A+ A A-


Бойка пры Літал Бігхорне

Оцените материал
(8 голосов)
Яўген Красулін Яўген Красулін

Нешта даўно не посьціў вялікіх нікому не цікавых тэкстаў з вобласьці сусьветнае гісторыі.

А тут такая нагода – хай не круглая (141 год), але гадавіна аднаго з самых драматычных, трагічных і рамантычных падзей з гісторыі Злучаных Штатаў – бойкі пры Літал Бігхорне. За адзіны дзень, 25 чэрвеня 1876 г., 7-мы кавалерыйскі полк згубіў 5 рот разам з афіцэрамі, індэйцамі-выведчыкамі, грамадзянскімі асобамі і, нават, адным журналістым.

Разам з ротамі загінуў і камандзір 7-га кавалерыйскага, адзін з самых вядомых вайскоўцаў у гісторыі ЗША, які быў адной з самых папулярных медыйных персонаў свайго часу – падпалкоўнік Джордж Армстранг Кастар. На мяжы ХІХ-ХХ ст. мала было амерыканскіх дамоў, дзе б не было выяваў доўгавалосага «генерала Кастара», які стаяў на вяршыні пагорку сярод целаў забітых і паміраючых кавалерыстых арміі ЗША і цэліў з рэвальверу ў віхор узброеных стрэльбамі, лукамі, тамагаўкамі вершнікаў-індэйцаў, што ахапіў яго з усіх бакоў, пакінуўшы генералу зусім маленькі кавалак глебы – ягоны Апошні Рубеж.

У 1862 г. у ЗША быў прыняты закон аб гомстэдах, які гарантаваў кожнаму амерыканскаму грамадзяніну, які дасягнуў 21-гадовага ўзросту і не ваяваў супраць амерыканскага ўраду пад час Грамадзянскае вайны, надзел цэліннай зямлі пэўнай плошчы (“гомстэд”) з умовай апрацоўкі яе на працягу пяці год. Надзелы выдзяляліся з тых тэрыторыяў, якія месьціліся на захад ад Місісіпі. У выніку, масы людзей у фургонах, зь семьямі і свойскай жывёлай, прыйшлі ў рух у кірунку Вялікіх Роўнадзяў. А разам зь імі прыйшоў у рух францір, які адзьдзяляў і, адначасова, аб’ядноўваў сфэру жыцьця і дзейнасьці “цывілізаваных” людзей з тэрыторыяй індэйскіх плямёнаў.

Зьяўленьне белых ня толькі зьмяньшала тэрыторыі паляўнічых угодзьдзяў індэйцаў зь іхнім качавым ладам жыцьця, але й зкарачала колькасьць бізонаў – традыцыйнай здобычы карэнных абітальнікаў прэрыяў. І калі раней у індэйскіх народаў была магчымасьць зыйсьці далей на захад ад націску белага чалавеку, дык цяпер альтэрнатывай было ці зыйсьці ў рэзэрвацыі, ці змагацца. І практычна па ўсім фронце пранікненьня белых на захад індэйцы абіралі другое.

Супраціў каманчаў у Тэхасе, апачаў на Паўднёвым Захадзе і сіў на Паўночных Роўнадзях зьліўся ў 60-80-х гг. у шэраг баявых сутыкненьняў, якія атрымалі ў гісторыі назву Індэйскія Войны.

Для белых перасяленцаў гэта выглядала атакамі “дзікуноў” на фермы і шнуры павозак, што суправаджалася рабаўніцтвам, згвалтаваньнямі і забойствамі. І адзіным паратункам для іх былі адьдзелы рэгулярнай амерыканскай арміі, адважныя камандзіры якіх былі кумірамі як для перасяленцаў, так і для ўсёй публікі, якая чытала газэты. Ці газэтаў не чытала, але чула пра іхнія неверагодныя подзьвігі ад тых, хто чытаць, усё ж, умеў.

Адным з такіх камандзіраў і быў падпалкоўнік Джордж А. Кастар. Ды не “адным з”, а самым выбітным і самым вядомым – яшчэ з часоў Грамадзянскай. Нарадзіўся ён 5 сьнежня 1839 г. у Агаё, у фермерскай сям’і. У сямнаццацігадовым узросьце паступіў у вайсковую акадэмію ў Вест Пойнце. З-за пачатку Грамадзянскай вайны ягоны выпуск адбыўся на год раней, чым было заплянавана. Амаль траціна ягоных аднакурсьнікаў пакінула акадэмію датэрмінова і далучылася да справы Канфедэрацыі. Яшчэ амаль траціна не пацягнула цяжкасьцяў вучобы. Кастар застаўся, але выпусьціўся ён з апошнім – 34-м рэйтынгам на курсе. Па колькасьці спагнаньняў, атрыманых за час вучобы, ён ледзь не ўсталяваў абсалютны рэкорд акадэміі ўсіх часоў. Уласна, ня ёсьць вядомым, ці давучыўся б ён да канца, каб не пачатак вайны. Вайна, увогуле, была для яго вялікім шчасьцем, вялікай магчымасьцю і той атмасфэрай, у якой ён пачуваўся найбольш камфортна.

Брэвет генерал-маёр Джордж Армстранг Кастар (фота зь Вікіпедыі)

Патрапіўшы ў войскі ў чэрвені 1861 г. у рангу другога лейтэнанту, Кастар праз год быў ужо капітанам, а ў чэрвені 1863 г. ён зрабіўся брэвет-брыгадным генералам дабрачынцаў. Такія рангі – “брэвет” – даваліся тым, хто праявіў адвагу пад час баявых дзеяньняў. Але яны не значылі, што той, хто іх атрымаў, рабіўся камандзірам брыгады (як у выпадку Кастара) з адпаведнымі каманднымі паўнамоцтвамі і аплатай. Бывала, канечне, што такіх афіцэраў ставілі камандзірамі часовых злучэньняў, але гэта – рэдкія выпадкі.

Такі рэдкі выпадак адбыўся з Кастарам. Пад ягоным камандаваньнем апынулася Мічыганская кавалерыйская брыгада дабрачынцаў, байцы якой мелі мянушку “расамахі”. У пераломнай для ходу ўсёй вайны бойцы пры Гэцізбургу ён узначаліў адну з пасьпяховых кантратакаў, якая зрабіла свой унёсак у перамогу Саюзу.
Яшчэ да гэтых падзеяў, у красавіку 1863 г., імя Кастару ўпершыню зьявілася на старонках The New York Times, і з таго часу ён зрабіўся ўлюбёнцам амерыканскіх газэтаў. Яму было тлькі 23 гады, і ад журналістых ён атрымаў мянушку “хлопчык-генерал”. Дзякуючы сваёй прывабнай зьнешнасьці, ды, не ў апошнюю чаргу, праз сваю прагну памалявацца, ён часьцяком трапляў у аб’ектывы фаотакамераў, што дало яму рэнамэ “самага фатаграфаванага афіцэра ЗША”. Канец вайны ён сустрэў у рангах генерал-маёра валянтэраў і брэвет-генерал-маёра арміі ЗША (рангі валянтэрскіх злучэньняў і рэгулярнага войску лічыліся па асобку).

А калі вайна зкончылася, Кастар апынуўся сярод тых палутара тысячаў брэвет-генералаў, якія не атрымалі генеральскага рангу і адпаведных пасадаў. На некаторы час ён пакінуў войска. Шукаў працу ў сфэры пабудовы чыгунак і горнай здобычы. Спрабаваў сябе ў палітыцы – падтрымліваў прэзідэнта Эндру Джонсана пад час ягонай агітацыйнай паездкі. Але ягоным лёсам была вайна. Улетку 1866 г. ён вярнуўся ў войска, дзе ў рангу падпалкоўніка атрымаў пад сваю каманду 7-мы кавалерыйскі полк. У хуткім часе полк уключыўся ў барацьбу зь індэйцамі на франціры на Паўночных Роўнадзях.

У 1864 г. паміж г. Вірджынія (суч. штат Мантана) і цэнтральнымі раёнамі Ваёмінгу быў пракладзены шлях (гэтак званая Сьцежка Боўзмэну), па якім рушылі караваны перасяленцаў і золаташукальнікаў. Для іх аховы былі накіраваныя вайсковыя кантынгенты, будаваліся форты. Гэта прывяло да аднаго з найбольш пасьпяховых для карэннага насельніцтва эпізодаў Індэйскіх Войнаў – вайны Чырвонага Воблака.
Чырвонае Воблака – правадыр аглала-лакота (адно зь плямёнаў сіў) – спрабаваў празь перамовы вырашыць праблемы зь перасяленцамі і арміяй, аднача гэтыя спробы былі марнымі. Тады групы індэйцаў пачалі зьдзяйсьняць напады на перасяленцаў, дрывасекаў і невялікія армейскія патрулі на Сцежцы Боўзмэну. А потым аб’ектамі атакаў зрабіліся і буйныя армейскія атрады.

21 сьнежня 1866 г. індэйцы сіў і іхнія хаўрусьнікі – чэены атакавалі атрад капітана Фэтэрмана, які выйшаў з форту Філь-Кірні (паўночны захад суч. Ваёмінгу) з мэтай, як лічыцца, правядзеньня карнай акцыі. Усе 80 жаўнераў атраду, як і сам Фэтэрман, былі забітымі. Да Літал Бігхорну гэта была найбуйнейшая параза войскаў ЗША ў войнах з карэнным насельніцтвам. Гэтая катастрофа спыніла рух па Сьцежцы Боўзмэну і прымусіла белых пайсьці на перамовы з Чырвоным Воблакам і іншымі правадырамі сіў. Вынікам преамоваў было прыбраньне амерыканскіх гарнізонаў зь індэйскай тэрыторыі і выдзяленьне індэйцам земляў на захадзе сучаснай Паўднёвай Дакоты.

7-мы кавалерыйскі прымаў непасрэдны ўдзел у вайне зь індэйцамі, дзе жорсткасьць праяўлялася з абодвух бакоў. У ліпені 1867 г. 10 жаўнераў 2-га кавалерыйскага палку пад камандай лейтэнанта Кідэра ў суправаджэньні мясцовага правадніку-лакота дастаўлялі Кастару дэпешы ад генерала Шэрмана, калі іх атакавалі аглала-лакота і чэены. Усе 12 чальцоў атраду кавалерыстых былі забітымі. Іхнія целы былі скальпаванымі, і ўтыканымі стрэламі, чарапы разьбітымі, сухажыльлі на руках і нагах парэзанымі, а насы адрэзанымі. Гэта рабілася, каб пазбавіць амерыканскіх жаўнераў змагацца ў замагільным сьвеце.

У сваю чаргу, у лістападзе таго ж году Кастар зладзіў разьню ў зімовым лягеры чэенаў на ўзьбярэжжы ракі Вашыта. Ейнымі ахвярамі зрабіліся, па розных ацэнках, ад 13 да 140 індэйцаў, сярод якіх былі дзеці і жанчыны. Пры гэтым Кастар мэтанакіравана захапіў 53 чалавекі – жанчын, дзяцей, старых, каб выкарыстоўваць іх у якасьці жывога шчыту пры адходзе ягонага палку зь месца бойкі. Такое стаўленьне да індэйскіх некамбатантаў, было тады нармалёвым і выклікала ўхваленьне з боку амерыканскага грамадзтва. Цяпер яно, канечне, мае іншую трактоўку. Нэйтан Ольгрэн - галоўны герой “Апошняга самурая” у выкананьні Тома Круза, які, па сцэнары, служыў у 7-ым кавалерыйскім пад камандай Кастару, зарабіў у выніку падобных акцыяў “крывавых хлопчыкаў у вачох”, што й прымушае яго піць непрабудна. Дарэчы, праблемы з алькаголем, сапраўды, былі ў тых афіцэраў 7-га кавалерыйскага, якія перажылі Літал Бігхорн.

Працяг будзе.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.