Logo
 Версия для печати

Бойка пры Літал Бігхорне (ч.2)

Оцените материал
(3 голосов)

Частка 2. Пачатак


Паляваньне на бізонаў, паляваньне на людзей…


Вынікі вайны Чырвонага Воблака на некаторы час прынесьлі адносны спакой у адносінах паміж індэйцамі і белымі. Лакота заняліся вайной з сваімі традыцыйнымі ворагамі – індэйцамі кроў і поні, якім, як лічылі лакота, ня месца на выдзеленай для іх тэрыторыі. Па зброю для вядзеньня вайны Чырвонае Воблака зьвяртаўся да белых. Канфлікт паміж карэннымі жыхарамі быў ня менш жорсткім, чым канфлікт паміж індэйцамі і белымі. У прыватнасьці, вынікам атакі тысячы ваяроў лакота на паляўнічы лягер поні 5 жніўня 1873 г. зрабіліся каля 100 поні, у асноўным – жанчын і дзяцей.

 
На фота: Кастар і вялікі князь Аляксей Аляксандравіч; Бык, Які Сядзіць (зь Вікіпедыі)

Белыя, за выняткам рэдкіх сутычак, баявыя дзеяньні не вялі. Іх, падаецца, больш займала паляваньне. Бізонаў у прэрыях было яшчэ шмат, і яны былі адносна лёгкай здобычай для ўзброеных вагнепальнай зброяй (ды й лукамі) паляўнічых. Дзеля гэтай забаўлялкі ў прэрыі, бывала, наведваліся госьці з самых аддаленых частак сьвету. У канцы 1871-72 гг. некалькі месяцаў у прэрыях правёў і вялікі князь Аляксей Раманаў – сын расейскага імператара Аляксандра ІІ.

Арганізацыя паляваньня для расейскага госьця была даручанай не каму іншаму як падпалкоўніку Кастару ды ня менш знакамітаму выведчыку і паляўнічаму Уільляму Коўдзі (больш вядомаму пад мянушкай Буфала Біл). На суправаджэньне вялікага князя была выдзеленай цэлая армейская дывізія. Таксама была заключанай дамоўленасьць з адным з правадыроў сіў – Плямістым Хвастом, каб ягоныя індэйцы дапамаглі пазабавіць высокую асобу. Паляваньне, у выніку, прайшло самым цудоўным чынам. Вялікі князь Аляксей Аляксандравіч і сам застрэліў некалькіх бізонаў, і паглядзеў, як гэта робяць амерыканцы. Асабліва яго ўразіла, як індэец Дзьве Дзіды на ягоных вачох стралой прабіў бізона наскрозь, чым прадэманстраваў эфектыўнасьць паляваньня на бізонаў з лукамі.

Усе засталіся задаволенымі. Правадыры індэйцаў атрымалі ад вялікага князя ў падарунак па паляўнічаму нажу і рэвальверу з рукаяткай з слановай косткі, Буфала Біл атрымаў шубу, а Кастар – залатыя запанкі. Паміж ім і вялікім князем у далейшым завязалася ліставаньне, якое спынілася толькі з сьмерцю Кастара. Памяць аб знаходжаньні ў прэрыях шчодрага расейскага госьця надоўга запомнілася амерыканцам. Крыху ў карыкатурнай форме яно знайшло адлюстраваньне ў вядомым фільме “Маверык” 1994 г., калі расейскі “вялікі князь” у выкананьні Пола Сьміта вырашыў папаляваць на індэйцаў замест бізонаў, у выніку чаго зрабіўся ахвярай разводкі з боку Маверыка (Мэл Гібсан).

Але была адна рэч, якая не давала спакою белым, казытала іх, раздражняла і цягнула на індэйскія тэрыторыі. Гэта было золата. Яшчэ ў 60-х гг. Пьер-Жан Дэ-Смэт, езавіт бэльгійскага паходжаньня, які быў місіянерам на Сярэднім Захадзе, пабачыў некалькіх сіў, якія цягнулі адкульсьці золата. На пытаньне – адкуль дравішкі, індэйцы адказалі: з Чорных Пагоркаў.

Чорныя Пагоркі былі у той час састкай тэрыторыі, якая была выдзеленай сіў у адпаведнасьці з дамовай, заключанай у 1868 г. у форце Лэрэмі па выніках вайны Чырвонага Воблака. Белым туды шлях быў забароненым. Але ж – золата! Ну, карацей, вы самі ўсё разумееце.

У 1874 г. перад Кастарам і 7-ым кавалерыйскім была пастаўленай задача: правесьці выведкавую экспедыцыю ў рэгіёне Чорных Пагоркаў, каб высьветліць, якімі ёсьць перспектывы здобычы золата ў тых мясьцінах. Вынікам паходу 1200 чалавек на 110 павозках у суправаджэньні артылерыі і цывільных адмыслоўцаў была выснова: золата ёсьць. Гэта паклала пачатак залатой ліхаманцы Чорных Пагоркаў, якая дасягнула свайго піку ў 1876-77 гг. Што прывяло да вайны Чорных Пагоркаў, ці Вялікай вайны сіў, у якой індэйцы спрабавалі адстаяць свае правы на гэтую зямлю.

Усім было зразумелым, што зьяўленьне натоўпаў золаташукальнікаў на тэрыторыі індэйцаў непазьбежна прывядзе да канфліктаў. Дамовіцца аб набыцьці гэтых земляў за грошы не атрымалася. Каб абараніць інтарэсы белых, прэзідэнт ЗША Грант загадаў сіў пакінуць раён Чорных Пагоркаў і да 31 студзеня 1876 г. вярнуцца ў рэзэрвацыю, што парушала дамову 1868 г. Бык, Які Сядзіць – адзін з самых аўтарытэтных правадыроў сіў-лакота – адмовіўся падпарадкоўвацца гэтпаму патрабаваньню. Яго падтрымалі і іншыя правадыры, у тым ліку і Шалёны Конь, які, у свой час, прымаў удзел у разгроме атраду Фэтэрману.

У чэрвені 1876 г. Бык, Які Сядзіць пад час удзелу ў рытуальным Танцы Сонца, быццам, пабачыў, як зь нябёсаў на зямлю падаюць амерыканскія жаўнеры. Ён гэта патлумачыў як абяцаньне вялікай перамогі над белымі. Гэта адбылося тады, калі атрады амерыканскіх войскаў ужо былі на тэрыторыі індэйцаў.

Па пляне, зкладзеным генерал-лейтэнантам Філіпам Шэрыданам, які камандаваў войскамі ЗША на тэрыторыі Місуры (куды ўваходзілі і землі сіў), армейскія злучэньні мусілі прыціснуць індэйцаў да ракі Елаўстан і прымусіць тых капітуляваць.

Кампанія плянавалася загадзя, і, па меркаваньні вашынгтонскіх палітыкаў, Кастар, як яскравая медыйная персона, мусіў прыняць у ёй ключавы ўдзел. Больш за тое, зь ягоным імём, у значнай ступені, зьвязвалі посьпех кампаніі – як у вайсковым сэнсе, так і ў палітычным.

Але ў апошні момант усё ледзь не сарвалося. З пачатку 1876 г. камісія Палаты Прадстаўнікоў начале з дэмакратам Гістарам Кляймерам пачала разсьледваньне злоўжываньняў з боку кіраўніцтва вайсковага ведамства ў сфэры забезьпячэньня войскаў. Падазрэньні тычыліся, у першую чаргу, Вільляма Бэлкнапа, вайсковага міністра ў адміністрацыі прэзідэнта Гранта і чальца рэспубліканскае партыі. У газэце “Ньню Ёрк Геральд” зьяўляюцца артыкулы, у якіх абвінавачаньні ў карупцыі ў сувязі з пастаўкамі ў войскі гучаць у адрас Орвіля Гранта – роднага брата прэзідэнта. Нягледзячы на тое, што артыкулы – ананімныя, мала ў каго ёсьць сумненьні, што за іхнім напісаньнем стаіць Джордж Кастар.

Кастара выклікалі ў Вашынгтон, каб ён даў паказаньні камісіі Кляймеру. Ён увесь быў у падрыхтоўцы да кампаніі супраць сіў, таму спрабаваў адкруціцца ад гэтай справы. Але сталічныя палітыкі настойвалі, і Кастару давялося выправіцца ў паездку. У Вашынгтоне яго чакалі авацыі з боку дэмакратаў, нянавісьць рэспубліканцаў і раз’юшаны прэзідэнт Грант.

Кастар выступіў перад камісіяй і пацьвердзіў, што па ягоных назіраньнях і меркаваньнях прыбытак ад завышаных коштаў на пастаўкі ў войскі йшоў у кішэню Бэлкнапа, а Орвіль Грант меў непасрэднае дачыненьне да карупцыйных схемаў. Сваімі паказаньнямі ён настроіў супраць сябе і генерала Філіпа Шэрыдана (таго самага Шэрыдана, якому належыць фаза: “Адзіныя добрыя індэйцы, якіх я бачыў, былі мёртвымі”, што было перайначана ў сумна вядомы выраз: “Добры індэец – мёртвы індэец”), які камандаваў усімі амерыканскімі сіламі на захад ад Місісіпі і да гэтага ставіўся да Кастара зь вялікай сімпатыяй. У газэтах (у залежнасьці ад таго, на чыім баку яны былі – дэмаркатаў ці рэспубліканцаў) Кастара ўсхвалялі ці ганьбілі.

Кастар некалькі разоў спрабаваў сустрэцца з Грантам, але той усялякі раз адмаўляў яму ў сустрэчы. Нарэшце, Кастар вырашыў вярнуцца ў свой полк. Як толькі ён пакінуў Вашынгтон, Грант аддаў загад аб ягоным арышце, бо той, маўляў, пакінуў сталіцу без дазволу на гэта і без візіту да Гранта ці Шэрмана. У Чыкага Кастара арыштавалі. Але ў газэтах тут жа ўзьняўся вэрхал наконт свавольства Гранта. Яго пачалі параўноўваць з Цэзарам, які імкнуўся да зьнішчэньня рымскай рэспублікі і ўсталяваньня сваёй тыраніі. Ня самае лепшае параўнаньне для прэзідэнта дэмакратычнай краіны.

Пад ціскам прэсы, грамадзкасьці і аргументаў, што бяз Кастару кампанія супраць сіў ня будзе такой эфектыўнай, як яна магла б быць, Грант пагадзіўся вызваліць Кастара. Але ён катэгарычна адмовіўся аддаваць у рукі Кастару агульнае камандаваньне аперацыяй. У выніку, Кастар вярнуўся ў свой полк, але апынуўся ў падпарадкаваньні ў брыгаднага генерала Альфрэда Тэры. Строга кажучы, ён і 7-ым кавалерыйскім не камандаваў. Камандзірам палку быў палкоўнік Сэмюэль Сторджэс, які займаў гэтую пасаду з 1869 г. Кастар жа быў толькі падпалкоўнікам, то бок, другім па рангу афіцэрам у палку. Тым ня менш, Сторджэс цалкам знаходзіўся ў цені свайго знакамітага падначаленага, і ў паходзе на сіў удзелу не прымаў. Для Кастара ж гэты паход быў і даўняй марай, і магчымасьцю ў поўнае меры аднавіць сваю рэрутацыю, якой нашкодзіў скандал вакол працы камісіі Кляймера.

У траўні 1876 г. армія трыма калёнамі пачала рух у глыб тэрыторыі сіў. З поўдню наступала калёна “Ваёмінг” генерал-маёра Джорджа Крука. У яе склад уваходзіла 1 тысяча жаўнераў і 300 індэйцаў з хаўрусных белым плямёнаў кроў і шашонаў. Дзьве другія калёны былі пад кіраўніцтвам брыгаднага генерала Альфрэда Тэры. З захаду рушыла калёна “Мантана” палкоўніка Джона Гібана – 450 чалавек. У той, якой непасрэдна каманадаваў генерал (калёна “Дакота”), было каля тысячы чалавек. Яна выйшла з форту Абрахам Лінкальн і накіравалася на захад. У склад калёны Тэры ўваходзілі і больш за шэсьць сотняў чалавек з 7-га кавалерыйскага, якіх вёў падпалкоўнік Кастар.

Ужо 17 чэрвеня калёна Крука ў бойцы пры Роўзбад Крык сустрэлася з буйнымі сіламі (да 1,5 тыс. ваяроў) сіў і іхніх хаўрусьнікаў чэенаў. Бойка не высьветліла відавочнага пераможцу, страты бакоў былі нязначнымі, але белым давялося адступіць у чаканьні падмацаваньняў і дастаўкі боепрыпасаў. Гэта вывела калёну Крука з актыўных баявых дзеяньняў.

У гэты час атрад маёра Маркуса Рына з 7-га кавалерыйскага знайшоў сьляды індэйцаў, якія, імаверна, прымалі ўдзел у бойцы пры Роўзбад Крык. Сьляды былі сьвежымі і вялі ў даліну ракі Літал Бігхорн (прыток Бігхорну), што дазволіла зрабіць выснову, што ў даліне знаходзяцца ваяры сіў. Іхняя колькасьць ацэньвалася прыблізна ў 800 чалавек – менавіта столькі індэйцаў, па дадзеных амерыканцаў, пакінулі месцы свайго пражываньня, каб ступіць на сьцежку вайны.

Генерал Тэры тут жа зклаў плян дзеяньняў. 22 чэрвеня перад Кастарам і ягонымі людзьмі была пастаўленай задача пачаць перасьлед індэйцаў з мэтай з поўдню ўвайсьці ўвасьлед за імі ў даліну Літал Бігхорну. Войскі Тэры і Гібана мусілі абыйсьці даліну з поўначы, каб перакрыць індэйцам шляхі да адступленьня. Свае пазіцыі Тэры і Гібан мусілі заняць 26 чэрвеня.

24 чэрвеня Кастар выйшаў да ўваходу ў даліну. Зь ім было 597 афіцэраў і жаўнераў 7-га кавалерыйскага, а таксама 50 выведчыкаў з саюзных белым плямёнаў і цывільных асобаў. Сярод афіцэраў і цывільных былі бліжэйшыя родзічы Кастара: брат Томас Кастар, капітан, 31 год; другі брат – Бостан Кастар, 27 год, цывільны праваднік (праўда, ён меў мала ведаў і досьведу для гэтай ролі, хоць і атрымліваў за яе 100 даляраў заробку); муж сястры Маргарэт – першы лейтэнант Джэймс Кальхаўн, 31 год; пляменьнік – Генры “Оці” Рыд, цывільны, 18 год. Ён прыехаў правесьці лета ў прэрыях і пажадаў разам з сваімі дзядзькамі прыняць удзел у паходзе на сіў.

Яшчэ адным цывільным удзельнікам паходу быў Марк Келаг - журналісты агенцыі Асашэйтэд Прэс. У ягоную задачу ўваходзіла апісаньне будучых подзьвігаў Кастара.

У ноч на 25-е роты 7-га кавалерыйскага разьмясьціліся на грэбні побач зь мясцовасьцю, якая завецца “Гняздо Крумкачу”. Жаўнеры варылі сабе каву. Разпаленыя імі вогнішчы маглі быць заўважанымі ворагам. У гэты час да Кастару падыйшоў Міч Боер – на палову француз, на палову сіў, адзін зь лепшых выведчыкаў і праваднікоў на Вялікіх Роўнадзях, які толькі вярнуўся з выведкі. Ён казаў падпалкоўніку, што ён пабачыў у даліне індэйскую вёску. І яшчэ ён казаў, што такіх вялікіх індэйскіх вёсак ён яшчэ ня бачыў.


Заканчэньне будзе