A+ A A-


Лёгіка маньняку

Оцените материал
(7 голосов)

У сваіх пошуках cui prodest мы зыходзім зь лёгікі, пабудаванай на звычайнае для нас этычнае гіерархіі, дзе вызначаецца шэраг учынкаў, якія ацэньваюцца як злачынствы. Чым больш цяжкім ёсьць злачынства з пункту гледжаньня гіерархіі, тым меней дапушчальным яно выглядае. Хаця б з-за таго, што за злачынствам ідзе пакараньне. Прычым, пакараньне ёсьць зьнітаваным ня толькі з канкрэтным рашэньнем судовае сістэмы, але й зь іміджавымі стратамі таго, хто злачынства зьдзейсьніў.


Такога ж падыходу мы чакаем ад усіх. Сапраўды, нельга ж лічыць чорна-сінюю сукенку бела-залатой? Але існуе катэгорыя людзей (іх можна назваць «маньнякамі»), якія ацэньваюць сябе і асяродзьдзе ня так, як гэта робіць большасьць. Для іх нашая этычная гіерархія ня дзейнічае. Адпаведна, іхнія мэты і матывацыі ўчынкаў, а таксама ўяўленьне пра ўзнагароду і пакараньне, ня могуць быць зразумелымі з пункту гледжаньня звычайнае лёгікі.

Хлусьня, крадзёж, забойства для іх зьяўляюцца нормай. Самая лепшая ўзнагарода – шок, які выклікаюць іхнія ўчынкі ў нармалёвых людзей. Найвялікшы кашмар – адсутнасьць у іншых людзей страху перад імі. Таму забойства будзе выглядаць у іхнім уяўленьні ня толькі прымальным, але й пажаданым учынкам. Асабліва, калі яно будзе абстаўленым як публічнае пакараньне зь як мага больш шырокім рэзанансам. Гэта й выкліча патрэбную для яго рэакцыю: агіду і страх. У выніку, тыя, хто разумее, больш ахвотна будуць уключаць унутраную цэнзуру. І калі гэта будзе дасягнутым, тым меней праблемаў будзе ў маньняку. А як а Гаага? - А што – Гаага? Дагані мяне, хто можа!

Пры гэтым маньняк цудоўна ведае «звычайную» лёгіку. Але ўспрымае ён яе як хімеру, празь якую можна маніпуляваць сьвядомасьцю «нармалёвае» большасьці. Бо сярод большасьці абавязкова знойдуцца тыя, хто будзе, зыходзячы з звычайнае лёгікі і этычнае гіерархіі, указываць на нелягічнасьць забойства для маньняку. Бо, маўляў, на яго абрынуцца першыя падазрэньні, а гэта для яго так нявыгадна, так нявыгадна... Ён жа, як нармалёвы чалавек, страшыцца пакраньня і свайго сумленьня... «Во-во, - падтакне маньняк, - мне-та забіваць – аніякае карысьці. У мяне рэйтынгі-шмурэйтынгі, а ў ахвяры – што? Шукайце, cui prodest. Баб шукайце. Ліберастаў. Ну, карацей, вы ведаеце...» такім чынам, маньняк робіць з звычайнай лёгікі даволі надзейную абарону сваіх дзеяньняў. Асабліва, калі ў маньняку ёсьць магчымасьць маніпуляцыі законам.

У выніку, можна забіць любога свайго ворагу – хоць у цэнтры шматлюднага гораду. І на любыя абвінавачаньні ў свой адраз казаць: «Мне ж нявыгадна», і «Какие ваши доказательства?» А няма доказаў – будзеце адказваць за паклёп па законе.

З гэтага пункту гледжаньня, лёгіка маньняку ёсьць вельмі зручнай. Яна ўтварае ілюзію сілы і абсалютнай свабоды дзеяньняў, і праз гэта можа выклікаць сімпатыю сярод пэўнай часткі грамадзтву. Сіла і свабода – тое спалучэньне, якое заўжды вабіла да сябе людзей. Іншая справа, што сіла і свабода маньняку ёсьць прывабнай толькі для тых, хто верыць, што сіла і свабода аднаго індывідуюму дасягаюцца толькі за кошт сілы і свабоды іншых індывідуюмаў. То бок, сіла і свабода могуць існаваць толькі тады, калі ў іншых існуе страх. Ён і не дазваляе паставіць тваю сілу і тваю свабоду пад сумненьне. Гэта робіць лёгіку маньняку процілеглай лёгіцы лібералізму, дзе сіла і свабода грунтуюцца на ўзаемнай павазе індывідуюмаў і іхніх інтарэсаў, у тым ліку і на павазе да свабоды выбару.

У гісторыі вядомыя выпадкі, калі лёгіка маньняку рабілася пануючай у грамадзтве. Напрыклад, у Італіі за часам Мусаліні, зь ягоным лёзунгам: «Для сяброў – усё, для ворагаў – закон». Ды й у іншых краінах далёкіх і ня надта далёкіх часоў можна знайсьці падобнае. Бывала, нават, што маньнякі, якія гэта ўсё зарганізавалі, пазьбягалі адказнасьці. Калі пасьпявалі памерці раней. Але яшчэ аніводнае грамадзтва пазьбегнуць такой адказнасьці ня здолела. Хоць, канечне, у будучыні спробы калэктыўнага самазабойству (ды яшчэ й у спалучэньні з татальным вынішчэньнем усяго жывога) выключаць нельга. Бо – лёгіка маньнякаў, усё ж такі.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.