A+ A A-


Хто набліжаў Дзень Незалежнасьці Венесуэлы

Оцените материал
(10 голосов)

Сёньня, у трэці дзень вялікіх вакацыяў, існуе добрая нагода адзначыць 203 гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці цудоўнае краіны – Венесуэлы.

5 ліпеню 1811 году кангрэс, абраны венесуэльскімі правінцыямі прыняў, першым у Гішпанскае Амерыцы, дэклярацыю аб суверэнітэце. Чалавекам, які атрымаў гонар паставіць свой подпіс на дэклярацыі, быў Франсіска дэ Міранда: барацьбіт за незалежнасьць і еднасьць Гішпанскае Амерыкі, рэвалюцыянер, масон, падарожнік і авантурысты, які атрымаў тытул «Папярэднік амерыканскае незалежнасьці».

Нарадзіўся Міранда ў 1750-м годзе ў сям'і заможнага гандляру, які паходзіў з Канарскіх выспаў. У той час насельніцтва Каракасу, як і іншых правінцыяў Гішпанскае Амерыкі, было падзеленым на гэтак званыя касты – сацыяльныя групы, утвораныя па прынцыпе крыві і месцу народжаньня, і пашыхтаваныя ў вертыкальную гіерархію: ад «белых» (прадстаўнікоў белае расы, народжаных на Іберыйскае паўвыспе), да чорных рабоў. Па сваім паходжаньні, Міранда належыў да гэтак званых «белых з узьбярэжжа»: венесуэльскае касты, якая стаяла ніжэй за белых і крэёлаў (тых белых, якія нарадзіліся ўжо на тэрыторыі калёніі), і ў прадстаўніках якой прысутнічала кроў гуанчаў – абарыгенаў Канараў. То бок, Міранда шмат кім трактаваўся як мулат, нягледзячы на тое, што бацька ягоны прыклаў у свой час шмат высілкаў, каб сям'я была пераведзенай у касту крэёлаў, і нават дасягнуў у гэтай справе добрых посьпехаў. У любым выпадку, шлях да добрай адміністрацыйнай кар'еры для Франсіска быў зачыненым. Таму ён, як і шмат іншых «не зусім белых», пайшоў шукаць шчасьця ў гішпанскае войска, набыўшы сабе (за грошы) капітанскі патэнт.

Як афіцэр Арагонскага палку, ён удзельнічаў у Вайне за незалежнасьць ЗША, у якой гішпанскія войскі ваявалі супраць брытанцаў ува Флёрыдзе. У тым ліку, Міранда прыняў удзел у бойцы пры Пенсаколе, у выніку якой гішпанцы адбілі ў брытанцаў заходнюю частку Флёрыды, а таксама ў захопе Багамаў.

Апошняя экспедыцыя прывяла да канфлікту паміж вайсковым начальствам Міранды і тагачасным губернатарам гішпанскае Люізіяны Бярнарда дэ Гальвесам, у выніку чаго Міранда, на некаторы час, апынуўся за кратамі. Вось тут, як лічаць дасьледчыкі, і ўзьнікла ў яго ідэя незалежнасьці для гішпанскіх калёніяў.

Апынуўшыся на волі, Міранда пакінуў войска і накіраваўся ў ЗША, дзе меў размовы з Джорджам Вашынгтонам, Генры Ноксам, Томасам Джэферсанам і іншымі правадырамі Амерыканскае Рэвалюцыі. А далей прагна да прыгодаў пацягнула яго ў Эўропу. Пачаўшы з Брытаніі, дзе ён апынуўся ў 1785 годзе, ён выправіўся ў падарожжа праз Прусію, Італію, Турэччыну, апынуўшыся, у выніку, у Расеі. Акурат тады Расея адзначала далучэньне да сваёй тэрыторыі Крыму, і Міранда, якога вельмі цёпла прынялі пры расейскім імператарскім двары, добра пападарожнічаў і па Крыме, і па Украіне (даволі шмат часу ён прабыў у Кіеве). Кажуць, такі цёплы прыём трэба патлумачыць тым інтарэсам (ня толькі дзяржаўным і ня толькі плятанічным), які мела да маладога смуглявага іншаземца расейская імператрыца Кацярына ІІ. Але мы ня будзем таму верыць і, тым болей, не палезем гэта правяраць – хай чужыя ложыкі застануцца выключна прыватнай сфэрай.

Амаль год правёў Міранда ў Расеі (з 26 верасьню 1786 па 10 верасьню 1787), а потым пакінуў яе, каб, праз Швецыю, Данію, Галяндыю, Гамбург і Францыю, зноўку апынуцца ў Брытаніі. Там яго ледзь не сцапалі гішпанцы, якія мелі пытаньні да былога афіцэру свайго войска, але выратавала Міранду тое, што расейскі амбасадар у Лёндане Сямён Варанцоў абвясьціў яго чальцом расейскае дыпляматычнае місіі. Ён, сапраўды, у далейшым праявіў сябе на дыпляматычным полі, прыняўшы ўдзел ва ўрэгуляваньні спрэчкі паміж Брытаніяй і Гішпаніяй вакол затокі Нутка, што месьціцца на выспе Ванкувер.

А потым яго чакаў новы рэвалюцыйны досьвед. На гэты раз – ува Францыі. І ня толькі на палёх рэвалюцыйных боек, але й у залях рэвалюцыйнага трыбуналу. У красавіку 1793 г. ён быў арыштаваным па абвінавачаньні ў змове супраць рэвалюцыі. Для паранаідальнага стану тагачаснага змагарскага кіраўніцтва Рэвалюцыяй, гэта было амаль аўтаматычным сьмяротным прысудам. Але Міранда настолькі спакойна і адэкватна паводзіў сябе пад час паседжаньняў Трыбуналу (нягледзячы, нават, на тое, што супраць яго выступаў сам Марат), што яго цалкам апраўдалі. Праўда, і далёка яго не адпусьцілі: у ліпені таго ж 1793-га ён зноўку апынуўся за кратамі. На гэты раз усё было больш сур'ёзна: яго, нават, зьмясьцілі ў турму Ля Форс, якую тады клікалі «пярэднім пакоем адхлані».

Выратавала яго толькі тое, што рэвалюцыйныя кіраўнікі так і ня вырашылі, што зь ім зрабіць. На волю ён выйшаў толькі ў студзені 1795 г., ужо пасьля падзеньня Рабесп'еру. Потым ён паўдзельнічаў у змове супраць Дырэкторыі (яго ледзь не прызначылі главой манархічнага мяцяжу), быў зноў арыштаваным, і атрымаў загад пакінуць краіну.

Краіну ён не пакінуў, застаўшыся на тэрыторыі Францыі дзеля падрыхтоўкі новай манархічнай змовы. Але персасьлед з боку паліцыі, якая імкнулася арыштаваць «Перуванскага генералу», прымусіў яго, у рэшце, адплыць у Брытанію. Нягледзячы на ўсе праблемы з рэвалюцыйным кіраўніцтвам, імя Міранды было высечаным на Трыюмфальнае Арцы – адзінае імя амерыканца на гэтым грандыёзным помніку часоў Першай Імперыі.

Рэвалюцыйны досьвед Міранда атрымаў, і гэты досьвед разчараваў яго. Але ідэя незалежнасьці для Радзімы па-ранейшаму грэла яго. У ідэяле ён бачыў будучыню Гішпанскае Амерыкі як незалежнае імперыі з назвай Калюмбія (даніна Хрыстафору Калюмбу), на чале якой мусіў стаяць імператар-інка (даніна дакалюмбавай спадчыне Новага Сьвету) пры наяўнасьці дзьвюхпалатнага парляменту. За ажыцьцяўленьне гэтае мары Міранда і прыняўся, заручыўшыся падтрымкай, як бы цяпер казалі, Лёнданскага абкаму. Менавіта ў Лёндане тады вырашаліся асноўныя накірункі сусьветнае палітыкі, і менавіта Лёндан быў цэнтрам супраціву напалеёнаўскай экспансіі. А паколькі Гішпанія была традыцыйным ворагам Брытаніі, ды й падтрымлівала Напалеёна, у Лёндане вырашылі, што энэргічны гішпанаамерыканскі авантурысты ёсьць здольным добра патурбаваць Мадрыд.

У 1806-м годзе Міранда ўзначаліў вайсковую атаку на тэрыторыю Венесуэлы. Экспедыцыя была няўдалай: маленькі флёт інсургентаў быў разгромленым гішпанцамі, 60 чалавек патрапілі ў палон, зь іх 10 атрымалі сьмяротныя прысуды. Адзінае што, за часам гэтага паходу Міранда разпрацаваў сьцяг незалежнае Венесуэлы, які ў жніўні 1806-га ўпершыню залунаў па-над тэрыторыяй краіны.

На 1808 год быў заплянаваным значна больш маштабны паход. Але тут Напалеён зьнянацку атакаваў Гішпанію, якая, ад такога павароту падзеяў, тут жа пераўтварылася ў хаўрусьніка Брытаніі. У выніку, лёнданскі абкам кінуў беднага венесуэльскага эмігранта сам насам зь марамі пра незалежнасьць.

І застаўся бы Міранда пісаць якія мемуары пра негатоўнасць народу Гішпанскае Амерыцы да барацьбы за свабоду, каб ня той самы народ. 19 красавіку 1810 году ў Каракасе пачалося паўстаньне, якое пазбавіла ўлады гішпанскую каляніяльную адміністрацыю, перадаўшы тую ўладу Найвышэйшае Хунце.

Дэлегацыя Хунты, у якую ўваходзіў, у тым ліку, Сімон Балівар, накіравалася па падтрымку ў той самы Лёндан. І там жа чальцы дэлегацыі зьвярнуліся да Міранды з просьбай вярнуцца ў Каракас. Што ён і зрабіў.

Пасьля трыюмфальнае сустрэчы, Міранда стварыў Патрыятычнае Таварыства, мэтай якога паставіў абвяшчэньне незалежнасьці Венесуэлы. І ў хуткім часе ягоная мара зьдзейсьнілася: ён сам, сваёй рукою, паставіў подпіс на дэклярацыі аб незалежнасьці.

На гэтым пачалася гісторыя незалежнае Венесуэлы. І на гэтым, практычна, завяршылася гісторыя Міранды. Праз год, у 1812-м, Гішпанская імперыя, якая вызвалілася ад французскага панаваньня, зьвярнула пільную ўвагу на бардак у сваіх амерыканскіх калёніях. Гішпанксія войскі, дасланыя зь метраполіі, пачалі нанасіць паразы паўстанцам. А паколькі ў калёніях знайшлося няшмат тых, хто з зброяй у руках быў гатовым абараняць свабоду (думаю, такіх было меней за 14%), затое было шмат тых, хто падтрымліваў гішпанскую карону, дык супраць рэспубліканцаў пачаліся паўстаньні, і цэлыя гарады вярталіся пад каралеўскую ўладу.

Міранда палічыў стан рэспубліканцаў безперспектыўным, і 25 ліпеню 1812 г. ён падпісаў перамір'е з гішпанцамі, па ўмовах якога, у тым ліку, інсургенты траплялі пад амністыю. Нягледзячы на тое, што пакараньне, згодна з амністыяй, яго не чакала, Міранда вырашыў пакінуць Венесуэлу і адправіцца ў Брытанію.

І вось тут адбылося нечаканае. Ягоныя былыя паплечнікі на чале з Баліварам арыштавалі яго і перадалі ў рукі гішпанцаў. Балівару потым давялося апраўдвацца за гэты ўчынак: маўляў, Міранда здрадзіў спольнае справе, калі падпісаў перамір'е. Але да канца Лібертадор так і не адмыўся.

А Міранда зноў апынуўся за гішпанскімі кратамі, зь якіх ён і пачаў шмат дзесяцігодзьдзяў таму сваё знаёмства з разнастайнымі эўрапейскімі турмамі. На гэты раз на волю ён ужо ня выйшаў. Памёр ён у гішпанскае турме ў гадавіну штурму Бастыліі – 14 ліпеню 1816 г..

У бягучы момант імя Міранды носіць адна з чавесаўскіх місіяў, дзейнасьць якой ёсьць накіраванай на барацьбу зь беднасьцю. Вынікі пакуль сумнеўныя.

На выяве: Апошнія дні Міранды ў гішпанскае турме. Карціна венесуэльскага мастака Артура Мічэлены.


Яўген Красулін

 

 

Другие материалы в этой категории: « Футбольная вайна Краіна бяз войску »

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.