A+ A A-


Сочым за мадэльлю: «краіна, у якой не праводзяцца рэформы»

Оцените материал
(10 голосов)
Яўген Красулін Яўген Красулін

Добра, калі ў Венесуэле абыдзецца без вялікай крыві. Але час процістаяньня нарадзіў радыкалаў з абодвух бакоў.


Навіны з сацыяльна арыентаванай краіны, кіраўніцтва якой не жадае праводзіць рынкавыя рэформы.

"Няма ежы. Няма паперы. Няма лёкаў,. Мы паміраем," - кажа карэспандэнту CNN удзельніца сёньняшняй масавай маніфестацыі, якую праводзіць у Каракасе венесуэльская апазіцыя.
Галоўны лёзунг акцыі - "Адкліканьне! Перамены!". Галоўная мэта - стымуляваць працэс адкліканьня Мадуры з прэзідэнцкае пасады. А разам зь ім мусіць зыйсьці і ягоная сацыялістычная партыя. 
"Яны анічога не зрабілі за 17 год. Іхні час зкончыўся," - гаворыць іншы маніфестант карэспандэнту "Рэйтэрс". 

Лідары апазіцыі абвесьцілі, што ў чацьвер на вуліцы Каракасу яны вывядуць мільлён чалавек. "Гэта будзе мірны пратэст," - паабяцаў Энрыке Капрылес Радонскі, які быў апанентам Мадура на прэзідэнцкіх элекцыях 2013-га году і зусім крыху саступіў яму ў той барацьбе.
Сёньняшняя масавая акцыя ўжо атрымала назву "Паглынаньне Каракасу". Апазіцыя кажа, што колькасьць маніфестантаў даягнула абвешчанага мільлёну. Улада ды яе прыхільнікі, зразумела, сьцвярджаюць, што не. Інфармацыйныя агенцыі асьцярожна кажуць пра "сотні тысячаў". 

Некалькі месяцаў таму ў краіне разпачаўся доўгі працэс адкліканьня Мадуры. Першы этап быў пройдзеным. Ён патрабаваў, каб 1% выбарцаў у кожным штаце Венесуэлы паставіў свой подпіс у падтрымку адкліканьня. Усяго - 200 тыс. подпісаў. Гэта было лёгка зроблена.
А далей рэжым пачаў рабіць тое, што робіць у падобнай сітуацыі любы рэжым, які згубіў падтрымку народу. Ён пачаў зацягваць час. 

Справа ў тым, што працэс адкліканьня прадугледжвае тры стадыі. 200 тысяч подпісаў - гэта першая стадыя. Потым мусіць быць прызначаны трохдзённы тэрмін, за які прыхільнікі адкліканьня мусяць сабраць подпісы 20% адсоткаў выбарцаў (4 млн подпісаў). Трэці этап - гэта непасрэдна рэферэндум. На ім за адкліканьне мусіць прагаласаваць больш выбарцаў, чым прагаласавала за Мадуру на прэзідэнцкіх элекцыях. Груба кажучы, за адкліканьне на рэферэндуме мусяць выступіць 7,6 млн чалавек. У сёньняшняй сітуацыі гэта выглядае цалкам выканальнай задачай.

Але! Новыя прэзідэнцкія выбары (з перспектывай перамогі апазіцыйнага кандыдата) будуць прызначаны толькі ў тым выпадку, калі рэферэндум пройдзе да 10 студзеня 2017 году. Калі пазжэй, тады Мадура зыйдзе. Але ягонае месца да 2019 году зойме цяперашні віцэ-прэзідэнт - абсалютна лаяльны чавізму Арыстобулё Істурыс. Адпаведна, аніякіх пераменаў у такім выпадку чакаць не выпадае.

Таму Нацыянальная элекцыйная рада старанна марудзіць працэс. Другі этап яна прызначыла на кастрычнік 2016 г. Улічваючы, што па законе мусіць быць адведзены час на праверку подпісаў (а НЭР кажа пра тры месяцы), дык гаворка можа ісьці пра люты 2017 як час правядзеньня рэферэндуму. І тады, як было зказана, - аніякіх пераменаў.

Але, кажуць пратэстоўцы, у такім выпадку - аніякай ежы, аніякай паперы (прыбіральнай), аніякіх лёкаў. Бо адкуль гэтаму ўзяцца, калі ў краіне ня будзе пераменаў? І, канечне, у такім выпадку - масавыя пратэсты і "праглынаньне" венесуэльскіх гарадоў апазіцыяй. Добра, калі гэта адбудзецца безь вялікай крыві. Але час процістаяньня нарадзіў радыкалаў з абодвух бакоў.

Такім чынам, працягваем сачыць за разгортваньнем падзеяў у рамках мадэлі "Краіна, у якой не праводзяцца рэформы". Як казаў стары Усама ібн Мункыз, у гэтым для нас ёсьць вялікае навучаньне.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.