A+ A A-


Праект стагодзьдзя

Оцените материал
(10 голосов)

За апошнім часам Лацінская Амерыка ўсё часьцей прысутнічае ў медыяпрасторы нашай краіны, што, канечне, нельга не вітаць. Паступова, мы даведваемся, што акрамя Эўропы і Расеі ёсьць і іншыя рэгіёны ў гэтым сьвеце. Але рост згадак лацінаамерыканскіх краінаў у СМІ сьведчыць і пра падвышэньне значнасьці гэтага рэгіёну ў сусьветнае палітыцы і эканоміцы. І гаворка ня толькі пра той эксперымент з пабудовай «Сацыялізму XXI стагодзьдзя, які разгортваецца ў вядомай нам ужо Венесуэле. Канечне, Уга Чавес вярнуў нам гісторыю, але цяпер гэтая гісторыя крочыць за межы ягонае дзяржавы. Падзеі, якія адбываюцца цяпер, можна расцэньваць як пачатак вялікае гульні за Лацінскую Амерыку паміж тымі сіламі, якія прэтэндуюць на ролю сусьветных цэнтраў. Што, як сьедзтва, можа прывесьці да значных зьменаў у міжнародных разкладах, якія закрануць і Беларусь.

Таму, на мой погляд, варта з падвышанае ўвага сачыць за тымі навінамі, якія прыходзяць з Лацінскае Амерыкі. А за апошні час адбылося некалькі вельмі значных падзеяў, здольных паўплываць на разклад сілаў у рэгіёне. І перш за ўсё ўьвяртае на сябе ўвагу тая інфармацыя, якая тычыцца праекту, што па сваіх маштабах і значнасьці можа прэтэндаваць на тытул «праекту стагодздзя». Гаворка ідзе пра пабудову Нікарагуанскага каналу.

Усім вядома, што самы просты і хуткі спосаб патрапіць караблям зь Ціхага акіяну ў Атлянтычны і наадварот – правесьці іх праз Панамскі канал, які быў адмыслова для гэтага пабудаваным на пачатку ХХ ст. Ён і цяпер, як вядома, выконвае свае функцыі. Але за апошнім часам узьніклі значныя праблемы. Перш за ўсё, пытаньне ў прапускной здольнасьці каналу. Тая сістэма шлюзаў, якая існуе на дадзены момант, уводзіць пэўныя абмежаваньні на параметры караблёў, якія могуць карыстацца каналам. Існуе, нават, адмысловае паняцьце – Панамакс, якім пазначаюць максімальныя параметры такіх караблеў. У бягучы момант вядзецца мадэрнізацыя шлюзаў, што павялічыць дапушчальныя параметры («Новы Панамакс»), але ўсё роўна, для пэўных тыпаў кантэйнеравозаў (у тым ліку тыпу Maersk E і яшчэ больш буйных тыпу Maersk Triple E), рудавозаў і пасажырскіх суперляйнераў. Такім чынам, новы канал можа даць гэтым гмахінам шанец хутчей зьдзяйсьняць свае ваяжы. Акрамя таго, канкурэнцыя можа зьнізіць кошты на правоз грузаў. Але гэта – у тэорыі.

Мала хто ведае, што доўгі час разглядаўся варыянт пабудовы каналу праз тэруторыю іншай лацінаамерыканскай краіны – Нікарагуа.

Упершыню гэтая ідэя ўзьнікла яшчэ ў XVI ст., за часам каляніяльнага панаваньня Гішпаніі. Потым, у ХІХ ст., пасьля вайны за незалежнасьць у гішпанскіх калёніях і ўтварэньня незалежных лацінаамерыканскіх дзяржаваў, да яе вярнуліся. Урад Злучаных шататў некалькі разоў зьвяртаўся да разгляду магчымых варыянтаў пабудовы трансакіянскага каналу праз тэрыторыю Нікарагуа. У 1849 годзе знакаміты амерыканскі магнат Карнэліюс Вандэрбільт заснаваў кампанію, якой нікарагуанскі ўрад перадаў канцэсію на пабудову каналу. Рух караблёў мусіў пачацца праз 12 год, але ўнутрыпалітычныя праблемы, дзеяньні амерыканскага флібусьцеру Уільляму Уолкеру, які на некаторы час нават зрабіўся прэзідэнтам Нікарагуа, а таксама інтрыгі канкурэнтаў, прымусілі Вандэрбільту, урэшче, адмовіцца ад праекту. А на пачатку ХХ ст. амерыканцы адмовіліся ад нікарагуанскага варыянту на карысьць панамскага. Адной з падставаў для адмовы ад пракладкі каналу праз тэрыторыю Нікарагуа была, дарэчы, тэарэтычная пагроза вывяржэньня вулькану Маматомба (у 1610 годзе ягонае вывяржэньне прымусіла жыхароў Леёну перанесьці свой горад на некалькі дзясяткаў кіляметраў у бок).

Але нікарагуанскія ўлады не забыліся на перспектывы пабудовы каналу на сваёй тэрыторыі. Асабліва актыўнымі яны былі на гэтым накірунку ў апошнія 15 год. У 1999 г. быў прыняты закон пра правядзеньне дасьледаваньняў дзеля пабудовы гэтак званага Экаканалу, які мусіў зьвязаць Карыбскае мора з возерам Нікарагуа, але ня меў бы выхаду ў Ціхі акіян. У 2000 г. адной з кампаніяў была выдадзенай канцэсія на пабудову «сухога каналу» - чыгункі, якая мусіла зьвязаць два ўзьбярэжжы, аднача сродкаў на ажыцьцяўленьне праекту так і не знайшлі. Потым, у 2004 годзе, нікарагуанцы абвесьцілі пра пляны пабудаваць такі канал, які дазволіць праводзіць больш вялікія караблі, чым паўз Панамскі канал.

І вось нарэшце, у мінулым годзе нікарагуанскае кіраўніцтва знайшло таго, хто пагадзіўся пабудаваць канал. Тым чалавекам, хто ўзяўся кінуць гістарычны выклік Карнэліюсу Вандэрбільту, зьяўляецца 41-гадовы магнат зь Кітаю Ван Дзін. Ён ужо ўзначаліў кампанію HKND, якая была адмыслова зтворанай для ажыцьцяўленьня праекту.

Пра Ван Дзіна вядома вельмі мала. Меней, нават, чым пра цяперашняга ягіпецкага прэзідэнта Ас-Сісі. Forbes ставіць яго на 1278 месца ў сьпесе самых заможных людзей плянэты з 1,4 млрд даляраў. У ягоным профілі на сайце HKND указана, што нарадзіўся ён у сьнежні 1972 г., у адным з рэдкіх інтэрв'ю ён казаў, што атрымаў медычную адукацыю. Галоўны актыў Ван Дзіну – гэта тэлекамунікацыйная кампанія Xinwei Telecom Enterprise Group, якую ён набыў у 2010 годзе за 16 млн даляраў.

Для Ван Дзіна праект пабудовы каналу ў Нікарагуа – першая спроба ў сфэры інфраструктуры. Шмат хто з экспертаў, увогуле, сумняваецца, што хлопец, чыя сфэра інтарэсаў – гэта тэлекамунікацыі, будзе здольным «падняць» такі праект. Ван Дзін сьцьвярджае, што так: ягоная кампанія вядзе 20 праектаў у 35 краінах сьвету (у тым ліку – Камерун, Зімбабвэ і Украіна). Але эксперты ўказваюць, што па 12 з гэтых 20 праектаў няма аніякіх прызнакаў пасьпяховага ажыцьцяўленьня. Так, згодна з публікацыяй у AP (якая была перадрукаванай 30 жніўню мінулага году ў South China Morning Post), у Камбоджы запуск безправаднога сеціва нацыянальнага маштабу адкладалася зь невядомых падставаў, у Зімбабвэ ўрад адабраў ліцэнзію ў кампаніі-партнёра Xinwei Telecom Enterprise Group, а ў Камеруне яшчэ адна кампанія-партнёр апынулася пад сьледствам. Ды й у Нікарагуа безпарвадное сеціва, якое Ван Дзін паабяцаў краіне яшчэ два гады таму (за 700 млн даляраў ЗША), будзе запушчаным (зноў жа, па словах Ван Дзіну) толькі ў кастрычніку бягучага году, ды й дзеля гэтага патрабуецца дадаткова яшчэ 105 млн даляраў.

Ёсьць, праўда, аргументы на карысьць Ван Дзіну. Як слушна адзначаюць эксперты, да набыцьця Xinwei у яго не было й досьведу працы ў сфэры тэлекамунікацыяў. І, што больш істотна, у яго ёсьць доступ да крэдытных лініяў дзяржаўных кітайскіх банкаў. Як пісала ў студзені бягучага году Global Construction Review, у 2011 годзе Кітайскі Банк Разьвіцьця выдаў Ван Дзіну 2,1 млрд даляраў на пашырэньне бізнэсу за мяжой – іншыя кампаніі могуць толькі марыць пра такія звышсалодкія кавалкі. Гэта можа сьведчыць пра нейкія асаблівыя сувязі паміж загадкавым бізнэсоўцам і кіраўніцтвам КНР. Аддалена гэта нагадвае сітуацыю зь Сечыным, «Роснефтью» і расейскім кіраўніцтвам (толькі ў буйнейшых маштабах). Сам жа Ван Дзін паўгады таму сьцьвярджаў, што ўсе інвестары для ажыцьцяўленьня праекту ўжо знойдзены. І гэта, казаў ён у інтэрв'ю The Telegraph, «першаклясныя інвестары»: буйныя банкі і іншыя інстытуты з Эўропы, Кітаю і ЗША.

Але ня толькі таямнічая асоба кіраўніку праекту і ягоныя здольнасьці выканаць абяцанае выклікаюць пытаньні ў скептыкаў. Сумненьні выклікае сама ідэя пабудовы. Справа ў тым, што каб зрабіцца рэнтабельным, Нікарагуанскаму каналу неабходна адразу адабраць у Панамскага канкурэнту палову штогадовага трафіку. А гэта будзе вельмі няпростай задачай. Можа, аператары караблёў клясаў вышэйшых за Новы Панамакс і падумаюць над новым маршрутам, але для астатніх караблёў стары шлях будзе мець свае перавагі. У першую чаргу, за кошт меньшае працягласьці маршруту. Даўжыня Панамскага каналу – 77 км, і карабель праходзіць яго за сьветлавы дзень (што вельмі істотна для бясьпекі навігацыі). Працягласьць Нікарагуанскага каналу будзе каля 280 км, што можа падвысіць складанасьць праходжаньня і рызыку інцыдэнтаў.

Акрамя таго, эксперты кажуць пра рост магчымай канкурэнцыі лацінаамерыканскім каналам з боку Суэцкага каналу і магчымага Паўночнага марскога шляху. Існуе меркаваньне, што, дзякуючы глабальнаму пацяпленьню і зьмяньшэньню лядовых палёў, у хуткім часе камерцыйныя караблі здолеюць актыўна выкарыстоўваць шлях зь Ціхага ў Атлянтычны акіян уздоўж паўночнага ўзьбярэжжа Канады. Гэта значна зкараціць час перавозак і, адпаведна, зьменьшыць іхні кошт. У такім выпадку, пра прыбытковасьць нікарагуанскага праекту можна будзе забыць. Ды й бяз гэтага, канкурэнцыя з Панамскім каналам прывядзе да падзеньня коштаў на праход караблёў.

І тым ня меней, нікарагуанцы цьвёрда трымаюцца свайго жаданьня займець канал на сваёй тэрыторыі. Ужо абвешчана, што будаўніцтва разпачнецца ў сьнежні бягучага году, а ягонае завяршэньне плянуецца на 2019-2020 гг.. Нікарагуаенцы разьлічваюць на значныя прыбыткі. Кошт праекту – 40 млрд даляраў, што ў некалькі разоў перавышае валавы ўнутраны прадукт Нікарагуа – краіны, якая зьяўляецца адной з самых бедных краінаў Лацінскае Амерыкі (больш бедная – толькі Гаіці). Акрамя таго, праект, як лічыць кіраўніцтва краіны, дазволіць ледзь ня цалкам пазбавіцца безпрацоўя.

Ёсьць, верагодна, і іншыя матывацыі. І, не ў апошнюю чаргу, зацікаўленасьць кітайскага боку ў гэтым праекце. Нездарма ж ім займаецца ўлюбёнец кітайскіх дзяржаўных банкаў. А мэтай Кітаю можа быць ня толькі камерцыйная выгада, але й геапалітычныя інтарэсы. За апошнім часам Кітай нарошчвае сваю прысутнасьць у некаторых краінах Лацінскае Амерыцы. Прычым, пераважна ў тых, якія не хаваюць сваіх антыамерыканскіх, антыглябалісцкіх і антыліберальных настрояў. Яшчэ за часам мінулагадовых прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле апазіцыя скардзілася на вялікую колькасьць кітайцаў у чэргах на ўчастках для галасаваньня, якія не разумеюць па-гішпанску, але галасуюць «як трэба». Ды й можна прыгадаць спробу аказаць Кубе дапамогу ў пошуках нафты. Цяпер вось – вялікая актыўнасьць у Нікарагуа, дзе прэзідэнтам зьяўляецца Даніель Артэга – лідар левага Сандынісцкага фронту. Ён ужо займаў пасаду главы дзяржавы – пасьля Сандынісцкае рэвалюцыі, у выніку якой быў зкінутым рэжым дыктатару Самосы. Сандыністыя тады карысталіся актыўнае падтрымкай з боку СССР і вялі вайну супраць контрас, якіх, у сваю чаргу, актыўна падтрымлівалі ЗША, а таксама нікарагуанскія сяляне (бо сандыністыя, па добрай сацыялістычнай традыцыі, спачатку раздалі ім зямлю, а потым пачалі зганяць у калгасы). Гэтая вайна і прывяла да падзеньня рэжыму Артэга, але, як бачым, час ад часу яны вяртаюцца. І зразумела, што Кітай лёгка знойдзе паразуменьне з Артэгай у справе аслабленьня пазіцыяў Злучаных Штатаў. Тым больш, што і для Артэгі праект абяцае вялікія перпектывы. У прыватнасьці, як лічаць некаторыя эксперты, гэта можа дазмоліць яму працягнуць тэрмін знаходжаньня ва ўладзе (а звычайна з гэтым у Лацінскае Амерыцы строга).

А Кітай, з свайго боку, артымлівае добрую магчымасьць атабаравацца ў лацінаамерыканскім рэгіёне, замацаваўшыся ў непасрэднае блізкасьці ад свайго галоўнага канкурэнта на сусьветнае арэне. Канцэсія, якую атрымала HKND, ёсьць разьлічанай на 50 год. То бок, 50 год Каналам і зонай уздоўж яго будуць валодаць, фактычна, кітайцы. Уяўляю, які б вэрхал узьняўся сярод антыглябалістых-антылібералаў, калі б такую канцэсію атрымалі ЗША! Дык і тое яшчэ ня ўсё. Кітайцы будуць і праз 50 год працягваць валодаць долямі ў Канале. Толькі праз 100 год ён пяройдзе ў поўнае валоданьне Нікарагуа. І будаўніцтва будуць весьці, пераважна, кітайскія рабочыя, з некаторым прыцягненьнем мясцовых сілаў.

Што характэрна, пакуль не чуваць галасоў тых, хто традыцыйна крытыкуе падобныя праекты за іхнюю антыэкалягічнасьць. А крытыкаваць, сапраўды, ёсьць за што. Як бы не сьцвярджалі аўтары праекту пра ягоную бясьпеку для прыроды, будаўнікам давядзецца перамясьціць калясальныя аб'ёмы грунту, непазьбежнае ёсьць масавая высечка лясоў. Значна пацерпяць водныя рэсурсы Нікарагуа, у тым ліку й возера Нікарагуа – самае вялікае прэснае возера ў Лацінскае Амерыцы. Будзе разбураным традыцыйны лад жыцьця тых людзей, якія апынуцца ў зоне пабудовы каналу. І дзе, хацеў бы я запытаць, усюдуісны Greenpeace? Дзе антыглябалістыя і зацятыя абаронцы правоў карэнных народаў? Можа, падстава ў тым, што ў дадзеным выпадку за праектам стаяць не прадстаўнікі ліберальных краінаў, а Кітай, у якім кіруе камуністычная партыя? Дык тады так і варта прызнаць: нам, маўляў, пляваць на экалёгію і правы нейкіх там індэйцаў. Галоўнае, каб у лібералаў зь іхняе дэмакратыяй галовы балелі. Нам жорсткую руку падавай.

І, як модна цяпер казаць: «Падаецца, а пры чым тут Расея?» А яна, сапраўды, не пры чым. Прынамсі, як дзяржава, што прэтэндуе на вядучыя пазіцыі ў сьвеце. Яшчэ ў 2009-м яна пачала праяўляць зацікаўленасьць у Нікарагуанскае «будоўлі стагодзьдзя». Але, калі зьявіўся Кітай, ёй давялося забыцца на свае мары. Цяпер ёй афіцыйна ёсьць адведзенай роля «вайскова-палітычнае падпоркі» кітайскага праекту: вы зтвараеце шумок, а мы пад гэты шумок робім тое, што нам трэба. І да аналізу актыўнасьці Расеі я б прапанаваў падыходзіць, у тым ліку, і з гэтага пункту гледжаньня.

Такім чынам, пабудова Нікарагуанскага каналу можа прывесьці да далейшага росту кітайскае экспаньсіі і, у перспектыве, утварэньня ў Лацінскае Амерыцы акрэсльенага антыамерыканскага блёку. Што ўжо робіць гэты праект (незалежна ад пасьпяховасьці ягонага ажыцьцяўленьня), сапраўды, «праектам стагодзьдзя». І я, шчыра кажучы, не гатовы папракаць за гэта Кітай (які, дарэчы, у адрозьненьне ад некаторых суайчыньнікаў зусім не лічу нейкім небясьпечным монстрам – у ім шмат супярэчнасьцяў, але й шмат, вельмі шмат станоўчага), бо гэта ёсьць нармалёвай стратэгіяй, хоць і не пазбаўленай шматлікіх хібаў. Дык а дзе вы бачылі дасканалую стратэгію ў гэтым сьвеце? Іншая справа, ці прынясе гэтая стратэгія профіт лацінаамерыканскім народам, ды й усяму сьвету. А каб даць адказ на гэтае пытаньне, трэба ўважліва глядзець на тое, што адбываецца на нашай плянеце. У тым ліку, у Лацінскае Амерыцы. Тады, магчыма, мы лепш будзем разумець, што адбываецца вакол нас, і, адпаведна, будзем больш эфектыўна будаваць уласныя стратэгіі.

 

Другие материалы в этой категории: « Краіна бяз войску Хто прыдумаў хлусіць у СМІ »

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.