A+ A A-


Кітайскі «люкс» і настальгія па 60-х

Оцените материал
(8 голосов)

 

Паколькі мы даведаліся пра яшчэ адзін твор кітайскага аўтапраму - FAW HongQi L5, дык думаю, варта даць кароткі агляд гэтае мадэлі (каб не ўзьнікаў нездаровы і неапраўданы ажыятаж вакол яе).


Кітайская Першае Аўтамабільнае Аб'яднаньне (анг. FAW (First Automobile Works ), кіт. 中国第一汽车集团) сапраўды, было першым прадпрыемствам па вытворчасьці аўтамабіляў у Кітаі. Заснаванае ў 1953 г., у 1956 КПАА пачало выпуск грузавікоў на базе савецкага ЗіС-150.

З 1958 г. пачаліся выпускі легкавікоў пад маркай «Хунці» (кіт. 红旗 - «Чырвоны Сьцяг»). Гэта была мадэль «Хунці» СА71, аўтары якой найтхняліся зьнешнім выглядам мадэлі Simca Vedette і рухавіком Mercedes-Benz 190SL. Другая мадэль - «Хунці» СА72, моцна нагадвала Chrysler сярэдзіны 50-х гг. Легкавік належыў да клясы «люкс» і прызначаўся выключна для кітайскае эліты, у тым ліку – для ўдзелу ў парадах. Выпуск працягваўся да канцу 80-х, і за гэты час дызайн аўтамабіляў значна не зьмяняўся.

З пачатку 90-х эліта перасела на заходнія маркі, а «Хунці» пераключылася на выпуск прадукцыі для больш шырокага кола спажыўцоў. Пры гэтым базамі для аўтамабіляў 
па-ранейшаму служылі заходнія мадэлі. Напрыклад, Audi 100 = CA7200.

З другой паловы 2000-х зноў пачынаецца выпуск «люксавых» мадэляў, у тым ліку – HQ3, якая выпускалася на плятформе Toyota Crown Majesta з 2006 па 2010 г. З 2013 г., на плятформе Toyota Crown выпускаецца мадэль H7.

У красавіку 2010-га на Бэйдзінскім (Пякінскім) аўтасалёне была прадстаўленай мадэль «Хунці» CA7600L (L9). Гэта – рэяльны монстр з 6-літровым рухавіком магутнасьцю ў 400 лс і даўжынёй амаль у 6,5 м, даступны толькі па спецзамове. Выкарыстоўваецца ў прыдстаўнічых мэтах. У прыватнасьці, Ху Цзіньтао выязжаў 1 кастрычніку 2009 г. на ім на парадзе ў гонар абвяшчэньня КНР.

Праз два гады была прадстаўленай крыху карацейшая версія – L7, даўжыня якой зкладае крыху болей за 6 м, а ў кастрычніку 2013-га на Шанхайскім аўтасалёне прадставілі яшчэ больш кароткую версію – L5 (каля 5,5 м).

Нягледзячы на меншыя памеры, «пяцёрка» мае той жа магутны рухавік у 400 лс, а ад «дзявяткі», акрамя памераў, адрозьніваецца кампаноўкай задніх дзьвярэй. «Урадавы» варыянт «пяцёркі» дэбютаваў у красавіку 2013 г., калі на ім вазілі французскага прэзідэнта Алянда пад час ягонага візіту ў КНР (што было крыху нечаканым, бо ўсе былі ўпэўненымі, што Алянду прадставяць «дзявятку»).

Праз год зьявілася «грамадзкая» версія «пяцёркі». Яе прэзэнтацыя прайшла ў красавіку 2014-га на Бэйдзінскім аўтасалёне, і гэтая мадэль адразу атрымала тытул «самага дарагога» кітайскага аўтамабілю: нягледзячы на тое, што ў кастрычніку 2013-га яе кошт арыентавана зкладаў 493 тыс. даляраў ЗША, праз паўгады яе кошт «вырас» амаль удвая – да 800 тыс. даляраў. Першы пакупнік – буйны кітайскі бізнэсовец Ван Чжунхуа заплаціў за яе 5 млн юаняў, што па тагачасным курсе адпавядала 803 300 далярам ЗША.

Праўда, ужо тады шмат хто з аналітыкаў выказваў сумненьні наконт папулярнасьці гэтае мадэлі, нават, на кітайскім рынку. «Хунці» L5, усё ж, застаецца аўтамабілям прадстаўнічым – акурат для парадных цырымоніяў, з моцным намёкам на кітайскую прысутнасьць і зь лёгкім адценьнем настальгіі па «люксавым» аўтамабілям 60-х гадоў ХХ ст.

І, дарэчы, анічога «таямніча-сакрэтнага» у мадэлі не назіраецца. Ну і, канечне, ёсьць у яе аналягі - Rolls-Royce Phantom і Bentley Mulsanne, толькі ў іх рухавікі мацнейшыя за L5.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.