A+ A A-


Шыіцкія «Дзяды»

Оцените материал
(8 голосов)

На дзясяты дзень месяцу мухарам (яшчэ гэты дзень завецца «ашура», і прыпаў ён у гэтым годзе на 3 лістападу) мусульмане-шыіты адзначаюць самае сумнае сьвята ісламскага календару.

У гэты дзень не гучыць музыка. У гэты дзень не праводзяць забаўляльных мерапрыемстваў. Гэта – дзень смутку па таму, хто зышоў, дзень разважаньняў і самааналізу. Гэта – дзень, калі шануюць памяць імаму Хусэйну, унуку Прароку (мір яму!), які быў дабром, і які загінуў у барацьбе з злом. Удзельнікі працэсіяў у памяць Хусейну ў знак пакаяньня і жалобы бьюць сабе кулакамі і камянямі ў грудзі, а ў тых краінах, дзе гэта дазволена, лупцуюць сябе бізунамі з ланцугоў, у якія ўплецены вострыя лёзы. Яны крычаць: «Шах Хусайн, вах, Хусайн!», што значыць «Цар Хусэйн, ах, Хусэйн!», і плачуць, плачуць... І кожная сьляза, якая ёсьць пралітай у памяць Хусэйну, змывае сто грахоў...

А пачалося ўсё з палітыкі... Дакладней, з улады і барацьбы за яе, у якой прымалі ўдзел самыя розныя людзі, але іхнія ўчынкі, так ці іначай, вялі да трагічных падзеяў у Кербелы, што адбыліся там у 10 дзень месяцу мухарам 61-га году хіджры.

Сьмерць Прароку ў чэрвені 632 г. паставіла перад мусульманамі нечаканае пытаньне, па-над якім раней ніхто не задумваўся: а хто цяпер будзе стаяць на чале ісламскае грамады (ці, як яе яшчэ клічуць, умы)? Прарок не пакінуў пераемніку, і не патлумачыў, што трэба рабіць у такім выпадку. Тады ума вырашыла: трэба зь ліку бліжэйшых паплечнікаў Мухамеду абраць ягонага намесьніка (што па-арабску гучыць як «халіф»). Тут жа была праведзенай кароткая элекцыйная кампанія. Усё было вельмі дэмакратычна: на пасаду халіфу прэтэндавала некалькі чалавек, у тым ліку – Алі ібн Абу-Таліб, стрыечны брат Прароку і адзін з чатырох першых мусульманаў, які, у тым ліку, быў жанаты на дачцэ Мухамеду, Фаціме, і быў бацькам улюбёных унукаў Прароку: Хасану і Хусэйну.

Але выбар грамады паў на іншага прэтэндэнту – Абу-Бакару, які прыняў іслам не нашмат пазжэй за Алі, і таксама меў сямейныя сувязі з Прарокам: ягоная дачка Аіша была ўлюбёнай жонкай Мухамеду.

Праз два гады Абу-Бакар памёр. Зноў адбыліся выбары. Зноў Алі выставіў сваю кандыдатуру. І зноў прайграў. Умару ібн аль-Хатабу. Той, хоць і зрабіўся мусульманінам не адразу (зпачатку ён, падобна Саўлу, падвяргаў пасьлядоўнікаў Прароку перасьледу), аднача потым пераўтварыўся ў аднаго з самых надзейных паплечнікаў Мухамеду. І, як і Аба-Бакар, выдаў за яго адну з сваіх дачок.

У 644 годзе Умар загінуў. Зноў выбары (праўда, кола выбарцаў было ўжо вельмі абмежаваным). Зноў Алі. І зноў прайграў. Цяпер халіфам абралі Усмана ібн Афана. Хоць галасы выбарцаў падзяліліся пароўну паміж Алі і Усманам, аднача выбар паў на апошняга, бо абодвум ім задалі пытаньне: «Клянешся ты прытрымлівацца кнігі Алаху і звычаю Прароку і дзеям Абу-Бакару і Умару?» І Алі адказаў на яго: «О Божа! Не, клянуся толькі намагацца рабіць гэта па меры сілаў». Усман жа адказаў на яго адназначна: «Так!»

За той час, які прайшоў ад сьмерці Прароку да абраньня халіфам Усмана, сам халіфат моцна зьмяніўся. Ягоныя межы пашырыліся ад усходніх абласьцёў Ірану да краін Магрыбу (Паўночная Афрыка). Цяпер кіраваць гэтае тэрыторыяй з сталіцы – Мядзіны – было немагчымым. Даводзілася прызначаць у аддаленыя рэгіёны намесьнікаў, у разпараджэньні якіх былі ўзброеныя сілы халіфату. І Усман меў благую звычку прызначаць на гэтыя пасады сваіх крэўных з роду Умаядаў. А яны, у сваю чаргу, пачалі даволі вольна разпараджацца землямі, якія Аллах сваёй літасьцю перадаў у валоданьне ўсім мусульманам. Пачалі ўзьнікаць агмені незадаволенасьці. У выніку, у 656 годзе група змоўшчыкаў забіла Усмана.

Вось цяпер надышоў час Алі. Яго, нарэшце, абралі халіфам. Што, праўда, тут жа выклікала незадаволенасьць, асабліва сярод тых намесьнікаў, якія былі прызначанымі Усманам. Цэнтрам супраціву зрабіўся Дамаск, дзе сядзеў намесьнікам Муавія – пляменьнік Усману і сын Абу-Суфьяну, які быў, у свой час, самым зацятым ворагам Мухамеду. Муавія, па агульным прызнаньні сучасьнікаў, быў горш і за Абу-Бакару, і за Усману, і за Умару, і за Алі. Але ён, у адрозьненьне ад іх усіх, умеў быць палітыкам і кіраўніком. І, як сапраўдны палітык, спрытна жангліраваў словамі і мог выкруціцца зь любой сітуацыі.

Алі сабраў войскі ў Арабіі і пайшоў на Муавію. Той, у сваю чаргу, выступіў насустрач халіфу на чале з атрадамі сірыйцаў. Так пачалася першая фітна – першая грамадзянская вайна паміж мусульманамі.

Дзьве арміі сустрэліся ў 657 г. у Сірыі, ля Сіфіну, на ўзьбярэжжы Эўфрату. Усе чакалі вырашальнае бітвы, але процістаяньне відавочна зацягнулася. Два месяцы прайшлі ў дробных сутычках. Пакуль, нарэшце, ворагі не зышліся ў вырашальнай бітве.

Зыйсьціся-та яны зышліся, але вось разысьціся ў іх усё неяк не атрымлівалася. Былі і слаўныя двубоі, і адважныя прарывы да варожых намётаў, і гумарыстычныя падзеньні з коней з задзіраньнем вопраткі і публічнай дэманстрацыяй геніталіяў. А вось завяршэньня ўсё не было.

Так доўжылася дзевяць дзен. Нарэшце, сірыйцы адчулі, што пачынаюць слабець. Бяда – фітна магла зкончыцца для Муавіі і ўмаядаў трагічна. Але Муавія быў бы не Муавіяй, каб не знайшоў выйсьця. Тым болей, што ў яго быў таленавіты дарадца, такі ж палітык, як і ён сам – Амр бін ал-Ас. Саступаеш сумленнаму ворагу? - разважалі яны. - Дык прапануй яму перамовы! Толькі так прапануй, каб ён, са сваім сумленьнем, адчуў сябе ня ў праве ад гэтых перамоваў адмовіцца.

Зказана – зроблена. У разпал бойкі ваяры Муавіі раптам разгарнулі перад сабой зкруткі Карану, што было знакам прапановы мірнага рашэньня канфлікту. Ваяры Алі, якім таксама надакучыла шаблямі махаць, апусьцілі зброю. Бойка спынілася.

Далей – справа тэхнікі. Муавія навязаў Алі працэдуру вырашэньня пытаньня, хто ж зь іх будзе халіфам. Кожны з бакоў абіраў аднаго судзьдзю, і потым гэтыя два чалавекі і вырашалі лёс улады. Ад Алі быў дэлегаваным аўтарытэтны чалавек, якога клікалі Абу Муса. Муавію прадстаўляў Амр бін ал-Ас. На сустрэчы яны, па прапанове Амру, дамовіліся, што ні Алі, ні Муавія, ня будуць халіфам. І калі яны агалошвалі сваё рашэньне, Абу Муса зьняў з рукі пярсьцёнак і казаў: «Як я здымаю яго, так Алі ня быць халіфам». Амр, у сваю чаргу, хуценька начапіў пярсьцёнак на свой палец і казаў: «Як я начапіў гэты пярсьцёнак, так Муавіі быць халіфам».

Гэтае чарговае адкрыцьцё сьвету «дылемы зьняволенага» з тэорыі гульняў павергла ўсіх прысутных у шок. Працэдура абраньня ісламскага «адзінага» была сарванай. А галоўным яе вынікам было тое, што ад прыхільнікаў Алі адкалолася частка незадаволеных тым, што пытаньне пра ўладу было адданым на вырашэньне людзей, а не Алаху (то бок, праз трацейскі суд, а не праз бойку). Яны атрымалі назву «харыджыты» - «раскольнікі».

Празь некалькі год менавіта яны – харыджыты – вырашылі далейшы лёс халіфату. У 661 г. яны прыйшлі да высновы, што ўсе праблемы ўмы – у трох людзях: Алі, Муавіі і Амры. І яны накіравалі да іх групы забойцаў.

Амра забойца не пазнаў, і забіў замест яго іншага чалавека. Муавію выратавала літасьць боская ды тлусты азадак: забойца падкраўся да яго пад час малітвы, і нанёс удар у той момант, калі Муавія рабіў паклон. Шабля нанесла балючую, але зусім не сьмяротную рану.

Не пашчасьціла толькі Алі. Ён атрымаў удар шабляй па галаве і сканаў праз тры дні пасьля гэтага ў страшных пакутах. Перад сьмерцю ён перадаў халіфскую ўладу свайму старэйшаму сыну ад шлюбу з Фацімай – Хасану.

Не праблема – казаў Муавія. Па лягеньдзе, ён напісаў тэкст дамовы, згодна зь якой Хасан за пэўную суму грошай адмаўляецца ад улады на карысьць Муавіі. Суму, быццам бы, мусіў упісаць у тэкст сам Хасан. Так ці іначай, Хасан, сапраўды, адмовіўся ад улады. Брат Хасану, Хусэйн, таксама прынёс прысягу Муавіі як правадыру прававерных, паколькі не лічыў правільным спрачацца з выбарам брату. Такім чынам, у халіфаце пачала кіраваць дынастыя Умаядаў.

Больш позьнія крыніцы апісваюць Умаядаў як людзей, вельмі далёкіх ад сапраўднае веры і сапраўднага ісламу. Алкаголь, распуста, зьняважлівае стаўленьне да іншых, нават тых, хто быў бліжэйшым паплечнікам Прароку. І было цалкам натуральным тое, што пасьля сьмерці Муавіі і прыходу да ўлады ягонага сыну Язіду, Хусэйн катэгарычна адмовіўся прынасіць яму такую ж прысягу, якую ён прынёс раней Муавіі. Больш за тое, ён сабраў атрад і павёў яго на сталіцу Умаядаў – горад Дамаск.

Гэта быў, безумоўна, сумленны і адважны крок. І зусім безнадзейны. Бо атрад ягоны налічваў каля сотні чалавек. І гэта – з улікам жанчынаў і дзяцей, якія ішлі разам з ваярамі (там быў і маленькі сын Хусэйну, якому споўнілася ўсяго толькі некалькі месяцаў). Процістаяла ім умаядзкае войска, якое налічвала, па самых сьціплых падліках, каля 5 тысячаў чалавек (некаторыя ўвогуле называюць лічбу ў 100 тысячаў).

Ворагі зноў сустрэліся на берагох Эўфрату, непадалёк ад ірацкага гораду Кербела. Атрадзік Хусэйну адразу быў адціснутым ад вады, і ўсе ягоныя чальцы пакутавалі ад страшэннае смагі. Адзін за даным ваяры Хусэйну выходзілі на безнадзейную бойку з праціўнікам, і адзін за адным гінулі ў гэтае бойцы. Апошнім застаўся Хусэйн. Ён, усё ж, быў унукам Прароку, і якімі б цынічнымі не былі ваяры ўмаядзкага войску, ніхто зь іх не адважваўся нанесьці яму сьмяротны ўдар. Яны ўжо разстралялі з лукаў маленькага сына Хусэйну, але да яго самога не набліжаліся. Некаторы час ён так і сядзеў побач з сваім намётам – у шчыльным колцы ворагаў і з цельцам сыну на руках.

Нарэшце, было прынятым рашэньне, што ўсе нападуць на Хусэйна адначасова, і, такім чынам, раздзеляць адказнасьць перад Прарокам і Алахам за гэтае злачынства. Так і зрабілі. Хусэйн атрымаў некалькі дзясяткаў удараў, пакуль яму не адсеклі галаву.

Потым адсечаную галаву Хусэйну даставілі Язіду. Той глядзеў на яе, і тыкаў у яе зубы сваім кійком. Адзін з старых паплечнікаў Мухамеду, які дажыў да тых дзён, казаў: «Прыбяры свой кіёк ад гэтых зубоў! Я бачыў, як гэтыя вусны цалаваў пасланьнік Алаху...!» На што Язід адказаў вельмі рэзка і груба. Стары зышоў з словамі: «Раб даў уладу рабу і зрабіў яе спадчыннай, а вы, арабы, пасьля гэтага дню – рабы».

Цела Хусэйну знайшлі, абмылі і пахавалі ў Кербеле. Зь цягам часу тыя, хто лічыў, што ўлада ў ісламскім сьвеце мусіць належыць нашчадкам дому Прароку, пачалі звацца шыітамі. Гісторыя процістаяньня шыітаў і іхніх спураціўнікаў – сунітаў, налічвае шмат крывавых эпізодаў. У тым ліку і цяпер, пад час ашуры, прадстаўнікі сыніцкіх радыкальных груповак ладзяць напады на шыіцкія працэсіі, у тым ліку – і атакі тэрарыстых-сьмяротнікаў.

А шыіты ідуць, і бьюць сабе ў грудзі, і крычаць: «Шах Хусайн, вах, Хусайн», і плачуць, плачуць няўцешна...

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.