A+ A A-


Іntegrity – новае слова ў паліттэхналёгіях для Беларусі

Оцените материал
(7 голосов)

Сумесны праект Сіднейскага і Гарвардзкага ўніверсітэтаў, які завецца Electoral Integrity Project, апублікаваў справаздачу па арганізацыі выбараў у розных краінах сьвету. Для дасьледваньня былі ўзятымі 127 элекцыйных кампаніяў нацыянальнага ўзроўню (прэзідэнцкія і парляменцкія), якія прайшлі з 1 ліпеню 2012 па 31 сьнежню 2014 г. у 107 краінах.


І першае, што кідаецца ў вочы, дык гэта адсутнасьць адпаведніку паняцьцю integrity у нашых агульнапаразумелых мовах. Не, ёсьць, канечне, слова «цэласнасьць». Але выраз «электаральная цэласнасьць» нікому нічога не зкажа. І ён не данясе да нас усёй сэмантыкі слова integrity, якое ўмяшчае ў сябе асабісты выбар безумоўнай і нязьменнай прыхільнасьці да шанаваньня маральных, этычных, духоўных і мастацкіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў. Што, незразумелым ёсьць? Тады, можа, больш зразумелым будзе праз назву кнігі, зь якой узятае гэтае значэньне: «Рабіць правільныя рэчы з правільных падставаў» («Doing the Right Thing for the Right Reason», аўтар – Барбара Кілінджэр, 2010 г.).

Дык вось, дасьледваньне Сіднейскага і Гарвардзкага ўніверсітэтаў паказвае, якія краіны маюць сваю integrity у дачыненьні да правядзеньня выбараў, то бок, робяць правільныя рэчы з правільных падставаў, а якія – не.

Чэмпіёны па маральнасьці і прынцыповасьці ў арганізацыі выбарчага працэсу – Літва, Коста-Рыка, Швецыя, Славенія і Уругвай. Антыгероі – Ягіпет, Мазамбік, Аўганістан, Сірыя і Бахрэйн.

 

Магу паспрачацца: шмат хто з вас двойчы зьдзівіўся. Першы раз – калі не пабачыў сярод лідараў ЗША. Другі – калі не пабачыў сярод аўтсайдараў такую родную для ўсіх нас назву.

Першае зьдзіўленьне тлумачыцца тым, што існуюць пытаньні да выбарчага заканадаўства ЗША і да сістэмы рэгістрацыі выбарцаў. Трэба адзначыць (і аўтары справаздачы гэта адзначаюць), што ў Амерыцы ідуць гарачыя дыскусіі з нагоды гэтых праблемаў.

(Дарэчы, наяўнасьць сярод лідараў гэтак званых «маладых дэмакратыяў» ушчэнт разьбівае трызьненьне пра неабходнасьць «дасьпець» да дэмакратыі, на што, па перакананьні некаторых вумнікаў, патрэбным ёсьць працяглы час.)

Другое зьдзіўленьне мае яшчэ больш простае тлумачэньне. «Лідары» і «аўтсайдары» вызначаліся па элекцыйных кампаніях 2014 году. А ў тым годзе ў нас абыйшлося бяз выбараў.

Але, паколькі дасьледваньне закранала і 2012 год, дык дадзеныя па нашай краіне прысутнічаюць. У публікацыі па спасылачцы ёсьць мапа, дзе краіны былі пазначанымі ў адпаведнасьці зь іхняй integrity. І там нашае месца па маральных якасьцях і прынцыпах прамаляваным ёсьць адназначна. Больш за тое, калі падвесьці курсор да контураў краіны, выпадае поўная табліца тых параметраў, па якіх і вызначаецца гэтая самая элекцыйная integrity.

Першым ідзе паказальнік PEI, празь які пазначанай ёсьць агульная якасьць выбараў. І тут мы – відавочныя аўтсайдары з 46 пунктамі (у Літвы – 82). 46 – гэта столькі ж, колькі ў Аўганістану і Камбоджы. Туркменістан (43) і Сірыю (42) мы перамагаем. Але саступаем таму ж Мазамбіку і Зімбабвэ (па 48).

Па якасьці выбарчага заканадаўства мы абыходзім толькі Сірыю (31 супраць 27), заняўшы пачэснае перадапошняе месца. Туркменістан нас абыходзіць на два пункты. Злучаныя Штаты, якія, як мы ведаем, маюць з заканадаўствам праблемы, набралі 48 пунктаў.

А вось па падліку галасоў – о, так! - мы зьяўляемся абсалютнымі лідарамі. Дакладней, аўтсайдарамі (бо, нагадаю, гаворка ідзе пра вызначэньне маральнасьці, прынцыповасьці і чагосьці падобнага, нам невядомага і непатрэбнага). Тут з нашымі 38 пунктамі можа пацягацца, адно што, Аўганістан (39). І куды там Сірыі да нас зь яе 50 пунктамі! А Літва, дык, наогул, да 92 дакараскалася. Ну, магчыма, дэмакратыя ў ёй высьпявала доўгімі стагодзьдзямі – куды нам...

Дык а што нам даюць гэтыя лічбы? Па графіку, зкажам, суаднясеньня індэксу PEI і ВУП нельга зрабіць выснову, што высокая элекцыйная integrity, а прасьцей казаць – сумленныя свабодныя выбары, карэлюецца з высокім валавым унутраным прадуктам. Мы бачым, што сярод «аўтсайдараў» прысутнічаюць краіны з высокім ВУП. Дык, сапраўды, навошта тыя выбары?

Можа, пакуль не атрымліваецца з выбарамі (ну, пакуль мы яшчэ не дасьпелі да дэмакратыі), проста ігнараваць тых, хто патрабуе гэтую самую integrity у нас і цяпер, і замяніць тыя выбары якім эрзацам? Рэферэндумам, напрыклад? Каб адным сьпісам – і дэпутатаў выбраць (як тое ў Італіі ўжо бывала) і супраць ямак у асфальце выказацца. А потым дэпутаты за Главу Нацыі прагаласуюць, а заадно і па ямках рашэньне прымуць. Эканомія жа! І палітычныя дывідэнды: ніхто не апынецца ў адназначна пройгрышнай сітуацыі нашых элекцыйных кампаніяў.

Але назіраюцца тут некаторыя праблемы. Канечне, сярод краін зь нізкім PEI ёсьць краіны з высокім ВУП. Бахрэйн, напрыклад. Але, калі паглядзець на сітуацыю ў дынаміцы, можна лёгка заўважыць, што Бахрэйн, з таго часу як ягоныя вуглевадародныя рэсурсы пачалі вычэрпвацца, здорава здае. І перспектывы ў гэтай краіны вымалёўваюцца ня самыя добрыя. Тое ж самае можна казаць і па астатніх краінах, асабліва па тых, якія трымаліся за кошт нафтадаляраў (сваіх ці спонсарскіх). А вось у сэктары «лідараў» пазіцыі выглядаюць больш трывалымі. Ды й заможных краін сярод «лідараў» відавочна болей.

Ёсьць яшчэ адна хітрая заканамернасьць у групе аўтсайдараў маральнасьці і прынцыповасьці выбарчага працэсу. Можа, нават, больш істотная для аматараў лёзунгу: «Абы вайны не было». Дык вось, стабільнасьці ў іх няма. Груба кажучы, калектыўна мочаць грамадзяне адзін аднога ва ўмовах адсутнасьці свабодных і справядлівых выбараў. Чаго катэгарычна не назіраецца там, дзе правядзеньне элекцыйных кампаніяў грунтуецца на цьвёрдай арыентацыі на маральныя, этычныя, духоўныя каштоўнасьці.

Можа, нам таксама зьвярнуць увагу на integrity ў элекцыйных працэсах?

 

Другие материалы в этой категории: « Дзень сьвятога Валянціну Лёгіка маньняку »

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.