A+ A A-


Дзень сьвятога Валянціну

Оцените материал
(13 голосов)

Хто цяпер дакладна зкажа, адкуль узялася ідэя Дню сьвятога Валянціну? Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што традыцыя ідзе з Старажытнага Рыму, у якім 13-15 лютага адзначаліся люперкаліі – сьвята аднаўленьня і ўрадлівасьці. Але іншыя дасьледчыкі спрачаюцца з гэтым, бо, маўляў, сьвята ўрадлівасьці і сьвята рамантычнага каханьня маюць розныя падмуркі.

Што тычыцца самога сьвятога Валянціну, дык ён упершыню зьяўляецца ў запісах 5 ст. З 496 г., за часам папы рымскага Гелясіюсу І, 14 лютага пачынаюць адзначаць ягонае сьвята. Вось толькі праблема: імя «Валянцін» і «Валянціна» было надзвычай папулярным у позьняй Рымскай імперыі, таму Рымская каталіцкая царква шануе каля тузіну сьвятых з такім імём. Сярод гэтага сьпісу тры (як мінімум) маюць дачыненьне да 14 лютага. Двое зь іх, нават, пахаванымі былі ў прыблізна адным месцы – на Флямініевай дарозе побач з Рымам: рымскі сьвятар і біскуп гораду Інтэрамны, які жыў у ІІІ стагодзьдзі.

Сьвяты Валянцін. Фота зь Вікіпедыі

 

Менавіта з апошнім зьнітаванай ёсьць лягенда, што судзьдзя Астэрыюс вырашыў выпрабаваць моц хрысьціянства і, памясьціўшы Валянціна пад хатні арышт, загадаў яму вылечыць дачку судзьдзі ад слепаты – ну, як гэта рабіў Пан Езус. Валянцін справіўся з гэтым заданьнем, пасьля чаго шмат хто з родзічаў судзьдзі прынялі хрысьціянства. Слава Валянціну пашырылася і дайшла аж да імператару Кляўдыюсу ІІ (імператарам быў у 268-270 гг.), і той пажадаў пабачыць яго на ўласныя вочы. Узаемная спроба перагарнуць суразмоўцу ў сваю веру (Кляўдыюс агітаваў Валянціна за паганства, а той, у сваю чаргу, раіў імператару прыняць хрысьціянства) скончылася тым, што Кляўдыюс загадаў адсячы Валянціну галаву. Што і было зробленым 14 лютага 269 году.

Рэліквіі Сьвятога Валянціну ў царкве Сьвятой Марыі ў Касмэдыне, што ў Рыме. Фота: Аўген Красулін


Ёсьць іншая версія. Быццам, Валянцін, які быў сьвятаром у Рыме, дапамагаў таемна брацца шлюбам рымскім ваярам. Быццам, імператар Кляўдыюс забараніў сваім жаўнерам завадзіць сем'і, з-за перакананьня, што сямейны чалавек ня будзе рызыкаваць сваім жыцьцём за імперыю. За парушэньне загаду імператару, Валянціну вынеслі сьмяротны прысуд. Перад пакараньнем ён напісаў ліст сьляпой дачцэ свайго турэмшчыку, атрымаўшы які яна адразу зрабілася відушчай. Гэтая версія сумнеўнай ёсьць ужо тым, што імператар Кляўдыюс ІІ (ён жа Маркус Аўрэліюс, ён жа Гот), калі ў бойцы пры Наісусе (сучасны Ніш у Сербіі) нанёс разгромную паразу готам (падаецца, пры чым тут беларусы?), ён дазволіў сваім ваярам браць у жонкі па дзьве і, нават, па тры гоцкія жанчыны.

Так ці іначай, вакол імя Валянціну круціліся сюжэты, зьнітаваныя з патаемнымі шлюбамі і лістамі да сьляпой дзяўчыны. І толькі значна пазжэй ягонае імя пачалі зьнітоўваць з рамантычным каханьнем. Вельмі верагодна, што ўпершыню гэтая тэма зьявілася ў XIV ст., у паэзіі Джэфры Чосэру – найвялікшага паэту Англіі эпохі сярэдніх вякоў (які так любіў мяшаць розныя дыялекты ў сваіх творах, што, урэшце, наблізіў зьяўленьне сучаснае ангельскае мовы).

У адной з сваіх паэмаў, «Птушыны парлямент», 1382) Чосер напісаў пра Дзень сьвятога Валянціну як пра той момант, калі птушкі абіраюць сабе пару. А прысьвечаным гэты верш быў гадавіне шлюбу каралю Ангельшчыны Рычарду ІІ і Ганны Багемскай. (Дарэчы, калі гэтая рамантычная пара ажанілася, кожнаму зь іх было толькі па пятнаццаць гадкоў. Сьмерць Ганны, што наступіла праз 12 год, прывяла Рычарда да нэрвовага зрыву, у выніку чаго ён згубіў трон.)

Пасьля Чосеру тэма Дню сьв. Валянціну як сьвята закаханых зрабілася ў паэзіі агульнапрынятай (што можна пабачыць у тым жа «Гамлеце», акт ІV, сцэна 5). А зь сярэдзіны ХІХ ст. сьвята пераўтварылася ў буйное камерцыйнае мерапрыемства, якое штурхала людзей да набыцьця паштовак, якія дасылаліся сваім каханым з абавязковым подпісам: «Твой Валянцін» (ці «Твая Валянціна»). Гэтая традыцыя таксама бярэ свой пачатак зь лягендаў пра сьв. Валянціна, які, быццам, менавіта так падпісаў свой ліст да сьляпой дзяўчыны: «Твой Валянцін».

З-за таго што пра Валянціна вядома вельмі няшмат, зьвесткі ўрыўкавыя і супярэчлівыя, Рымская каталіцкая царква ў 1969 годзе выключыла Дзень сьв. Валянціну з агульнага рымска-каталіцкага календару. Ён захаваўся як сьвята толькі ў асобных мясцовых календарох (напрыклад, у англіканскім і лютэранскім). Але на папулярнасьці сьвята закаханых гэта не адбілася.

Зь сярэдзіны ХХ ст. сьвята (як, уласна, і ўсе астатнія сьвяты) перажыло далейшую камерцыялізацыю. Цяпер прынята дарыць ня толькі паштоўкі, але й усялякія іншыя рэчы: лялькі, прысмакі і г.д. У Японіі, напрыклад, жанчыны ў гэты дзень дораць сваім каханым шакалядкі. Што выклікае шалёную лютасьць у тых, хто абдзелены жаночае ўвагай і, адпаведна, застаецца без салодкага. Сёлета марксісцкая арганізацыя «Какухіда» (поўная назва - «Рэвалюцыйны саюз мужчынаў, якія не падабаюцца жанчынам», існуе з 2006 году) пагражае правесьці ў Токіё марш пратэсту супраць «заснаванага на жарсьцях капіталізму». «Прасякнутая крывёй змова Дню сьвятога Валянціну, якую прасоўваюць рэпрэсіўныя шакалядныя капіталістыя, зноў набліжаецца!» - такое постмадэрнісцка-мімімішнае папярэджаньне вывесілі няшчасныя марксістыя на сваім сайце.

Дзень сьв. Валянціну выклікае жэстачайшы батхёрд ня толькі ў японскіх дзяцюкоў, якіх ня любяць прадстаўніцы процілеглага полу: па ўсім сьвеце шмат хто наракае на гэтае сьвята. Праўда, невядома, што іх так напруджвае. Яны, мусіць, баяцца, што дэманстрацыя рамантычных пачуцьцяў будзе замінаць людзям быць добрымі грамадзянамі? ці добрымі жаўнерамі імперыі?

Але, далібог, ёсьць нешта ня тое ў змаганьні зь сьвятам каханьня, якое сьведчыць пра хуткае набліжэньне вясны.

І яшчэ. Ёсьць невялічкая царква, якая месьціцца ў адным з адносна нешматлюдных раёнаў Рыму: на паўночны захад ад Цыркусу Максімусу, на ўскрайку былога Бычынага Форуму. Яна носіць назву «Царква Сьвятой Марыі ў Касмэдыне». Пабудаванай яна была ў VIII стагодзьдзі ў модным тады візантыйскім стылі (што добра бачна і ў афармленьні інтэр'еру: і цяпер на яе мурох можна пабачыць візантыйскія роспісы і мазаікі). Высіцца яна акурат па-над старажытным алтаром Геркулесу (калі спусьціцца ў яе сутарэньні, дык можна пабачыць каменныя квадры кладкі гэтага алтару).


Царква Сьвятой Марыі ў Касмэдыне. Добра бачнай ёсьць чарга да "Вуснаў праўды". Фота: Аўген Красулін

Звонку яе можна пазнаць па высокай званіцы і здаровай чарзе турыстых, якая цягнецца да яе ўваходу. Але можна не палохацца: гэтых турыстых вабіць не царква, а гэтак званыя «Вусны праўды»: здаровы каменны дыск з выявай нейкага старажытнарымскага боства (мо, Тыбру?), у адчынены рот якой трэба засунуць руку. Хлусьліўцу (асабліва ў сардэчных справах), быццам, гэты монстр абавязкова адкусіць руку. Пасьля рамантычнага фільму «Рымскія канікулы» гэтая працэдура зрабілася надзвычай папулярнай, таму кожна, хто трапляе ў Рым лічыць адным з галоўных сваіх абавязкаў адстаяць у чарзе, засунуць руку ў адхіліну старадаўняга каналізацыйнага люку (менавіта гэтую функцыю, відавочна, і выконваў першапачаткова каменны дыск) і засьняць гэты працэс на шматлікія дэвайсы.

А вось у самую царкву амаль ніхто не заходзіць. І там, у пустэчы старажытнага хрысьціянскага храму, ля адной зь сьценаў можна пабачыць рэлікварыюм, у якім захоўваецца чэрап, упрыгожаны вяночкам з лугавых кветак. Лоб чэрапу ўпрыгожвае надпіс: «Сьвяты Валянцін». Можна сьмела верыць: гэта - ён.

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.