A+ A A-


Сацыялізм у Венесуэле: прадказальныя праблемы

Оцените материал
(14 голосов)

Левы папулізм, кантроль цэнаў, удушэньне бізнесу непазбежна вядуць да краху эканомікі, падзеньня міжнароднага прэстыжу. Добра, калі не да грамадзянскай вайны. 


Некаторы ажыятаж выклікала сёньня навіна пра абмежаваньне для адной асобы закупаў у прадуктовых крамах двумя разамі на тыдзень. У Венесуэле, канечне. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра сеціва крамаў Місіі Мэркаль - інстытуцыі, зтворанае ў 2003 г. адмыслова для забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня першае неабходнасьці найменей сацыяльна абароненых слаёў насельніцтва. Месьцяцца гэтыя крамы ў бедных раёнах і мусяць прапаноўваць тавары з зьніжкамі да 50%.

Як і іншыя падобныя праекты (і досьвед Балівіі сярэдзіны 50-х гг. ХХ ст. ёсьць таму пацьверджаньнем), гэтыя крамы амаль ад самога пачатку зьяўляюцца мёртванароджаннымі. Пустыя паліцы - іхні звычайны лёс (чаму - здагатайцеся самі). Таму абмежаваньне паходаў на экскурсію ў СССР (Сьветлую Сацыяльную Справядлівасьць Рэвалюцыі) двумя разамі на тыдзень венесуэльцаў мала турбуе. Таму, у адрозьненьне ад беларускіх, венесуэльскія СМІ амаль не надалі ўвагі гэтае падзеі.

Значна большую заклапочанасьць венесуэльскія СМІ праяўляюць з той нагоды, што пры наведваньні тых крамаў, якія не для жабракоў, грамадзяне пры запыце таго ці іншага тавару атрымліваюць стандартны адказ: «Разпрададзена». Яны маюць поўную свабоду кожны дзень захадзіць у любыя крамы – садавіны і гародніны, зеляніны, мяса, кулінарыі, аптэкі, кнігарні – і чуць стандартны адказ: «Разпрададзена». Можна і не захадзіць у крамы, каб даведацца, ці ёсьць у ёй нешта вартае ўвагі. Бо наяўнасьць неразпрададзенага тавару ёсьць бачнай здалёк. І нават уначы. Ну, хто жыў ва ўмовах СССР, той ведае.

І ў гэтым таксама няма асаблівае навіны, якая магла б прыцягнуць нейкую ўвагу. Бо дэфіцыт – нармалёвы вынік удушэньня бізнэсу (у першую чаргу – малога і сярэдняга) і рэгуляваньня цэнаў з боку дзяржавы. Дарэчы, з цэнамі ў Венесуэле – той яшчэ анегдот. Нармалёвых (рынкавых) цэнаў даўно ніхто ня бачыў, інфляцыя на канец мінулага году (толькі па афіцыйных дадзеных) – 60%. Як у такіх умовах прадаўцы будуць усталёўваць цэны на неабходныя венесуэльцам прадукты ў выпадку (ну, дапусьцім такі выпадак) лібералізацыі цэнаў? Думаю, курыца па 1000 даляраў будзе ў Каракасе такой жа звычайнай зьявай, як і ў Маскве пачатку 90-х (як у тым анегдоце).

А ўдушэньне бізнэсу і рэгуляваньне цэнаў – гэта нармалёвыя элементы спробаў пабудовы ўтопіі пад назвай «сацыялізм». Вынікамі ж для венесуэльскага грамадзтва зьяўляюцца роспач і дэпрэсія. Што, праўда, не ратуе ад стыхійных акцыяў пратэсту, якія праходзяць перад пустымі крамамі. І не выратуе ад больш маштабных праяваў незадаволенасьці. Ад іх, канечне, маглі б выратаваць свабодныя і справядлівыя выбары, на чым настойваюць прадстаўнікі венесуэльскае апазіцыі (яны – хто б мог падумаць! - нават пачалі зьбіраць подпісы за адстаўку прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадуры). Але, як паказаў мінулы год, пакуль рэжым гатовы да сілавога процістаяньня з пратэстоўцамі.

Ці надоўга яму хопіць рэсурсу на працяг падобнага курсу – невядома. Можа, на пару-тройку месяцаў. Прынамсі, Карляс Асорыё, венесуэльскі віцэ-прэзідэнт па пытаньнях харчовае бясьпекі і суверэнітэту, абвясьціў учора, што «у Венесуэле яшчэ багата ўсяго, дзеля таго каб задавольваць патрэбы венесуэльцаў у студзені-красавіку». Рэзоннае пытаньне ўзнікае: калі цяпер – багата, дык што будзе, калі зробіцца «небагата». Чакаць засталося тры з паловай месяцы.

А што робіць у гэты час Мадура – ну, каб вырашыць праблемную і патэнцыйна вельмі небясьпечную сітуацыю? А што, ніхто не здагадаўся? Сапраўды, ніхто? Інструментарыюм-та тут вельмі абмежаваны.

Па-першае, трэба абвясьціць пра прыняцьце новае праграмы, пажадана – доўгатэрміновае (Зроблена: 30 сьнежню мінулага году Мадура абвясьціў пра «Праграму аднаўленьня эканомікі», разьлічаную на тры этапы – у шэсьць месяцаў, два і чатыры гады адпаведна. Плянуецца, у тым ліку, падвысіць інвестыцыі ў вытворчасьць і сацыяльную сфэру, а таксама стварыць свабодныя эканамічныя зоны і «новую мадэль стварэньня багацьця»).

Па-другое – стварыць новыя дзяржаўныя органы ціску на эканоміку (Зроблена: абвешчана пра стварэньне «Вышэйшага камандаваньня аднаўленьня эканомікі», куды ўвойдуць міністар эканомікі, фінансаў і банкаўскае сістэмы, глава аб'яднаньня па вытворчасьці аграпрадукцыі, глава аб'яднаньня па зьнешнім гандлі, глава аб'яднаньня эканамічнае інфармацыі ды іншыя чыноўнікі, у тым ліку – глава аб'яднаньня «альтэрнатыўнай сацыяльнай і камунальнай эканомікі». На чале ўсёй установы – сам Мадура. Таксама ўтвораным быў шэраг кантралюючых органаў, у тым ліку: Нацыянальны Цэнтар па харчоваму балянсу (Cenbal) і Агульная сістэма маніторынгу забесьпячэньня (Sica) з мэтай нагляду і кантролю ў сфэры вытворчасьці і размеркаваньня прадуктаў харчаваньня і прамысловых тавараў).

Па-трэцяе – прызначыць новых чыноўнікаў (Зроблена: напрыклад, Нацыянальны Цэнтар зьнешняга гандлю атрымаў новую раду дырэктароў).

Па-чацьёртае – зрабіць нешта такое, што заінтрыгуе журналістых (а калі пашчасьціць – і грамадзкасьць) сваёй непаразумеласьцю (Зроблена: у выпуску Official Gazette № 40,571 было абвешчана, што Пагадненьне па Абмену № 32 будзе надрукаваным у спецыяльным выпуску Official Gazette № 6,167).

І ўсё гэта – дзеля паскарэньня пераходу эканомікі да сацыялізму, як абвясьціў сам Мадура на сваёй прэсавай канфэрэнцыі 30 сьнежню.

Пры поглядзе на гэтыя пляны, усім людзям добрай волі робіцца зразумелым, што для «аднаўленьня эканомікі» ёсьць неабходнай добрая сума грошай. Ну, хаця б каб «інвеставаць у вытворчасьць і сацыяльную сфэру». А зыходзячы з таго, што формулу сацыялізму можна прадставіць як «улада алігархіі (у перашпачатковым сэньсе гэтага слова) мінус магчымасьць для людзей працаваць і зарабляць», дык крыніцай грошай могуць быць: а) прыродныя рэсурсы; б) зьнешнія запазычаньні.

З пунктам «а)» усё зразумела. Арганізацыя дзяржаўнага менеджменту і раздутыя штаты нафтаздабываючае кампаніі PDVSA прывялі да падзеньня прыбытковасьці нафтаздобычы яшчэ ў той час, калі кошты на нафту трымаліся вышэй за лічбу «100». Цяпер – усё шчэ больш драматычна. Дзеля захаваньня хоць нейкага спадзяваньня на плягчэньне ў будучыні, Мадура на гэтым тыдні прадпрыняў турнэ па шэрагу нафтаздабываючых краін: Ірану, Саўдаўскае Арабіі, Катару і Алжыру. Сёньня турнэ мусіць завяршыцца ў Маскве сумеснае заявай Мадуры і Пуціна. Але, пасьля таго, як у Саўдаўскае Арабіі Мадура на прапанову зкараціць здобычу і ўзьняць кошты атрымаў цьвёрдае «не», сумесная заява прэзідэнтаў дьвюх краінаў, якія больш за іншых ёсьць завязанымі на кошты на нафту, выглядае той яшчэ навінай.

З пунктам «б)» таксама ўсё ня так добра. Разам з высокімі коштамі на нафту мінулі тыя часы, калі Венесуэла была магнітам і аўтарытэтам для шматлікіх краін рэгіёну, і магла карміць іх вуглевадародамі ў рамках арганізацыі «Петракарыбе». Цяпер усё радыкальна зьмянілася. І вось ужо суседняя з Венесуэлай краіна – Гаяна – высоўвае прэтэнзіі на тую частку прыбярэжнага шэльфу, якая, у выпадку задавальненьня гаянскіх патрабаваньняў, можа адрэзаць штат Дэльта Амакура (адзін з найбяднейшых штатаў Венесуэлы) ад простага шляху да Атлянтычнага акіяну (і гэта – акрамя запасаў рыбы і іншых марской жыўнасьці, а таксама значных радовішчаў нафты і газу).

Застаецца адно спадзяваньне. На Кітай. Калі і ён ня дасьць грошай на працяг сацыялістычнага эксперыменту, гісторыя «Сацыялізму ХХІ стагодзьдзя» можа завяршыцца ўжо ў гэтым годзе.

І ў гэтым – галоўны аптымізм. Бо, як сьведчыць гісторыя, галоўнае ў сацыялістычным эксперыменьце – своечасова зь яго саскачыць. Іначай пераход спробаў ажыцьцявіць утопію на практыцы ў хранічную стадыю непазьбежна прывядзе да ўсталяваньня рэпрэсіўнае таталітарнае сістэмы. Пазьбегнуць гэтага сцэнару для Венесуэлы – цалкам магчыма, паколькі там захаваліся выбары. А гэта значыць, што народ мае магчымасьць прагаласаваць за альтэрнатыўную праграму разьвіцьця, і выкруціцца зь сітуацыі, хоць і з стратамі ва ўзроўні жыцьця, але безь вялікае крыві.

У гэтым – таксама ўрок для іншых краін (ну, для тых, якім не пайшлі на карысьць іншыя ўрокі, якія дала гісторыя). Сацыялізм – вельмі затратная цацка, і калі закончыцца рэсурс на ягоную пабудову – толькі пытаньне часу: якой заможнай не была б краіна. А для краін незаможных небясьпечнай ёсьць нават спроба пагуляць у сацыял-дэмакратыю. Лацінаамерыканскія краіны такое праходзілі. З той бездані, куды яны паляцелі ў выніку, іх выцягнулі неаліберальныя рэформы. Тыя самыя, якія прыбралі ўплыў дзяржавы на эканоміку, і дазволілі людзям працаваць і зарабляць. Тыя самыя, якія прывялі да падзеньня ўзроўню жыцьця значных масаў насельніцтва і стварылі, тым самым, глебу для левага папулізму. Якому пачалі спачуваць і інтэлектуалы – бо як жаж! - сацыяльная справядлівасьць мусіць быць! У выніку чаго да ўлады прыйшоў Уга Чавес і пачаў будаваць Сацыялізм ХХІ стагодзьдзя...

Карацей, гісторыя – гэта цікавая цыклічная штука.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.