Logo
 Версия для печати

Хто прыдумаў хлусіць у СМІ

Оцените материал
(17 голосов)

У голым стэпу мочаць рашнікаў. Амонаўцы шукаюць пяты кут у сваім лягеры. А іхні кіраўнік абвяшчае пра вялікую перамогу. Не, гаворка не пра сучаснасьць – пра далёкае мінулае. Якое, магчыма, і не такое далёкае, як нам падаецца...

Вось вы думаеце, хто першым здагадаўся выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для стварэньня свайго, скажам так, альтэрнатыўнага варыянту гістарычных падзеяў? Не, канечне, гэта ня той, на каго вы падумалі. І ня доктар Гёбельс. І, нават, не Талейран.

Першым да гэтага дадумаўся цар Ягіпту Рамзэс ІІ. І было гэта каля 3300 год таму.

Нарадзіцца будучаму кіраўніку краіны давялося ў той час, калі некалі вялікая Ягіпецкая імперыя знаходзілася ў цяжкім стане. За паўтары стагодзьдзі да ягоных народзінаў фараон Тутмас ІІІ сваімі безперапыннымі і пераможнымі вайсковымі кампаніямі пашырыў межы падкантрольнае Ягіпту тэрыторыі ад Эўфрату да Нубіі, што пераўтварыла ягоную краіну ў звышдзяржаву таго часу. Сын Тутмасу, Аменхатэп ІІ, сваёй моцнай рукой прымушаў ціха сядзець заваяваныя ягоным бацькам народы. Ягіпет у той час паважалі і баяліся. І менавіта ён быў гарантам міру ў рэгіёне.

Але, мала заваяваць імперыю. Трэба яе яшчэ захаваць. А для гэтага патрэбныя рэсурсы. Пры пра-праўнуку Тутмасу ІІІ, фараоне Аменхатэпе IV мы чытаем скаргі на тое, што фараон у якасьці пасагу за дачку кіраўніку дзяржавы Мітані (хаўруснай Ягіпту) дасылае не залатыя статуэткі, а пазалочаныя.

І ня толькі матэрыяльныя рэсурсы зьнікаюць. Зьмяняюцца прыярытэты ў кіраўніцтва імперыі. Той жа Аменхатэп IV галоўнай сваёй мэтай бачыў не захаваньне імперыі, а перабудову жыцьця ў самім Ягіпце. Дзеля чаго ён замяніў шматлікія культы шматлікіх багоў культам аднаго богу – Атону. Нават, імя сваё замяніў на «Эхнатон», што значыць «Заўгодны Атону», і перанёс сталіцу краіны з Фіваў у Амарну, дзе й займаўся сваёй сям'ёй (дзякуй богу, жонкай ягонай была прыгажуня Неферціці) і новымі стылямі мастацтва. І калі кіраўнік Мітані зьвярнуўся па дапамогу ў барацьбе супраць маладой і драпежнай Хецкай дзяржавы, Эхнатон гэты зварот проста праігнараваў. У выніку, паўночныя ўскрайкі імперыі пачалі шукаць сабе новых гарантаў стабільнасьці і спакою. І галоўным прэтэндэнтам на гэтую ролю былі хеты – заснавальнікі яшчэ адной звышдзяржавы Старажытнага Усходу.

Сын Эхнатону Тутанхамон (так, так, той самы) спрабаваў, быў, аднавіць міжнародны ўплыў Ягіпту. Але куды там маладзенькаму хлопчыку было разгарнуць у адваротны бок гістарычныя працэсы. А пасьля ягонай сьмерці ва ўзросьце 19 гадкоў, трон, увогуле, апынуўся ў рукох выскачак часоў Эхнатону. Вось і будучы Рамзэс ІІ нарадзіўся тады, калі царскі трон займаў Харэмхеб. Той, дарэмна, што прасталюднік, таксама спрабаваў (і, часам, небезпасьпяхова) вярнуць Ягіпту ягоную славу.

Продкі Рамзэсу паходзілі з вайсковай арыстакратыі. Дзед ягоны шмат што зрабіў для аднаўленьня традыцыйнай рэлігіі пасьля Эхнатонавай замутні, і Харэмхеб, у якога не было ўласных дзяцей, прызначыў яго сваім пераемнікам. Такім чынам, на троне апынулася новая дынастыя, у плянах якой было аднаўленьне былой велічы Ягіпту.

Заснавальнік дынастыі нічога ў гэтым накірунку зрабіць не пасьпеў, бо кіраваў усяго толькі два гады. А вось ягоны пераемнік, бацька Рамзэсу ІІ фараон Сэці І, узяўся за справу, як кажуць, у поўны рост. У першы ж год свайго кіраваньня ён дайшоў да тэрыторыі сучаснага сэктару Газа (так, так, таго самага) і далей – да Лівану. Такім чынам была адноўленай старажытная «Дарога Гору», якая ўяўляла сабой ланцуг ягіпецкіх умацаваньняў.

А далей ён накіраваўся ў Сірыю, дзе на рацэ Аронт стаяў горад Кадэш – істотны стратэгічны пункт паўночнага памежжа ягіпецкай айкумены. Калісьці, пасьля перамогі Тутмасу ІІІ у бойцы пры Мегіда, гэты горад адышоў егіпцянам. Але за часам Эхнатону ён быў згубленым і перайшоў пад кантроль хетаў. Сэці моцным ударам разьбіў хецкае войска і ўвайшоў у горад. Разам зь ім быў і ягоны сын і пераемнік. Трыюмфальнае пачуцьце: «Кадэш – наш!», відавочна, моцна запала ў душу маладога прынцу.

А яшчэ яму моцна запала ў душу ідэя, што пра свае трыюмфы ня трэба маўчаць. Вунь, Сэці прыйшоў у Кадэш, і адразу стэлу ў ім паставіў, у якой увекавечыў сваё дасягненьне. І ў старадаўнім храмавым комплексе ў Карнаку пачаў будаваць вялічэзную гіпастыльную залю, і ў Абідасе храм – і паўсюль на мурох свае запісы пакідае пра слаўныя свае ўчынкі. Вось пра каго будуць памятаць нашчадкі!

З гэтымі ідэямі і ступіў Рамзэс ІІ на ягіпецкі трон. Да гэтага часу Ягіпет зноў згубіў кантроль над Кадэшам (памятаем – мала заваяваць, патрэбны рэсурсы, каб утрымаць). І вяртаньне «гораду ягіпецкай вайсковай славы» было для Рамзэсу справай гонару. Ён добра падрыхтаваўся да паходу ў Сірыю. Майстэрні, якія выраблялі зброю і баявыя павозкі (асноўную ўдарную сілу таго часу), працавалі без выходных і абедзенных перапынкаў. Калі на пятым годзе кіраваньня Рамзэсу войска выправілася ў паход, у ім было ну ніяк ня меней за 2 000 баявых павозак.

Само войска складалася з чатырох буйных атрадаў, кожны зь якіх насіў імя аднаго з чатырох галоўных ягіпецкіх багоў: Амону, Ра, Сэту і Птаху. Адзін за адным рухаліся гэтыя атрады, разцягнуўшыся на шмат кіляметраў.

Напрыканцы траўню 1274 г. да н.э. войска падышло да Кадэшу. Да Рамзэсу, які ішоў з перадавым атрадам Амону, прывялі двух мясцовых жыхароў, якія разпавялі яму, што войскі хецкага цару Муваталі ІІ знаходзяцца ў пары соцень кіляметраў ад Кадэшу. Як сьцьвярджаюць ягіпецкія крыніцы (ды й гэта пацьвярджаюць далейшыя падзеі), гэта была дэзынфармацыя, якую хеты падкінулі егіпцянам. У хуткім часе былі злоўленымі яшчэ два чалавекі. Пасьля допыту з прымяненьнем «спецсродкаў» яны разкалоліся і прызналі, што зьяўляюцца хецкімі шпіёнамі. І што сілы Муваталі значна бліжэй.

Але, падобна, Рамзэс гэтай інфарамцыі не надаў патрэбнае ўвагі. Ці зрабіў зь яе няверныя высновы. Так ці інакш, ён, замест таго, каб пачакаць астатнія сілы свайго войску, рушыў наперад з атрадам Амону і стаў лягерам на паўночны захад ад Кадэшу.

Бліжэйшым да ягіпецкага лягеру ў той момант быў атрад Ра. Крыху далей – атрад Птаху. І недзе зусім далёка пыліў па дарогах Сірыі атрад Сэту.

Каля дзясятку кіляметраў заставалася атраду Ра да лягеру, калі іх зьнянацку атакавалі баявыя павозкі хетаў. Потым Рамзэс наракаў на сваіх камандзіраў – маўляў, што ж яны ня здолелі высьветліць, дзе знаходзілася хецкае войска. А яно ж – вось было, рукой падаць – насупраць ягіпецкага лягеру праз раку Аронт. Але гэта – потым. А пакуль хеты зладзілі на рашнікаў добрае сафары. Егіпцяне былі атакаванымі на голым роўным месцы, у баявыя шыхты, зразумела, яны пашыхтавацца не пасьпелі, і шанцаў выратавацца ў іх не было. Тыя нешматлікія байцы, якія ацалелі, беглі да лягеру, а за імі грукацелі цяжкія павозкі хетаў.

Дабегчы яны дабеглі. Але што з таго? Хецкія павозкі праламалі кволы парканчык з ягіпецкіх шчытоў, і цяпер надышла чарга амонаўцаў шукаць пяты кут ва ўласным лягеры, чым яны і заняліся. Сітуацыя для іх, відавочна, склалася больш чым сур'ёзная, бо яны і думаць забылі пра свайго фараона.

А той у пэўны момант з зьдзіўленьньем заўважыў, што вакол яго няма ні ягіпецкіх павозак, ні ягіпецкіх камадзіраў, ні ягіпецкіх жаўнераў. Увогуле, няма анічога ягіпецкага. Адны хеты.

Што яго выратавала ў той момант? Дапамагло яму тое, што лягер у той час нагадваў першабытны хаос, дзе падзеі ішлі без усялякага пляну і сістэмы, і чалавеку можна было прасачыцца праз пабоішча, калі пашанцуе. А яшчэ сваю ролю адыграла, магчыма, і тое, што хеты, якія разграмілі (ну, так яны лічылі) сілы егіпцянаў, пераключылі сваю ўвагу на рабаўніцтва лягеру. Чым і скарысталіся іхнія ворагі.

Ягіпецкія сілы, якія перажылі атаку лягеру, згуртаваліся, разгарнуліся і нанеслі свой удар. Больш лёгкія ягіпецкія павозкі мелі перавагу над хецкімі, якія, літаральна, вязнулі ў цесным лягеры. Хетаў выбівалі і ягіпецкія лучнікі. Хеты, якія не чакалі такога каварства ад разьбітага праціўніку, кінуліся наўцёкі да Аронту. Шмат хто зь іх быў пасечаным, шмат каго прабілі ягіпецкія стрэлы.

Тым часам, Муваталі, які пабачыў няўдачу сваіх войскаў, кінуў на егіпцянаў дадатковыя сілы. Хецкія павозкі, гэтыя танкі бронзавага веку, абышлі ягіпецкі лягер з захаду і зноў пачалі атакаваць яго.

Невядома, чым бы гэта скончылася для Рамзэсу (атрад Птаху ўсё яшчэ быў далёка ад месца падзеяў), але нечакана для ўсіх удзельнікаў бойкі, на сцэне зьявіліся хаўрусныя егіпцянам сілы амарэяў. Сумеснымі высілкамі егіпцяне і амарэі вытрымалі шэсьць атакаў хецкіх павозак. А потым зноў прымусілі хетаў адступаць. Пры гэтым некаторыя хеты вымушаны былі кідацца ў воды Аронту, дзе й танулі.

Гэтым завяршыўся першы дзень бойкі. Ён жа быў і асноўным. Вядома, што на наступны дзень бойка аднавілася, але, судзячы па амаль поўнай адсутнасьці зьвестак пра яе, яна ня мела аніякага значэньня. Кадэш хеты адстаялі, хоць і панеслі значныя страты. А для Рамзэсу галоўным дасягненьнем было, безумоўна, тое, што ён застаўся жывым. З гэтым ён і пагарнуў свае атрады на зваротны шлях да Ягіпту.

Вось на гэтым, уласна, і пачынаецца гісторыя бітвы пры Кадэшы. Менавіта гісторыя – як запісанае апавяданьне пра тое, што адбылося. Пры гэтым, як разумееце, не заўжды істотна, наколькі тое, што запісана, будзе адпавядаць таму, што адбылося. Ну, урэшце, мы ж маем права на сваё бачаньне падзеяў? А з астатнім хай гісторыкі разьбіраюцца.

Такім чынам, галоўнае, ня тое, што адбылося, а тое, як пра гэта разпавесьці. Рамзэс ІІ цудоўна гэта разумеў. Аж два тэксты былі прысьвечаны апісаньню бойкі пры Кадэшы. Прычым адзін з гэтых тэкстаў, магчыма, быў напісаным у паэтычнае форме. У тэкстах, ад імя фараону, падрабязна разпавядалася, як Рамзэс, па віне нядбайных прыдворных, ня здолеў высьветліць месца знаходжаньня варожага войску, як ён, калі застаўся адзін, граміў хетаў, як ён мужнасьцю сваёй прымусіў хетаў ратавацца ў рацэ, і як на наступны дзень Мутавалі пачаў прасіць у яго міру. Урыўкі з гэтых тэкстаў упрыгожылі сьцены шматлікіх храмаў: у Карнаку, Абідасе, Луксоры, Абу-Сімбеле. І каб веліч фараонавых подзьвігаў маглі ацаніць і непісьменныя, надпісы суправаджаліся шматлікімі барэльлефамі, якія ілюстравалі перамогу фараону і ганьбу хетаў.


Рамзэс II штурмуе хецкую фартэцыю

Хеты, калі яны даведаліся пра такую інтэрпрэтацыю падзеяў, мякка кажучы, зьдзівіліся. Цар хетаў Хатусілі ІІІ, які быў малодшым братам Мутавалі ІІ і сам удзельнічаў у бойцы, напісаў ліст-скаргу Рамзэсу. На што атрымаў адказ у выглядзе пераказу рамзэсавай версіі: гэтакі старажытнаягіпецкі тролінг 80-га лэвалу.

«Вялікі, - казалі егіпцяне, гледзячы на масіраваную фараонаву прапаганду. - О, які вялікі фараон наш, Рамзэс!» З таго часу так і прыляпіўся да Рамзэсу гэты эпітэт: «Вялікі». А Рамзэс, каб умацаваць гэтую веліч у вачох нашчадкаў, ён будаваў калясальныя архітэктурныя комплексы (у тым ліку – Рамесэўм, апісаны яшчэ Дыядорам Сіцылійскім, які па маштабах сваіх быў супастаўляльным з пабудовай пірамідаў), перабудоўваў старажытныя помнікі і перабіваў у надпісах на сьценах храмаў імёны сваіх папярэднікаў на сваё імя, каб прыпісаць сабе іхнія дасягненьні. Адна такая «перабіўка», зьнітаваная зь імём Сэці І у храме ў Абідасе, прывяла да цяжкага запаленьня ў некаторых гарачых галовах на пачатку ХХІ ст. (але гэта ўжо зусім іншая гісторыя).

І сапраўды, Рамзэс у народных паданьнях застаўся вялікім палкаводцам, ваяром, царом. Успрымалі яго такім і навукоўцы-егіптолягі ХІХ-пачатку ХХ ст. Такім ён увайшоў і ў сусьветную культуру. Колькі кніг, кіна- і анімацыйных фільмаў было яму прысьвечана? У значнай ступені, думаю, менавіта ягоная слава сталася падставай таго, што з часам ягонага кіраваньня зьнітоўваюць зыход габрэяў зь Ягіпту (так, так, менавіта той самы Зыход, пасьля якога Маісей 40 год вадзіў габрэяў па пустэльні). А пра ягонага бацьку, Сэці І, які, сапраўды, браў Кадэш, цяпер памятаюць, магчыма, толькі фаны фільму «Мумія», дзе Сэці паказаны як ахвяра каварству сваёй наложніцы Анк-Сун-Амун і жрацу Імхатэпу. А хеты... Хто пра іх памятае, акрамя адмыслоўцаў у галіне Старажытнага Усходу? Яны ж не пакінулі сваёй версіі падзеяў...

Не, былі, канечне, у Рамзэсу ІІ і пасьпяховыя паходы, і перамогі. І Кадэш ён усё ж захапіў. Зусім ненадоўга (рэсурсы, рэсурсы...). А пасьля двух дзесяцігодзьдзяў вайны з Хецкім царствам, ён быў вымушаны пагадзіцца на дыпляматычнае вырашэньне канфлікту. Так зьявілася першая (зь вядомых нам) міжнародная дамова: дамова паміж Ягіптам і хетамі. Па гэтай дамове Кадэш заставаўся хецкім.

І імперыю ён так і не аднавіў. Бо ня толькі маладзенькаму хлопчыку на троне, але й энэргічнаму й дасьведчанаму кіраўніку ня дадзена разгарнуць у адваротны накірунак гістарычныя працэсы. Як бы прыгожа ты не разпавядаў пра адваротнае. Барацьба з хетамі канчаткова падарвала моц Ягіпту. Як і барацьба зь Ягіптам падарвала моц хетаў. А потым яшчэ й нашэсьце гэтак званых «народаў мора» нанесла ўдар па абедзьвюм дзяржавам (дарэчы, яны і Кадэш разграмілі). А профіт ад гэтага ўсяго атрымала перыферыйная дзяржава Асірыя. Якая ў далейшым пераўтварылася ў звышдзяржаву і дала чалавецтву шматлікія вынаходніцтвы ў галінах вайсковае справы, падаткаабкладаньня і адміністраваньня. А таксама заваявала Ягіпет, як і іншыя землі Блізкага Усходу.

Так заўжды бывае ў гісторыі – старая імперыя спрабуе захавацца праз кроў і хлусьню. А ў выніку атбываецца выбух на перыферыі, і ў гісторыі зьяўляецца зусім новая імперыя. Так было з хетамі, якія былі перыферыяй імперыі Мітані. Так было з Персіяй, якая была ўскрайкам Мідыі. Так было з арабамі, якія бадзяліся паміж вялікімі дзяржавамі раньняга сярэднявечча. Так было з Гішпаніяй, якая вызвалілася ад арабаў і падпарадкавала палову сьвету. Так было з Галяндыяй, якая вызвалілася ад Гішпаніі і падпарадкавала другую палову сьвету. Так было з брытанскімі калёніямі ў Паўночнае Амерыцы і з Масковіяй, заціснутай паміж Усходам і Захадам. І з кім яшчэ так будзе – тое залежыць, мо, і ад нас.


Яўген Красулін