Logo
 Версия для печати

Памёр самы малады прэзідэнт у гісторыі

Оцените материал
(6 голосов)

Памёр, значыць... Ну, гэтага ніхто пазьбегнуць ня можа.

Учора памёр Жан-Клёд Дзювальле - «Бэйбі-Док», былы дыктатар Гаіці і самы малады прэзідэнт у гісторыі.

Прэзідэнтам ён зрабіўся ў красавіку 1971-га, калі яму было ўсяго 19 год. Бацька ягоны, які кіраваў краінай з 1957-га (быў законна абраным прэзідэнтам, згуляўшы на пачуцьцях простага народу і атрымаўшы ад яго шалёную падтрымку) пасьпеў перад сьмерцю прызначыць Жан-Клёду сваім пераемнікам. Што было на 100% падтрымана ўдзячным гаіцянскім народам, які раней такім жа чынам падтрымліваў ягонага бацьку. Але да бацькі Жан-Клёду было вельмі далёка. Як, уласна, у гісторыі заўжды і бывае: пераемнік, як правіла, ня можа эфектыўна падтрымаць тую сістэму, якая дасталася яму ў спадчыну.


Жан-Клёд Дзювальле - «Бэйбі-Док», былы дыктатар Гаіці

 

«Бэйбі-Док», тым ня меней, пратрымаўся, нават, даўжэй за бацьку, дасядзеўшы на прэзідэнцкае пасадзе да 1986 году. Гандляваў, паціху, наркотыкамі і часткамі арганізмаў сваіх падданых, на чым, кажуць, зарабіў мільлёны даляраў. Але кірдык да гаіцянскае стабільнасьці падкраўся яшчэ ў 1978-м, калі грымнула эпідэмія сьвіной чумы. У выніку, усе сьвінкі былі выразанымі, а сяляне пазбавіліся добрае крыніцы падтрыманьня штаноў.

Потым – болей: пачаў накрывацца турызм (па якому балюча ўдарыў СНІД), пачаўся голад і масавыя маніфестацыі. «Нешта трэба мяняць», - казаў Ян Павал ІІ за часам свайго візіту на Гаіці. І Жан-Клёд памяняў: зьнізіў цэны, зачыніў незалежныя радыёстанцыі, ператрахнуў урад. Але народу гэта падалося замала, і, замест таго, каб перастраляць народ (а такія парады ў той час Жан-Клёду давалі), ён 30 студзеню 1986 г. сеў на лятак амерыканскіх ВПС і пакінуў краіну.

Ні рэформамі, ні злачынствамі асаблівымі ён не запомніўся. У 2011 годзе вярнуўся на Гаіці, дзе апынуўся пад хатнім арыштам. Але суд не пасьпеў знайсьці пераканаўчых доказаў хоць якой віны «Бэйбі-Доку». Завяршэньня працэсу былы дыктатар так і не дачакаўся.