A+ A A-


Кароткая гісторыя дзяржкантролю па-над абменам валютаў у Венесуэле

Оцените материал
(10 голосов)

Даволі часта ў нашых краёх даводзіцца сутыкацца зь меркаваньнем: для нармалёвага функцыянаваньня эканомікі кантроль дзяржавы ёсьць неабходным.

Ну, сапраўды, як абысьціся без кантролю за гэтымі ўсімі прыватнымі прадпрымальнікамі, у якіх адзіная матывацыя – асабістая нажыва. Аргументацыя ў падтрымку такога меркаваньня, як правіла, ляжыць па-за межамі ratio і грунтуецца на карціне сьвету, сфармаванай расейскімі СМІ, дзе прапаганда этатызму... як бы гэта прасьцей казаць... ну, зашкальвае, штоле. Хоць, канечне, не паспрачаешся: вольны рынак не зьяўляецца панацэяй ад перыядычных крызісаў.

Аднача, у той жа час, гісторыя і навакольны сьвет даюць нам досыць матэрыялу для таго, каб пераканацца: аніводны вольны рынак ня можа прывесьці эканоміку краіны да такога катастрафічнага стану, да якога можа яе прывесьці дзяржаўны кантроль.

Хрэстаматыйным прыкладам тут – Венесуэла і яе сістэма кантролю па-над валютнымі аперацыямі. Фантазія дзяржаўных чыноўнікаў, перад якімі ставіцца задача зрабіць яе як мага больш эфектыўнай, падаецца проста невычарпальнай. У лютым бягучага году запусьцілі ўжо чацьвёртую схему абмену валюты за апошнія чатыры гады. Як і папярэднія, яна мусіць выправіць катастрафічную сітуацыю ў валютнае сфэры, пакінуўшы па-над гэтай сфэрай жорсткі дзяржаўны кантроль. Таму, адразу, можна казаць: яе лёс ня будзе адрозьнівацца ад лёсу яе папярэднікаў.

Сіуацыя з валютай у Венесуэле зьяўляецца лягічным вынікам палітыкі Чавесу. У першыя гады ягонага кіраваньня (1999-2001) усё было добра – за кошт росту цэнаў на нафту. А потым пачаліся праблемы – цана на нафту ўпала прыблізна на 18%, адкінуўшы ўзровень ВУП краіны да ўзроўню 1997 г.. Узрастала незадаволенасьць палітычным курсам прэзідэнту: асабліва моцны шок венесуэльцы выпрабавалі, калі высьветлілася, што новыя школьныя падручнікі – гэта, насамрэч, падручнікі кубінскія, запоўненыя рэвалюцыйнай прапагандай. І, канечне, пратэст выклікаў усё большы маштаб умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку.

Незадаволенасьць курсам прэзідэнту выклікала спробу дзяржаўнага перавароту ў 2002-м, а потым – страйк сьнежню 2002-студзеню 2003, які праходзіў пад палітычнымі лёзунгамі. Страйк прывёў да спыненьня здабычы нафты і невыкананьня Венесуэлай сваіх кантрактаў і, як сьледства, - безпрацоўя, дэфіцыту і аслабленьня курсу нацыянальнай валюты – балівару. Адказам на гэтыя выклікі было ўсталяваньне яшчэ большага дзяржаўнага кантролю, у першую чаргу – за абаротам валюты.

Адпаведны закон быў выдадзены яшчэ ў студзені 2003 г. з мэтай абмежаваць адток капіталу і падтрымаць стабільнасьць балівару. У лютым таго ж году была ўтворанай Камісія па кіраваньні абменам валютаў (Cadivi - Comisión de Administración de Divisas), праз якую можна было абмяняць нацыянальную валюту – балівары – на амерыканскія даляры. За незаконныя аперацыі з валютай была прадугледжанай адказнасьць.

Фактычна, гэта азначала забарону на свабодную канвертацыю былівару ў іншаземную валюту і ўвядзеньне дзяржаўнага кантролю па-над падобнымі аперацыямі. Але шлях абмену праз гэты механізм, зразумела, быў зусім не папулярным, паколькі яму супярэчыла сама мэта Cadivi – стаяць на шляху ўцёкаў капіталаў. Таму працэс абмену быў марудным да немагчымасьці. Затое гэта прывяло да росквіту чорнага рынку, гадавы абарот якога дасягаў дзясяткаў мільлярдаў даляраў. Курс балівару на ім, зразумела, быў ніжэйшым за афіцыйны.

Дзеля выпраўленьня сітуацыі, у чэрвені 2010 г. была запушчанай сістэма Sitme (Сістэма транзакцыяў замежнай валюты, Sistema de Transacciones con Títulos en Moneda Extranjera). 
Яна прадугледжвала магчымасьць набыцьця фізычнымі і юрыдычнымі асобамі часткі нацыянальнае пазыкі, выражанай у бондах (аблігацыях), дэнамінаваных у замежнай валюце. Выпускам бондаў займалася, амаль выключна, дзяржаўная нафтаздабываючая кампанія PDVSA. Мясцовыя банкі-апэратары атрымлівалі бонды, якія прадавалі іх за балівары зацікаўленым асобам: кампаніям-імпарцёрам (да 350 тыс. даляраў у месяц, але ня больш за 50 тыс. даляраў у дзень) ці прыватным асобам (ад 5 да 10 тыс. у год на разнастацныя патрэбы: падарожжа, вучобу, лячэньне і г.д.). Потым бонды праз дэпазіты абменьваліся на валюту на зьнешнім рынку па курсе, які ўсталёўваўся цэнтрабанкам. Прададзеныя бонды, зноў, праз дэпазіты, маглі абменьвацца на балівары і, такім чынам, вярталіся на рынак.

У ідэяле, сістэма мусіла працаваць па прынцыпе самааднаўленьня, як сьцьвярджаў тагачасны прэзідэнт Венесуэльскага цэнтрабанку Нельсан Мэрэнтас: бонды маглі круціцца ў ёй і 50, і 100 год. Але на практыцы ў краіне заставаліся розныя курсы. І калі ў рамках Sitme за даляр давалі 5 балівараў, дык на чорным рынку за яго давалі 9. Такім чынам, тым, хто набыў бонд за валюту, не было аніякага сэнсу мяняць яго зноў на балівары з відавочным пройгрышам у курсе. У выніку, дзяржава была вымушанай увесь час папаўняць сістэму новымі бондамі, што прывяло да рэзкага росту нацыянальнай запазычанасьці – з 60 млрд даляраў да 90 млрд даляраў. І гэта – усяго за два гады, пры тым, што 2012-ты быў ня самым горшым годам для венесуэльскай эканомікі.

Акрамя таго, сістэма пераўтварылася ў схему па адмыўцы грошай, і праз два гады шмат хто з дылераў у Маямі ня здолеў даць разумнага адказу на пытаньне наконт сваёй зацікаўленасьці ва ўдзеле ў транзакцыях з бондамі. Ды й чорны рынак яна ня здолела ліквідаваць, бо здавальняла толькі 30-35% попыту на валюту.

У лютым 2013 адбылася чарговая дэвальвацыя (сёмая, калі не памыляюся, з пачатку прэзідэнцтва Чавесу), што прывяло да ўсталяваньня курсу 6.30 балівару за даляр (што, усё роўна, на дасягала ўзроўню чорнага рынку – там за даляр давалі ўжо 12 балівараў). Пасьля гэтага Sitme была ліквідаванай, як механізм, які ня выканаў пастаўленыя перад ім задачы.

Было вырашаным, што забесьпячэньнем валютай будзе займацца, па-ранейшаму, Cadivi (па курсе 6.30). А паколькі эфектыўнасьць Cadivi з 2003 году ніякім чынам не падвысілася, праз месяц (у сакавіку 2013-га) была запушчанай новая дадатковая схема: Sicad (Sistema Complimentario de Administración de Divisas - Дадатковая сістэма адміністраваньня замежнай валюты).

Гэтая сістэма будуецца па прынцыпе аўкцыёну: пакупнікі, якім валюта ёсьць неабходнай для аплаты імпартных тавараў, падаюць свае прапановы па цане ў зачыненых карпэтах, якія венесуэльскі цэнтрабанк сартуе ў адпаведнасьці з коштам прапановы па зыходзячай. Патрэбы пакупнікоў задавольваюцца ў тым жа парадку – першынство мае той, хто прапануе найвышэйшую цану, і г.д., пакуль ня скончыцца ліміт валюты. Пры гэтым, варта адзначыць, пераможца аўкцыёну не атрымлівае валюту ў свае рукі: цэнтрабанк пералічвае яе непасрэдна пастаўшчыку тавару. У выніку, па разьліку, на кожны наступны аўкцыён прапанаваныя цэны будуць зкарэктаванымі, пакуль праз некалькі аўкцыёнаў не ўсталюецца «нармалёвы» курс (па тагачасных падліках – на ўзроўні ад 9 да 11 балівараў за даляр). Першапачаткова плянавалася праводзіць аўкцыёны штотыднёва, і на кожным прадаваць валюту на суму ў 200 млн. даляраў.

Цудоўнай была б гэтая схема, калі б яна пераўтварылася, сапраўды, у рынкавую мадэль аўкцыёну. Калі б яна не кантралявалася шчыльна дзяржавай, а яе ажыцьцяўленьне было празрыстым, а таксама справядлівым для ўсіх удзельнікаў. Але гэтага не было: дзяржава вызначала, каго дапускаць да ўдзелу ў аўкцыёне, а таксама, якія прадукты можна праз гэтую сістэму аплачваць. Акрамя таго, права на набыцьцё валюты на абавязкова атрымліваў той удзельнік, які прапаноўваў вышэйшую цану. Ды й той, хто гэтае права атрымліваў, не заўжды мог набыць усю замоўленую суму. Самі аўкцыёны праводзіліся нерэгулярна – усяго 14 за 2013 г., на якіх было прададзена толькі 1,5 млрд даляраў.

Больш за тое, кантроль цэнтрабанку па-над транзакцыямі так марудзіў іхняе правядзеньне, што іхняга завяршэньня можна было чакаць месяц. І карыстацца гэтай сістэмай мог толькі вялікі бізнэс, паколькі ў сярэдняга і дробнага бізнэсу на гэта проста бракавала рэсурсаў для прапановы высокай цаны.

У выніку, замест эфектыўнага рынкавага механізму, атрымалася вялікае поле для карупцыі. Кантроль дзяржавы прывёў не да парадку ў валютнае сфэры, а да таго, што выцягваньне даляраў з эканомікі па дзяржаўным курсе і перапродаж іх на чорным рынку пераўтварылася ў самы прыбытковы занятак у краіне. І тут – хочаш-ня хочаш, як бы гэта не супярэчыла закону і маралі, калі дзяржава зтварае такія прывабныя ўмовы, прагна асабістай нажывы бярэ верх па-над усімі іншымі матывацыямі. Па ацэнках экспертаў, на пачатак 2014 г. кожны трэці даляр у Венесуэле быў зкрадзеным ці выкарыстоўваўся не па прызначэньні.

Зразумела, ні пра якую ліквідацыю чорнага рынку гаворкі не ішло, як і пра спыненьне падзеньня курсу балівару. Праз год ад пачатку функцыянаваньня Sicad, на чорным рынку за даляр давалі ўжо 88 балівараў.

З гэтых падставаў сацыялістычнае кіраўніцтва Венесуэлы на пачатку 2014 г. было вымушаным зноў узяцца за сістэму абмену валюты. Тым болей, што ўзьнікла яшчэ адна праблема. Раптоўна высьветлілася, што карупцыя дабралася да вышэйшага кіраўніцтва асноўнай венесуэльскай інстытуцыі па абмену валюты – Cadivi. У 2012 г. тагачасны кіраўнік Камісіі – палкоўнік Мануэль Бароса – незаконна выдзеліў 23,5 млн даляраў фірмам сваіх знаёмых (адстаўных вайскоўцаў). Гэта прывяло да таго, што 15 студзеню 2014 г. прэзідэнт Мадура абвесьціў пра роспуск Cadivi і стварэньне на яе месцы Нацыянальнай рады па зьнешнім гандлі (Consejo Nacional de Comercio Exterior, CENCOEX).

Адпаведна, сістэма абмену таксама зьмяніла сваю назву – з Cadivi на Cenсoex, але яе механізм, практычна, не зьмяніўся. Празь яе валюта прадавалася па афіцыйным курсе ў 6.30 балівараў за даляр і прызначалася для імпарту найбольш істотных тавараў, дэфіцыт якіх у Венесуэле адчуваецца вельмі востра: прадуктаў харчаваньня і лёкаў, а таксама для набыцьця будаўнічых матэрыялаў і атрыманьня адукацыі (такі клопат пра будучыню нацыі і яе перспектывы можна толькі вітаць).

У функцыі Нацыянальнай рады ўваходзіла таксама правядзеньне аўкцыёнаў Sicad. Абменны курс на іх, па ранейшаму, вагаўся ў межах 10-12 балівараў за даляр, і гэтай сістэмай маглі зкарыстацца імпарцёры і арганізацыі, зьвязаныя з авіяцыяй, тэхналёгіямі, інтэлектуальнай уласнасьцю, замежнымі падарожжамі, страхаваньнем і г.д. Пры гэтым на Cenсoex і Sicad прыпадала, адпаведна, 73 і 27% афіцыйных абменных аперацыяў.

Але, як мы памятаем, эфектыўнасьць гэтых дзьвюх сістэмаў была нездавальняючай, што дрэнна адбівалася на сітуацыі ў краіне: з-за браку валюты, шматлікія фірмы-імпарцёры былі вымушанымі зьвяртацца па даляры да чорнага рынку, а гэта моцна задзірала цэны на тавары для венесуэльцаў.

У чарговай спробе выправіць сітуацыю, у сакавіку 2014-га кіраўніцтва Венесуэлы запусьціла трэцюю сістэму, якая атрымала назву «Альтэрнатыўная сістэма абмену валюты» (Sistema Cambiario Alternativo de Divisas), якая ўвайшла ў практыку пад абрэвіятурай Sicad II (адпаведна, «дадатковая сістэма» атрымала пазначэньне Sicad I).

Новая сістэма часткова была вяртаньнем да старой ідэі з бондамі, дэмінаванымі ў замежнай валюце. Кліенты (як юрыдычныя, так і фізычныя асобы) маглі набываць у банкаў наяўную валюту ці бонды, якія можна было на тую валюту абмяняць. Курс валют усталёўваўся кожны дзень, у залежнасьці ад попыту і прапанаванай цаны. І, што было вельмі нечаканым, курс першага дню абмену быў усталяваным вельмі высокім – 51.80 балівараў за даляр, ш то было, канечне, нашмат бліжэй да курсу чорнага рынку, які тады вагаўся ў межах 85-88 балівараў за даляр.

Шмат у каго новая сістэма выклікала хвалю аптымізму: маўляў, нарэшце, запушчаны сапраўды рынкавы механізм фармаваньня абменнага курсу. Першыя дні функцыянаваньня сістэмы, быццам, падмацавалі пазіцыі аптымістых: курс даляру на чорным рынку ўпаў да 57 балівараў.

Праўда, на фоне аптымізму, некаторыя замежныя фірмы, якія раней карысталіся сістэмамі Cenсoex і Sicad І, раптам, высьветлілі, што цяпер яны могуць канвертаваць свой прыбытак, атрыманы ў баліварах, у даляры па значна меней выгадным курсе. Па хуценька праведзеных падліках яны даведаліся, што іхнія страты ад пераходу на новую сістэму абмену ў 2014-м будуць дасягаць соцень мільлёнаў даляраў. Папулярным зрабілася пытаньне: колькі зпатрэбіцца балівараў каб набыць даляр.

Тады пачалі прыслухоўвацца да галасоў песімістых, якія і раней спрабавалі зьвярнуць увагу на тое, што Sicad ІІ нясе ў сябе небясьпеку для экспарцёраў, а значыць, і для эканомікі Венесуэлы і сітуацыі ў краіне ў цэлым. Больш за тое, даволі хутка зрабілася відавочным, што рынкавыя прынцыпы і побач не стаялі зь сістэмай Sicad ІІ. Кантроль па-над аперацыямі ажыцьцяўлялі цэнтрабанк і міністэрства фінансаў, банкі, якія займаліся набыцьцём і продажам валюты не маглі зтвараць уласныя яе запасы: яны маглі прадаваць толькі тую валюту, якую набылі ў гэты дзень у іншых кліентаў. Калі на момант завяршэньня працы ў банкаў заставаліся не разпрададзеныя залішкі, яны былі абавязаны здаць іх цэнтрабанку.

«Рынкавы» механізм фармаваньня курсу таксама не зпрацаваў. Нягледзячы на калясальны ўзровень інфляцыі, цана даляру ўпарта заставалася на ўзроўні 49-50 балівараў. Пры гэтым, падзеньне кошту нафты нанесла дадатковы моцны ўдар (плюс к неэфектыўнаму дзяржаўнаму мэнэджменту ды іншым праблемам) па дзяржаўнай нафтаздабываючай кампаніі PDVSA, якая забясьпечвае 95% ад агульных паступленьняў валюты ў краіну. А гэта прывяло да зкарачэньня паступленьняў валюты, якая і так была ў дэфіцыце. А гэта, у сваю чаргу, прывяло да таго, што абменны курс на чорным рынку хутка пераадолеў планку ў 100 балівараў.

Акрамя таго, замежныя кампаніі працягвалі выціскацца (перш за ўсё – праз складанасьць ажыцьцяўленьня транзакцыяў) з «прывілеяваных» сістэмаў абмену Cenсoex і Sicad І у значна меней выгадную Sicad ІІ, з-за чаго яны нясуць значныя страты. Напрыклад, амерыканская хімічная кампанія Praxair, якая зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам і пастаўшчыком прамысловых газаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у студзені бягучага году абвесьціла, што ў выніку пераходу з абменнай сістэмы Cenсoex (6.30 балівараў за даляр) на абменную сістэму Sicad ІІ (каля 50 балівараў за даляр), яна чакае падзеньня прыбытку ў 2015-м на 100 млн даляраў.

Гэта – толькі адзін прыклад. Усяго на бягучы момант у гандлі зь Венесуэлай удзельнічаюць 40 найбуйнейшых амерыканскіх кампаніяў, сярод якіх такія гіганты як General Motors і Merck & Co (адзін з буйнейшых у сьвеце вытворцаў лёкавых сродкаў). Агульная сума балівараў на іхніх рахунках дасягае 11 млрд у даляравым эквіваленьце. Але прадстаўнікі гэтых кампаніяў адзначаюць, што перавесьці гэтыя актывы ў даляры праз Cenoex і Sicad І – немагчыма. Пераход жа на Sicad ІІ, як у выпадку з Praxair, вядзе да вялікіх стратаў. Прычым, пераход на Sicad ІІ – гэта ў лепшым выпадку. У горшым – чорны рынак, дзе за даляр у пачатку бягучага году прасілі ўжо 190 балівараў. А вось адна з найбуйнейшых у сьвеце фінансавая карпарацыя Citigroup Inc. нядаўна прызналася, што з 2008 г. увогуле ня можа абмяняць балівары на даляры.

Вынікам гэтых працэсаў, канечне, можа быць інфляцыя, бо кошты для спажыўцоў у самой Венесуэле мусяць вырасьці адпаведна, каб кампенсаваць страты бізнэсу. Як казаў Джо Коган, галоўны рынкавы стратэг нью-ёрскага банку «Nova Scotia»: «Калі ты жадаеш, каб бізнэс імпартаваў па абменным курсе 55 балівараў за даляр, дык ты павінны дазволіць яму ўсталёўваць адпаведныя цэны на спажывецкія тавары». Але хто ж з сацыялістычнага кіраўніцтва Венесуэлы, якое кантралюе цэны ў краіне, на гэта пойдзе?

Замест гэтага прэзідэнт Мадура, пасьля свайго няўдалага турнэ па Старому Сьвету ў пошуках матэрыяльнае дапамогі венесуэлськай сацыялістычна ідэі, прапанаваў новую сістэму абмену, якая і была запушчанай 12 лютага бягучага году.

Яна атрымала назву Sistema Marginal de Divisas (Simadi), што можна перакласьці як «Маржынальная сістэма абмену валютаў». Па заявах кіраўніцтва Венесуэлы, Simadi мусіць замяніць Sicad II, пераняўшы асноўныя элементы папярэдніцы. Праз гэтую сістэму фізычным і юрыдычным асобам можна будзе набываць і прадаваць даляры па курсе, усталяваным праз рынкавыя механізмы, у залежнасьці ад попыту і прапановы. Мэта – задаволіць попыт на валюту і ліквідаваць чорны рынак. Адсотак ад агульнай колькасьці абменных аперацыяў у краіне – ад 3 да 5.

Тыя, хто ўжо забыў пра штогадовыя экзэрсісы венесуэльскага кіраўніцтва ў сфэры абмену валютаў, зноў радасна закрычалі пра крок да лібералізацыі. І тое праўда – хто ж прыгадае ў нашай цяперашняй плыні інфармацыі, што ўсё гэта ўжо было. І што Simadi, у рэчаіснасьці, аніякім рынкавым механізмам не зьяўляецца, бо такому механізму няма адкуль узяцца ў краіне, якая імкнецца кантраляваць усё.

Хоць Simadi пакуль і выглядае для назіральнікаў чорнай скрыняй, але ўжо можна казаць пра яе асноўныя рысы. Свабоднага рынку валюты ня будзе: пакупнік (як і прадавец) мусяць карыстацца паслугамі толькі таго банку, кліентамі якога яны зьяўляюцца. То бок, калі прадавец зьяўляецца кліентам банку А, ён ня можа прадаць сваю валюту банку Б. Пакупнік валюты можа набыць у банку толькі тую суму, якую раней у той жа дзень гэты банк набыў у прадаўцу – ня болей. І калі пакупніку-кліенту банку А трэба 5 тыс. даляраў, а ў банку гэтай сумы няма, банк ня можа зьвярнуцца да банку Б, каб набыць валюту ў яго і задаволіць запыт кліенту. То бок, аніякага міжбанкаўскага рынку таксама ня будзе. Як і раней, усе штодзённыя залішкі валюты здаюцца венесуэльскаму цэнтрабанку. А гэта, у сваю чаргу, робіць зусім незразумелым механізм фармаваньня абменнага курсу – у любым выпадку, «рынкавым» гэты механізм не зьяўляецца.

Гэтак жа, як і папярэднія сістэмы, Simadi будзе адчуваць брак валюты. PDVSA выпусьціла, канечне, дадатковыя аблігацыі на суму 3 млрд даляраў, але бягучая цана гэтых аблігацыяў зкладае ўся 34% ад наміналу. Такім чынам, абменная сістэма атрымае толькі 1 млрд даляраў у аблігацыях, чаго відавочна замала для здавальненьня попыту.

Адзінае відавочнае адрозьненьне – гэта курс, які ў першы дзень функцыяваньня Simadi быў усталяваным на ўзроўні 170.1 балівару за даляр (на чорным рынку ў той дзень за даляр давалі 178 балівараў). Дэвальвацыя адносна афіцыйнага курсу ў 6.30, такім чынам, de facto зклала каля 2698 %.

Не ліквідуе новая сістэма і падставаў для карупцыі. «Прывілеяваныя» бізнэсоўцы, то бок тыя, хто мае выйсьце на патрэбных чыноўнікаў зь сістэмаў абмену валютаў (асабліва гэта тычыцца дзяржаўных фірмаў), могуць па-ранейшаму карыстацца ільготнымі магчымасьцямі Cenсoex і Sicad І, у той час як усе астатнія прадпрымальнікі апынаюцца ў вельмі нявыгадных умовах. Прычым, прывілеяваныя ня проста набываюць даляры па афіцыйных нізкіх курсах. Яны могуць патраціць на набыцьцё імпарту далёка ня ўсю суму даляраў, якую яны набылі, а тое, што застанецца (а застацца можа значна болей за патрачанае) аднесьці на чорны рынак і прадаць там па адпаведным курсе.

Напрыклад, набывае такі бізнэсовец у дзяржавы 100 тыс. даляраў праз Cenсoex (ну, зкажам, дзеля набыцьця якіх-небудзь лёкаў). За гэта ён плоціць 630 тыс. балівараў. Далей, з гэтых 100 тыс. ён на 10 тыс. набывае лёкі, а астатнія 90 тыс. цягне на чорны рынак, дзе прадае па курсе, зкажам, 180 балівараў, што прыносіць яму 16.2 млн балівараў. У выніку, толькі на абменных аперацыях – амаль 15.6 млн балівараў навару. Хто ж ад такога адмовіцца?

Праз усё гэта робіцца відавочным, што для прыватнага бізнэсу аніякіх паляпшэньняў сістэма не нясе. Наадварот, яна працягне працэс выцісканьня яго ў маргінальную сфэру. Адсюль некаторыя эксперты лічаць, што менавіта так трэба разумець слова «marginal» у ейнае назве.

У цэлым, тыя эксперты, якія памятаюць усю гісторыю сістэмаў абмену валюты, падкантрольных венесуэльскае дзяржаве, лічаць, што Simadi – ня болей чым спроба прадэманстраваць насельніцтву Венесуэлы, што палітычнае кіраўніцтва нешта робіць для выпраўленьня катастрафічнай сітуацыі, якая зклалася ў краіне і якая мае трэнд на пагаршэньне. Таму ў Венесуэле зьявілася шмат жартаў вакол гэтай сістэмы, у тым ліку і альтэрнатыўна разшыфроўка назвы: SIstema de MAduro y DIosdado (маецца на ўвазе, што яна нікому не патрэбная, акрамя прэзідэнта краіны Нікаляса Мадуры і прэзідэнта Нацыянальнай Асамблеі (парляменту) Венесуэлы Д'ёсдады Кабэё). Хоць, шчыра кажучы, і ім яна вялікага профіту не прынясе.

У тэорыі, ураду варта было б пайсьці на дэвальвацыю афіцыйнага курсу, але гэта прывядзе да росту цэнаў, што адразу паўплывае на папулярнасьць сацыялістычнага кіраўніцтва, якая і бяз гэтага знаходзіцца не на высокім узроўні (па апошніх апытаньнях, рэйтынг прэзідэнта Мадуры знаходзіцца на ўзроўні 22% - самым нізкім з моманту абраньня на прэзідэнцкую пасаду). А тут – яшчэ адна бяда: у 2015 годзе Венесуэле трэба будзе выплаціць 10.3 млрд даляраў пазыкі па аблігацыях, зь іх 1.1 млрд - ужо 16 сакавіку. Можна казаць, што станоўчага ўплыву на венесуэльскую эканоміку гэтая акалічнасьць не пакіне.

Калі прыгадаць, якія праблемы нясе сітуацыя для тых іншаземцаў, хто працуе зь Венесуэлай, робіцца цалкам зразумелай пазіцыя аналітыкаў, якія прагназуюць масавы зыход замежных кампаніяў зь венесуэльскага рынку. Што аніякім чынам вырашэньню эканамічных і сацыяльных праблемаў Венесуэлы спрыяць ня будзе. Бо як бы нас не палохалі аматары левых ідэяў вывазам капіталаў у выглядзе прыбыткаў іншаземных кампаніяў, гэтыя іншаземныя кампаніі здорава ажыўляюць эканоміку тых краінаў, на тэрыторыі якіх яны дзейнічаюць. Калі ж казаць пра Венесуэлу, дык іхні зыход пацягне за сабой рэзкі рост дэфіцыту жыцьцёва неабходных тавараў, які будзе немагчыма кампенсаваць за кошт іншых крыніцаў. А гэта прывядзе да далейшага росту сацыяльнай напруджанасьці і павялічэньні маштабаў вулічных пратэстаў.

Тут ужо сітуацыю дэкарацыямі, кшталту Simadi, ня выправіць. Больш за тое, такія меры з боку ўраду могуць толькі павялічыць разрыў паміж рэчаіснасьцю і той карцінкай, якую малюе палітычнае кіраўніцтва. Ні Sitme, ні Sicad І і ІІ, ні Cencoex ня здолелі вырашыць пастаўленыя перад імі задачы. Больш за тое, кошт гэтых дэкаратыўных мерапрыемстваў для эканомікі зь цягам часу ўзрастае ўсё болей, і кошт Simadi можа апынуцца найвялікшым. Не таму, што новая сістэма горш за папярэднія, а таму што яна паўтарае іх у спробе сацыялістычнага кіраўніцтва Венесуэлы захаваць свой кантроль над абменам валюты і недапусьціць разьвіцьця прыватнага бізнэсу ў краіне. У той час, як сітуацыя патрабуе зусім іншых мерапрыемстваў. І паколькі гісторыя з абменнымі сістэмамі дэманструе, што дзяржаўны кантроль ня можа стварыць сапраўды эфектыўны механізм, найбольш лягічным быў бы пераход да рэальнай лібералізацыі эканомікі з стварэньнем умоваў для разьвіцьця рынку і прыватнага бізнэсу.

Але гэта – як раз тое, на што сацыялістычнае кіраўніцтва пайсьці ня можа. Таму і далей яно будзе дзейнічаць па прынцыпе песенькі, якую пеў персанаж аднаго з савецкіх фільмаў: «Чтобы с этих пор по-новому, Оставалось все по-старому». Пакуль канчаткова ня скончыцца рэсурс, здольны ўтрымліваць масавыя пратэсты.

А пішу я гэта ўсё вось дзеля чаго. За апошнім часам у сеціве пачалі зьяўляцца навіны пра пляны кіраўніцтва суседняе (усходняе) краіны ўсталяваць свой кантроль па-над абаротам іншаземнай валюты. У тым ліку гучаць ідэі пра поўную забарону вольнага абароту даляраў ЗША (як і забарону на валоданьне грамадзянамі гэтых самых клятых даляраў). Гэта значыць – шлях усталяваньня дзяржаўнага кантролю па-над абменнымі аперацыямі. А паколькі сітуацыя ў нашай краіне цяпер мала адрозьніваецца ад сітуацыі ў суседа, дык зь вялікае доляй верагоднасьці можна казаць, што нас чакае тое ж. Што з гэтага атрымаецца – як раз і дэманструе венесуэльскі досьвед. І, як і для Венесуэлы, для нас вельмі істотным будзе кошт гэтай сітуацыі і, галоўнае – кошт выйсьця зь яе. Бо мы ж, таксама, ад лібералізму будзем адбівацца да апошняга. Чаго «апошняга» - дадумайце самі.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.