-Поўдзень" - транспартнага калідору, які мае зьнітаваць басейн Індыйскага акіяну (праз Індыю, але ў абыход Пакістану) цэраз Іран, Азербайджан і Расію з Заходняй Эўропай.

І што цікава - Расія ўсё часьцей дэманструе прыязнасьць менавіта пакістана-кітайскаму альлянсу, чым свайму традыцыйнаму сябру - Індыі. Пацьверджаньнем таму можа служыць, напрыклад, зусім нядаўні выпадак, калі афіцыйная Масква адцуралася ад заявы Расійскага амбасадара ў Індыі Аляксандар Кадакіна, які абвінаваціў Пакістан у падтрымцы тэрарызму і выказаў адназначную падтрымку дзеяньням Індыі на тэрыторыі Джаму і Кашміру. Акрамя таго, як раз сёньня, 10 кастрычніка, завяршыліся першыя ў гісторыі суместныя Расійска-пакістанскія вайсковыя шкаленьні з характэрнай для такіх мерапрыемстваў назвай "Druzbah". Шкаленьні праходзілі на тэрыторыі Пакістану і, наколькі ведаю, мелі ў сваёй праграме "арганізацыю дыверсій". Падобная тактыка ёсьць не зусім эфектыўнай супраць тэратрыстычных групаў. А вось супраць дзяржаваў яна можа пасьпяхова выкарыстоўвацца. Праўда, такі пункт у шкаленьнях можа быць апраўданым, напрыклад, наяўнасьцю гэтак званай "Ісламскай Дзяржавы", але тут, як разумееце, апраўданьне асаблівай ролі ня грае. Затое, пагадзіцеся, вельмі сымбалічным выглядае супадзеньне па часе гэтых шкаленьняў з візітам Лукашэнкі "у пошуках шляхоў да незалежнасьці".

На мой погляд, візіт у Пакістан для кіраўніцтва Беларусі меў мэтай, па-першае, замацаваць сувязі з Пакістанам, які за апошнім часам мае ўсё больш шчыльныя сувязі з нашымі асноўнымі стратэгічнымі партнэрамі - Расіяй і КНР, а па-другое - атрымаць хоць нейкую кроплю прыбытку праз магчымыя праекты, у тым ліку - у вайсковай сфэры. Для Пакістану гэта - таксама магчымасьць прыбытку (міністэрства абароннай прамысловасьці Пакістану ня толькі набывае, але й прадае, а з грашыма ў Пакістану не на шмат лепей за Беларусь) і дадатковы фактар недапушчэньня ізаляцыі, у якой Індыя хацела б яго пабачыць. Плюс разьвіцьцё сувязяў з краінай, якая ёсьць стратэгічным саюзьнікам новых саюзьнікаў Пакістану - Кітаю і Расіі.

Нажаль, ні значных палітычных, ні эканамічных вынікаў ад гэтага візіту чакаць не выпадае. Ракетныя тэхналёгіі ня стануць тут нейкім стымулам ні для першага, ні для другога. Шанец зьявіцца толькі тады, калі ў нашай краіне будуць утворанымі ўмовы, неабходныя для разьвіцьця прыватнага бізнэсу: радыкальнае зкарачэньне функцыяў дзяржавы ў эканоміцы, абарона прыватнай маёмасьці, незалежная судовая сістэма, выбарнасьць улады на свабодных справядлівых выбарах. Карацей, усё тое, што навявае нуду на журналістых. Дарэчы, прагнозы наконт перспектываў Пакістану ў процістаяньні зь Індыяй часьцяком носяць песымістычны характар менавіта з гэтай падставы - у эканамічным пляне Індыя выглядае куды мацней.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.