A+ A A-


Краіна бяз войску

Оцените материал
(9 голосов)

А ці ведаеце вы, што Коста-Рыка – адна зь нешматлікіх краін сьвету, у якіх няма рэгулярнага войска? І няма яго там ужо 65 год – з прыняцьця ў 1949-м новай канстытуцыі краіны. А «вінаваты» у гэтым, фактычна, адзін чалавек (вось вам і «роля асобы ў гісторыі») - Хасэ Фігэрэс Фэрэр. 


Нарадзіўся ён у 1906 годзе. Бацькі ягоныя толькі нядаўна перасяліліся з Каталёніі, і роднай мовай для Фігэрэсу была каталёнская. Сістэматычнай адукацыі ён не атрымаў, затое некаторы час пражыў у Злучаных Штатах, дзе набыў добры жыцьцёвы досьвед. Па вяртаньні на радзіму вырабляў торбы і канаты з канопляў, займаўся сельскай гаспадаркай і ажыцьцяўляў праекты ў прамысловасьці. Паралельна пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці, публікаваў артыкулы ў мясцовай перыёдыцы, перажываў за справу гішпанскіх рэспубліканцаў. 

Сам сябе ён пазначаў як «фермер-сацыялісты». На сваёй ферме з характэрнае назвай «Змаганьне без канцу» (La Lucha sin Fin) ён наладзіў для сваіх працаўнікоў добрую сістэму сацыяльнае абароны: забесьпячэньне жыльлём, медычную службу і, нават, бязплатнае малако для дзетак. 

Паступова Фігэрэс пачаў уцягвацца й у палітычную дзейнасьць. У 1942 годзе ён у адным з радыёвыступаў дазволіў сабе крытычныя выказваньні ў бок тагачаснага прэзідэнта краіны Рафаэлю Кальдэрону. Вынікам была вымушаная эміграцыя ў Мексыку. 

Калі ён праз два гады вярнуўся на радзіму, ягоныя думкі наконт палітычнае барацьбы зрабіліся куды больш радыкальнымі. Ён паціху пачаў рыхтаваць узброенае паўстаньне, каб вярнуць краіну на дэмакратычны шлях разьвіцьця (зь якога, па глыбокім перакананьні Фігэрэсу, Коста-Рыка збочыла ў выніку дзейнасьці Кальдэрону і ягонага пасьлядоўніку, Тэадора Пікада). У 1945-46 гадах Фігэрэс правёў некалькі тэрактаў, спрабаваў, нават, зарганізаваць усеагульны страйк. Паралельна займаўся й легальнай палітычнай дзейнасьцю – зтварыў Дэмакратычную партыю, якую потым, у адпаведнасьці з сваімі поглядамі, трансфармаваў у Сацыял-дэмакратычную. 

Да канцу 1947-га Фігэрэс меў у сваім распараджэньні 700 узброеных чалавек, а таксама падтрымку з боку гэтак званага «Карыбскага Легіёну» - групы лацінаамерыканскіх палітыкаў, якая ставіла сваёй мэтай барацьбу супраць дыктатарскіх рэжымаў. І тут кіруючыя колы Коста-Рыкі самі падалі яму casus belli. 

Справа ў тым, што ў 1948 годзе ў краіне мусілі прайсьці чарговыя прэзідэнцкія элекцыі. Прайсьці яны мусілі зусім па-новаму, як яшчэ не было раней, дзеля таго, каб пераканаць усіх у дэмакратычнасьці костарыканскае сістэмы. Быў прынятым новы выбарчы кодэкс, быў створаны адмысловы Трыбунал, які мусіў абвясьціць імя пераможцы. Асноўным кандыдатам ад «партыі ўлады» быў той самы Калдэрон, які раней ужо займаў прэзідэнцкую пасаду. Апазіцыя ж сваім кандыдатам высунула Атыліё Улатэ. 

Мінуў дзень галасаваньня, падлічылі вынікі. А вынікі-та якія! Улатэ на 10 тыс. галасоў абыйшоў Кальдэрону. Скандал! Кіруючая партыя цісьне на Трыбунал, каб вынікі былі ануляванымі. Трыбунал упіраецца. Тады ўлады зьвяртаюцца да Кангрэсу. І той, урэшце, абвяшчае вынікі галасаваньня несапраўднымі. Кальдэрона абвяшчаюць прэзідэнтам, а Улатэ арыштоўваюць і кідаюць за краты. У адказ, Фігэрэс заклікае сваіх прыхільнікаў да зброі.

12 сакавіку 1948 г. пачаліся сутыкненьні паміж фігэрыстымі і прыхільнікамі ўлады. Прычым, погляд на склад двух процілеглых бакоў можа зьвіньціць дах любому палітолягу. На баку Кальдэрону, акрамя рэгулярнага войску, ваявалі камуністыя, да якіх Кальдэрон ставіўся надзвычай прыязна, і прадстаўнікі каталіцкіх груповак. За Фігэрэсам, адпаведна, ішлі агалцелыя антыкамуністыя і сацыял-дэмакраты. Ну, і да кучы, Кальдэрону падтрымліваў нікарагуанскі дыктатар Самоса (які быў адной з мэтаў Карыбскага Легіёну), для якога Кальдэрон быў «сваім антыдэмакратычным сукіным сынам», а Фігэрэс карыстаўся сімпатыяй з боку гватэмальскага прэзідэнту Арэвала, які, можа, камуністым і ня быў, але далёка ад іх не зышоў, за што яго вельмі не любілі амерыканцы. Затое амерыканцы вельмі любілі Самосу, але яшчэ болей яны любілі антыкамуністых, таму яны таксама падтрымалі Фігэрэса, а зусім не Кальдэрона, чаго ад іх, па ідэі, чакалася. Карацей, любоў (і як сьледства, жыцьцё) – рэч вельмі складаная. 

А вайна доўжылася 44 дні, унесла дзьве тысячы жыцьцяў і завяршылася паразай костарыканскага войску і камуністычнае міліцыі. Фігэрас, па бамоўленасьці з Улатэ, зрабіўся часовым прэзідэнтам і ўзначаліў (а што вы думалі?) Хунту. Гэтая Хунта мусіла, па задумцы Фігэрэсу, правесьці кардынальныя пераўтварэньні ў краіне, каб здаць яе Улатэ ўжо «пад ключ». 

Першым крокам была адмена рэгулярнага войску. Як лічыцца, Фігэрэс пайшоў на гэты крок пад уплывам кнігі Герберту Уэлсу «Нарысы гісторыі» (не-не, і не спакушайце - «Нарысы гісторыі» - гэта зусім асобная тэма). А вось паліцыю Фігэрэс пакінуў, бо лічыў чалавечую прыроду недасканалай. Сярод іншых пераменаў – выбарчыя правы для жанчынаў і чорных, усеагульная адукацыя, нацыяналізацыя банкаў. І, канечне, забарона камуністычнае партыі. 

А праз 18 месяцаў, як і было дамоўлена, Фігэрэс саступіў уладу Улатэ. А потым, ужо ў 1953-м, яго зноў абралі прэзідэнтам, на тэрмін да 1958-га. А потым, у 1970-м – трэці раз ён заняў вышэйшую пасаду ў краіне. І кожны раз гэта адбывалася без маніпуляцыяў з галасамі выбарцаў, што разбурае папулярнае меркаваньне пра тое, што «усе так робяць». 

І як жа, запытаеце вы, Коста-Рыка здолела пражыць бяз войска? Няўжо ніхто не спакусіўся лёгкай здобычай зь яе суседзяў? 

Было, адкажу, спакусіўся. І быў гэта ўжо вядомы нам Самоса – дыктатар нікарагуанскі. Ён, як Бурбон, анічога не забыў, і анічому не навучыўся. Таму ў 1955 годзе, за часам другога прэзідэнцтва Фігэрэсу, ён дапамог Кальдэрону, які хаваўся на ягонай тэрыторыі, зладзіць напад на тэрыторыю Коста-Рыкі. Фігэрэс жа быў ня лохам. Ён ведаў, што ў бягучы час не вайсковая сіла вырашае лёс краіны, а ўменьне выкарыстоўваць інстытуты міжнароднае бясьпекі. Таму ён зьвярнуўся да Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаваў (паверце, вельмі ўплывовай арганізацыі) па дапамогу, а тая абавязала Злучаныя Штаты прадаць Коста-Рыцы чатыры паветраныя зьнішчальнікі «Мустангі» па цане адзін даляр за штуку. Каб Коста-Рыка здолела абараніць сябе ад паветраных налётаў. 

Злучаныя Штаты апынуліся ў няёмкім становішчы. Падаецца, любоў да Самосы за гэтыя гады толькі павялічылася, бо ён дапамог ім зкінуць нянавіснага прэзідэнта Гватэмалы Хакоба Арбенсу. Зь іншага боку, любоў да саміх Злучаных Штатаў з боку лацінаамерыканцаў здорава ўсохла, менавіта з-за дзеяньняў ЗША супраць Гватэмалы. Таму Дзярждэп паморшчыўся і намякнуў Самосе, што, маўляў, трэба паводзіць сябе прыстойна. Самоса паморшчыўся і спыніў агрэсію. 

Вось так Коста-Рыка і жыве, ня маючы аніякіх зялёных чалавечкаў на сваёй тэрыторыі. Ды яшчэ і лічыцца самай шчасьлівай краінай у сьвеце (калі верыць Міжнароднаму індэксу шчасьця). Больш за тое, дрэнны прыклад ёсьць заразным, і ў 1990-м годзе паўднёвая суседка Коста-Рыкі, Панама, таксама адмовілася ад рэгулярнае арміі. І куды гэты сьвет коціцца?

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.