A+ A A-


Час на разважаньні

Оцените материал
(8 голосов)

Тут ня так даўно адзін юбілей прайшоў амаль незаўважна. 70 год з часу арганізацыі Адмысловага атакуючага корпусу боскага ветру і, адпаведна, ягоных першых атакаў.

Час на разважаньні

«...калі ў наш час запытаць: «У чым сапраўдны
сэнс шляху самураю?», толькі нешматлікія 
здолеюць адказаць без прамаруджаньня».

Ямамота Цунэтома, «Хагакурэ».

У ноч на 20 кастрычніку 1944 г. камандуючы Першым паветраным флётам Імператарскіх японскіх ваенна-марскіх сілаў віцэ-адмірал Ёнісі Такідзіро сабраў афіцэраў 201-й авіяцыйнай групы, у якую былі зьведзенымі зьнішчальнікі – маленькія «Зэро», да якіх не прычэпіш цяжкую тарпеду, каб пусьціць на дно варожы карабель. Гаворка ішла пра аперацыю з прэтэнцыёзнае назвай «Со-го 1», што перакладалася як «Перамога нумар адзін». Яе асноўная мэта – абарона Філіпінаў, на якія ўжо наваліўся з поўдню 7 флёт ЗША разам з Каралеўскімі ваенна-марскімі сіламі Аўстраліі. «Я ня думаю, - казаў Ёнісі, - што існуе нейкая іншая магчымасьць правесьці аперацыю, акрамя як загрузіць 250-кіляграмовую бомбу ў зьнішчальнік «Зэро» і пратараніць ім амерыканскі авіяносец, каб вывесьці таго з ладу на тыдзень».

«Мне патрэбны час на разважаньні,» - адказаў Тамаі Асаіці, які на той момант замяшчаў камандзіра 201-й групы капітана Ямамота Сакаэ. Пасьля гэтага ён разам зь лейтэнантам Ібусукі Масанобу пакінуў пакой, у якім ішла нарада.

Да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя Японія амаль ня ведала іншаземных нашэсьцяў. Толькі двойчы – у 1274 і 1281 гадох мангольскі флёт уварваньня набліжаўся да японскага ўзьбярэжжа. І двойчы яго ўшчэнт разносіў тайфун, а давяршалі справу тонкія самурайскія мячы. Мангольскія даспехі пераканалі, што мячы былі занадта тонкімі, што прывяло да зьяўленьня самага знакамітага японскага мяча – катаны. А два тайфуны, якія адзін за адным зьмялі захопнікаў, пераканалі нават самага ўпёртага японца, што ў той момант, калі перад Радзімай паўстане сьмяротная небясьпека, богі нашлюць вецер, і гэты боскі вецер зьмяце ўсіх ворагаў.

Першапачаткова, калі Японская імперыя ў канцы 1941-га атакавала на Ціхім акіяне сілы Амерыкі і Вялікай Брытаніі, сітуацыя спрыяла ёй. Яна лёгка акупавала выспы і архіпелагі, у тым ліку і тагачасную амерыканскую калёнію – Філіпіны, дзе былі радовішчы жыцьцёва неабходнай для імперыі нафты. Японцы амаль дайшлі да Аўстраліі, аднача потым становішча зьмянілася. У марскіх бітвах у Каралавым моры і ля атолу Мідуэй заходнія аліянты разбілі японцаў і пагналі іх у адваротным кірунку.

У чэрвені 1944-га амерыканцы захапілі Марыянскія астравы, адкуль бамбардыроўшчыкі В-29 маглі дасягаць японскай тэрыторыі. У тым жа месяцы японцы паспрабавалі ўзяць рэванш у Філіпінскім моры, але вынікам баёў 19-20 чэрвеню была страта трох авіяносцаў і гібель больш за 400 пілотаў, што, фактычна, азначала разгром японскае авіяцыі палубнага базаваньня. Японскае марское камандаваньне тэрмінова пераабсталёўвала вучэбныя аэрадромы на Філіпінах у сапраўдныя баявыя базы перадавой лініі.

Але ў хуткім часе амерыканцы пачалі пагражаць самім Філіпінам. 17 кастрычніка невялікі амерыканскі дэсант высадзіўся на невялікіх астравах Дынагат і Сулуан на поўдні Філіпінаў. Не было аніякіх сумненьняў, што за маленькім дэсантам будзе і вялікі. А гэта значыла, што вораг наблізіўся да Радзімы настолькі, што небясьпека была сьмяротнай.

Таму на паўночным філіпінскім востраве Лусон, у мястэчку Мабалакат, побач зь якім знаходзілася вялікая авіяцыйная база, што за амерыканскім часам звалася «Кларк», у доме мясцовага жыхару з тыповым філіпінскім прозьвішчам Маркас, сабраліся афіцэры марской авіяцыі на чале з віцэ-адміралам Ёнісі. Каб узьняць боскі вецер, патрэбны былі ахвяры. А што можа быць ахвярай лепшай за маладыя чалавечыя жыцьці?

Празь пяць хвілінаў камандор Тамаі Асаіці вярнуўся ў пакой з гатовым адказам: «Па даручэньні нашага камандзіру, з поўнай адказнасьцю я заяўляю, што цалкам падзяляю меркаваньні, якія выказаў адмірал. 201-я авіягрупа выканае ягоную прапанову. Магу я папрасіць, каб Вы усклалі на нас арганізацыю нашага атакуючага злучэньня?» Ёнісі ўхвальна кіўнуў галавой.

Тамаі старанна адабраў з асабістага складу 201-й авіягрупы 23 маладых пілотаў зь ліку тых, каго сам рыхтаваў да выкананьня баявых заданьняў. Ён не сумняваўся ў іхнім рашэньні. Калі Тамаі запытаў, хто б зь іх жадаў накіраваць свой самалёт на варожы карабель, каб аддаць сваё жыцьцё за імператара і Радзіму, часу на разважаньні ім не спатрэбілася. Усе, як адзін, узьнялі свае рукі ў знак згоды. «Яны такія маладыя, - казаў ён свайму таварышу капітану Інагуці, калі вярнуўся ў штаб пасьля сустрэчы зь пілотамі. - Але, хоць яны не маглі патлумачыць, што адбываецца ў іхніх сэрцах, я ніколі не забуду цьвёрдае рашэньне на іхніх тварах. Іхнія вочы ліхаманкава блішчалі ў цьмяным пакоі. Кожны павінны быў думаць пра гэта як пра шанец адпомсьціць за таварышаў, якія загінулі нядаўна ў жорсткай бойцы за Марыяны і на Палаў і астравах Яп. У іх быў энтузіязм, які гарэў у сэрцах маладых людзей».

Іх так вучылі. Яшчэ з канцу 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Калі зьявілася перакананьне, што палітыка – гэта брыдкая справа, а традыцыйныя палітычныя партыі ня могуць забясьпечыць Японіі надзейную будучыню ў гэтым сьвеце, дзе пануюць імперыялістычныя драпежнікі Захаду. Калі ўсіх дастаў саплівы, хлусьлівы і распусны лібералізм. Калі большасьці японцаў зрабілася ясным: у гэтым сьвеце ёсьць толькі адзіны, дзеля каго варта жыць і за каго варта аддаць сваё жыцьцё: Імператар.

Пераканаць у гэтае ідэі тых, хто апынуўся ў меншасьці, было толькі справай тэхнікі. На пачатак 30-х прыйшоўся пік арыштаў тых, хто адмаўляўся думаць так, як ад яго патрабавала большасьць. Тым, хто застаўся на свабодзе, давялося дасканала фільтраваць свае выказваньні, каб не выклікаць, зьнянацку, шок у грамадзтва сваім вычварэнскім разуменьнем маралі. Мінобэ Тацукічы, чалец Палаты пэраў японскага парляменту, вось, не падумаў, і назваў Імператара «усяго толькі адным з органаў дзяржаўнае ўлады». Пад суд ён, канечне, за такое не пайшоў, але з Палаты ён быў выгнаным з ганьбою.

Шмат хто ў той час кардынальна зьмяніў свае погляды: камуністы пачыналі верыць у боскую прыроду Імператару, пацыфістыя пачыналі заклікаць да вайны. Дык што казаць пра саміх жаўнераў? У іхніх добра прамытых мазгах мусіла прысутнічаць адзіная ідэя: «дзюйсі рэйсо» - «ахвяруй жыцьцём».

Наступнай задачай Тамаі было прызначэньне камандзіру новага злучэньня. Сам ён жадаў бачыць у гэтае ролі лейтэнанта Кано Наёсі, выпускніка Марской акадэміі. Той даўно быў гатовым аддаць сваё жыцьцё за Імператара. Нават на торбе з сваімі рэчамі ён напісаў: «Рэчы будучага лейтэнанту-камандору Кано», маючы на ўвазе, што па традыцыі японскага войску афіцэру пасьля ягонае гібелі аўтаматычна прысвойваўся наступны ранг.

Але Кано быў у Японіі, куды яго накіравалі за новымі «Зэро», і ягонае вяртаньне чакалася ня раней за канец кастрычніку. І тады камандор Тамаі загадаў паклікаць да яго лейтэнанта Сэкі Юкіё, якога толькі месяц таму перавялі на Мабалакат з Тайваню.

Сэкі было 23 гады, і ён таксама зкончыў Марскую акадэмію Этадзіма.,дзе яго вучылі: «Дзюйсі рэйсо!». А яшчэ ён меў падрыхтоўку пілоту пікіруючага бамбавіку палубнага базаваньня, чаму ў далейшым вучыў іншых маладых пілотаў. А яшчэ ў яго была маладая жонка – Марыко, зь якой ён ажаніўся ўсяго некалькі месяцаў таму – 31 траўню 1944 году...

Сэкі падняўся з ложыку, у якім ужо пасьпеў заснуць. Калі пасярод ночы выклікаюць да начальства, гэта значыць, што давядзецца пачуць нешта істотнае. Магчыма, такое, што можа паўплываць на твой далейшы лёс. Напрыклад, загад выканаць нейкае важнае заданьне...

- Вы клікалі мяне?
- Сэкі, адмірал Ёнісі асабіста наведаў 201-ю авіягрупу, каб прадставіць плян найвялікшае важнасьці для Японіі. Плян заключаецца ў таране нашымі зьнішчальнікамі «Зэро», гружанымі 250-кіляграмовымі бомбамі, палубы варожых авіяносцаў з мэтай забясьпечыць посьпех аперацыі «Со». Мы лічым, што Вы маглі б узначаліць падобнае атакуючае злучэньне. Што Вы думаеце на гэты конт?

Сэкі Юкіё апусьціў вочы. Адзін, два... Ён жа бамбёр, а не зьнішчальнік... Тры, чатыры, пяць, шэсьць... Ды ён лёгка паклаў бы 250-кіляграмовую бомбу на палубу амерыканскага авіяносцу, а потым паляцеў бы за наступнай... Сем, восем... Ды каму, урэшце, была патрэбнай ягоная сьмерць? Дзевяць, дзесяць... Імператару? Радзіме? Марыко, якую ці трэба абараняць ад ворагаў?

Філіпінская ноч была цёмнай. Юкіё падняў вочы: «Я разумею. Калі ласка, дазвольце мне зрабіць гэта». Ягоныя разважаньні занялі каля 10 сякундаў.

Тут жа прыдумалі назву новаўтворанаму корпусу: «Сінпу Токубэцу Кёгэкі Тай» – «Адмысловы Атакуючы Корпус Боскага Ветру» - таго самага ветру, які мусіць выратаваць Радзіму. Словазлучэньне «боскі вецер» у афіцыйных дакументах, па традыцыі, чытаецца ў транслітэрацыі з кітайскае мовы: «шэн фэн», што ў японскім вымаўленьні пераўтвараецца ў «сінпу». Нефармальна (у традыцыйнае японскае транслітэрацыі) гэты выраз гучыць як «камікадзэ». Што і ўспрынялі амерыканскія перакладчыкі, узбагаціўшы спачатку ангельскую, а потым і астатнія мовы сьвету менавіта такім варыянтам пазначэньня самазабойчых атакаў японскіх пілотаў. У самой жа Японіі за часам вайны корпус пазначалі абрэвіятурай «Ток-Кё-Тай».

23 дабрачынцы былі разьбітымі на 4 адзьдзелы: «Сікісіма» (паэтычная назва Японіі), «Ямата» (старажытная назва Японіі), «Асахі» («Сонца, якое ўзыходзіць») і «Ямасакура» («Дзікая вішня»). 13 лятакоў былі прызначаны для ажыцьцяўленьня таранаў. Астатнія зкладалі іхні эскорт. Камандзір атраду – Сэкі.

Перад вылетам у Сэкі ўзяў інтэрвью Анода Масасі – карэспандэнт дзяржаўнае навіннае агенцыі «Дамэі». Яго цікавіла, што штурхае маладога пілота да сьвядомага ахвяраваньня жыцьцём. Малады пілот, якому выпаў гонар быць першым камандзірам корпусу камікадзэ, адказаў: «Будучыня Японіі ёсьць змрочнай, калі яна імкнецца забіць аднаго зь лепшых сваіх пілотаў. Я іду на гэтую місію не дзеля Імператару ці Імперыі... Я іду з-за таго, што атрымаў загад!» І потым ён дадаў, што калі камандаваньне дазволіць, ён зкіне 500-кіляграмовую бомбу на варожы карабель і жывым вернецца на базу.

21 кастрычніку патрульны самалёт знайшоў тактычнае злучэньне амерыканскіх караблёў, і Сэкі ўзьняў сваю групу ў паветра. Колькі часу патрэбна на падлёт да ворагу? І ўвесь гэты час працуе радыёсувязь з базай. А гэта значыць, камандаваньне яшчэ можа зьмяніць сваё рашэньне... Аддаць загад пра зкід бомбаў і вяртаньне на базу – гэта ж настолькі лягічна: захаваць жыцьцё аднаго зь лепшых сваіх пілотаў, каб ён і далей мог эфектыўна выконваць загады...

Але камандаваньне маўчыць. Затое хмары па-над морам такія шчыльныя... Бачнасьць амаль аніякая... Паспрабуй пры такіх умовах знайсьці амерыканскія караблі. Вось і паліва ўжо амаль зкончылася – так ты проста ў мора плюхнешся, і місіі сваёй не выканаеш. «Вяртаемся на базу,» - аддае Сэкі загад сваім падначаленым.

Не, Сэкі быў вельмі засмучаным сваёй няўдачай. Ён даваў справаздачу Тамаі з сьлязамі на вачох. Той разумеў: сітуацыя ёсьць звычайнай. Ня так проста знайсьці караблі праціўніку, асабліва калі надвор'е гэтаму не спрыяе.

Яшчэ тройчы Сэкі ўздымаўся ў паветра, а потым вяртаўся на базу, паколькі амерыканскія караблі ўпарта не жадалі трапляць на вочы першаму злучэньню пілотаў адмысловага атакуючага корпусу. Нарэшце, ня вытрымаў і Тамаі. Ён настойліва параіў Сэкі ў наступны раз, калі вораг зноў схаваецца ад яго на водных абшарах, не вяртацца на базу, а накіраваць свой зьнішчальнік наўпрост у мора.

25 кастрычніку а 7.25 раніцы зьнішчальнікі зноў узьняліся ў паветра. Сумненьняў не было: загад камандаваньне ня зьменіць і не адменіць – на разважаньні ў яго было шмат часу... «Лепш памерці, чым жыць баязьліўцам», - гэтыя словы Сэкі, які адразаў сабе шлях назад, пачулі на базе. З таго моманту, як ён пагадзіўся ўзначаліць першую групу пілотаў-камікадзэ, прайшло пяць дзён.

А 10.45 эскадрыльля «Сікісіма», якую вёў Сэкі, атакавала 3 тактычную групу амерыканскага флёту. «Зэро» Сэкі ударылася аб палубу авіяносцу «Сэнт Лё». На караблі здэтанаваў баезапас, і праз 20 хвілінаў авіяносец пайшоў на дно.

«Дарагая Марыко, - пісаў Сэкі ў апошнім лісьце да сваёй жонкі. - Я сапраўды шкадую з-за таго, што мне трэба будзе загінуць у бойцы без аніякае магчымасьці зрабіць для табе што-небудзь. Нават бяз слоў, я ведаю, што ты, як жонка вайскоўцу, ёсьць добра падрыхтаванай да гэтае сітуацыі. Калі ласка, памятай, што табе трэба добра клапаціцца пра тваіх бацькоў.

Я пішу цяпер перад сваім вылетам, калі шмат успамінаў прыходзяць да мяне. Я спадзяюся, што гарэзьлівая Эмі [малодшая сястра Марыко] таксама будзе ў добрым настроі».

У першыя дні аперацыяў адмысловы атакуючы корпус, колькасны склад якога павялічыўся супраць тых першапачатковых 24 пілотаў, што былі адабранымі кмандорам Тамаі 20 кастрычніку, патапіў 5 караблёў, моцна пашкодзіў 23 і нанёс пашкоджаньні яшчэ 12 караблям праціўніку.

Гэты посьпех даў штуршок да далейшага пашырэньня корпусу. «Дабрачынцы – толькі дабрачынцы!» - было дэвізам тых, хто рэкрутаваў новых пілотаў-сьмяротнікаў. А дабрачынцы набіраліся сярод лётчыкаў арміі і флёту, а таксама сярод зусім маладых (да 17 год) выпускнікоў каледжаў, якія за часам вучобы прайшлі пачатковую лётную падрыхтоўку. І калі з першымі праблемаў не было – лётчыку, які ўжо служыў, трэба было толькі напісаць заяву, дык з другімі было цяжэй. Ліберальныя студэнты ня мелі той прагны аддаць жыцьцё за імператару, да якой так упарта рыхтавалі вайскоўцаў. Таму ім прапаноўвалася анкета, дзе было, у тым ліку, і пытаньне: «Ці жадаеце Вы ўдзельнічаць у атаках камікадзэ?», і тры варыянты адказу: «Шчыра імкнуся/жадаю/не жадаю». У корпус бралі толькі толькі тых, хто даў першыя два варыянты адказу. Але хто б у той час вырашыўся б даць трэці варыянт? Потым, у апошнім палёце, яны маглі адарвацца, і выдаць у этэр усё, што яны думаюць пра Японію, Імператара і ягоную матухну, але яны зусім не жадалі выглядаць баязьліўцамі. І калі яны выжывалі пасьля атакі і перад імі паўставала перспектыва палону, яны падрывалі сябе гранатай, каб давесьці місію да канцу. Місію сьмерці за Імператара.

А начальства – яно ўсё разумела. У маладых людзей па любому не было шанцаў. «Калі яны знаходзяцца на зямлі, яны могуць загінуць пад бомбамі, калі яны ў паветры – іх могуць зьбіць. Гэта сумна... Надта сумна... Даць магчымасьць маладым пілотам загінуць прыгожа – вось што такое Токё. Даць прыгожую сьмерць – вось што завецца спачуваньнем». Гэта – думкі адміралу Ёнісі. Ён жа напісаў верш, прысьвечаны камікадзэ:

Сёньня – у квецені, заўтра – абляцелі:
Так падобна жыцьцё на пяшчотную кветку.
Як можа нехта разлічваць на тое,
Што крохкае існаваць будзе вечна?

Прывабная эстэтыка сьмерці, ці ня так? І ці не пра тое казаў Быкаў, самы, бадай што, самурайскі па духу наш пісьменьнік, у «Абяліску»: «...жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод».

Усяго атакі камікадзэ здзейсьнілі да 4 тысячаў японскіх пілотаў ва ўзросьце ад 17 да 35 год. Патапілі каля 50 караблёў, пашкодзілі каля чатырох соцень. Амаль пяць тысячаў маракоў флётаў заходніх дзяржаваў загінулі ад гэтых атакаў.

Пасьля капітуляцыі Японіі адмірал Ёнісі зьдзейсьніў сэпуку (тое, што за межамі Японіі завецца «харакіры»). Не з-за таго, што ягоная Радзіма прайграла вайну. Ён успароў сабе жывот і 15 гадзін чакаў ва ўласных вантробах, крыві і пакутах сьмерці за тое, што адправіў на гібель чатыры тысячы маладых пілотаў.

Сьмяротны прысуд за загубленыя маладыя жыцьці вынес сабе і капітан Окамура Матахару, які, па некаторых дадзеных, першым у чэрвені 1944 году прапанаваў выкарыстоўваць пілотаў-самазабойцаў: праз тры гады пасьля завяршэньня вайны ён стрэліў сабе ў твар.

Камандор Тамаі, які таксама перажыў вайну, не пакончыў з сабой. Ён зышоў у будыйскі манастыр і да канца жыцьця маліўся за загубленыя ім душы.

Дзесяць год таму – 25 кастрычніка 2004 году ў Мабалакаце была ўсталяванай статуя пілоту камікадзэ, як сьцьвярджалі мясцовыя ўлады, «дзеля ўмацаваньня міру праз урокі вайны». Далёка ня ўсім гэтая ідэя прыйшлася да спадобы. Чыя тут рацыя? Калі адказаць на пытаньне без прамаруджваньня - дык адказ будзе ня тым. А калі пачаць марудзіць, дык адказу зусім не атрымаеш...

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.