A+ A A-


Кансэрватыўны "пераварот" у Зімбабвэ

Оцените материал
(7 голосов)

15.11.2017, 02.00. Цікавая сітуацыя зклалася ў Зімбабвэ. Вайскоўцы, якія ўвайшлі ў Харарэ, патрабуюць спыніць чысткі ў ZANU-PF - партыі, якая кіруе ў Зімбабвэ з 1980 г., і якой з таго ж часу кіруе Мугабэ.

Пад чысткі трапляюць ветэраны Вызваленчай вайны (1964-1979), якія да гэтага былі палітычнай элітай Зімбабвэ. Пры гэтым нельга казаць пра спробу перавароту. Вайскоўцы проста дэманструюць сілу, каб захаваць існуючае становішча.

У папярэднія дзесяцігодзьдзі ветэраны Вызваленчай вайны старанна выбудоўвалі сістэму, пры якой краіна рабілася, фактычна, іхняй уласнасьцю. І вось удар, адкуль не чакалі: прэзідэнт і першы сакратар ZANU-PF Мугабэ адпраўляе ў адстаўку віцэ-прэзідэнта Эмерсана Мнангагву. Таго самага Мнангагву, які разглядаўся як магчымы пераемнік Мугабэ (у тым ліку й удзельнікамі папярэдняй спробы перавароту, што адбылася ў 2007 г.) і ў 2015-м трыюмфальна перамог ва ўнутрыпартыйнай барацьбе Джойс Муджуру - тагачасную віцэ-прэзідэнта, - якая таксама прэтэндавала на ролю пераемніка..

Мнангагва цудоўна пасуе ролі пераемніку: па-першае, ён па мерках зімбабвійскай палітыкі яшчэ малады (усяго 75 супраць 93 у Мугабэ), а па другое, ён - ветэран Вызваленчай вайны. А гэта, як ужо было зказана, ёсьць вельмі істотным момантам. Як выказаўся адзін з вышэйшых зімбабвійскіх афіцэраў, ён аніколі не павітае кіраўніка, які ня ўдзельнічаў у вайне.

Мугабэ, увогуле, за апошнім часам пачаў вычышчаць ветэранаў з партыі. У гэтым і ёсьць галоўная прэтэнзія вайскоўцаў да свайго прэзідэнта і галоўнае іхняе патрабаваньне: спыніць чысткі ў партыі! Пры гэтым пра адстаўку прэзідэнта гаворка ні ў якім разе не ідзе.

Але выгнаньне Мнангагвы мае адзін істотны момант. А менавіта тое,што цяпер самай уплывовай асобай у кіруючай партыі зрабіўся галоўны канкурэнт былога віцэ-прэзідэнта (і па сумяшчальніцтву - жонка прэзідэнта) Грэйс Мугабэ. Маладая (52 гады). І вельмі не адназначная, зь вялікім хвастом карупцыйных скандалаў і абвінавачаньняў.

Узвышэньне Грэйс ў зімбабвійскай палітыцы выклікае асобнае абурэньне з боку вайскоўцаў. Адсюль і меркаваныя танкі на вуліцах Харарэ. Але й у Грэйс ёсьць свой рэсурс. Гэта - моладзевае крыло ZANU-PF, чый сакратар Кудзанай Чыпанга ўчора абвясьціў, што мільлёны зімбабвійскіх "камсамольцаў" грудзямі паўстануць на абарону свайго прэзідэнта (то бок, пазіцыяў ягонай жонкі) супраць пасягальніцтваў з боку вайскоўцаў. (Варта таксама адзначыць, што яшчэ нядаўна - пару год таму - маладыя чальцы партыі падтрымлівалі як раз Мнангагву)

Карацей, у зімбабвійскай палітыцы намячаецца зьмена пакаленьняў, чаму вайскоўцы спрабуюць процістаяць. Як можна зразумець, пазіцыя вайскоўцаў у гэтай справе загадзя пройгрышная, бо супраць прыроды не папрэш нават на танках.

Іншае пытаньне, ці прывядзе зьмена пакаленьняў да чагосьці кшталту зімбабвійскай перабудовы? Пакуль на гэта нішто не ўказвае. Праўда, як адзначыў некалькі гадзін таму адзін апазіцыйна настроены зімбабвійскі публіцысты, апазіцыі ўся гэтая сітуацыя ўсё роўна ёсьць выгаднай. Можа, на наступных прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў наступным жа годзе, гэта дапаможа перамагчы Моргану Цвангіраі - лідару апазіцыйнага Руху за дэмакратычныя перамены. Калі толькі Мугабэ дажыве. А тое прызначаць пераемніка без выбараў - і жыві, Зімбабвэ, з гэтым.

02.00, 15.11.2017

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.