A+ A A-


6 мітаў пра байкот выбараў

Оцените материал
(20 голосов)

Як напісаў некалькі дзён таму адзін расійскі каментатар, выбар паміж удзелам і байкотам залежыць "ад філязофіі, густу і нават тэмпераменту" чалавека. Пры гэтым, на сітуацыю ў краіне гэты выбар ніяк не паўплывае. Відавочна, што гэты каментатар моцна памыляецца.


Зразумела, што ні байкот, ні ўдзел не прывядуць да імгненных пераменаў. То бок, людзі не прачнуцца на наступны дзень пасьля выбараў у новай краіне з новым рэжымам ні пры байкатаваньні выбараў, ні пры ўдзеле ў іх. Але, пагадзіцеся, удзел куды больш эфектыўна прывядзе да зьменаў, і да куды больш эфектыўных зьменаў.

Што прапануе стратэгія байкотчыкаў (ну, па часныку)? Сядзець на азадку і чакаць, калі ўсё само разсмокчацца, з паралельным ахайваньнем тых, хто нешта робіць (па прынцыпе: "Усе вы - разгвазьдзяі, а я - д'Артаньнян").

Якія аргументы прыводзяцца ў падтрымку гэтай пазіцыі? Найбольш частыя:

Міт 1. Нельга прымаць удзел у выбарах, паколькі яны татальна фальсіфікуюцца.

Праўда: Ок, значыць, трэба чакаць, калі выбары перастануць фальсіфікавацца. Але зь якой радасьці рэжым раптам пяройдзе да сумленных выбараў? Сумленна правесьці выбары ён можа толькі ў адным выпадку: калі ў выбарах ня будуць удзельнічаць апазіцыйныя кандыдаты. Вось тут байкот яму здорава дапаможа.

Міт 2. Удзел у выбарах – гэта брыдкая гульня, каб зацягнуць грамадзянаў на выбарчыя ўчасткі, а рэжыму, маўляў, толькі гэтага і трэба.

Праўда: Як паказвае практыка, рэжыму ня надта трэба, каб апазіцыя “зацягвала” людзей на ўчасткі. Для гэтага існуюць іншыя інструменты, такія як адміністрацыйны рэсурс, празь які людзей прымушаюць прымаць удзел у галасаваньні. І гэта – ня толькі прымусовы “загон” на ўчасткі студэнтаў і бюджэтнікаў.

Напрыклад, на папярэдняй кампаніі йшоў шалёны ціск праз дзяцей: у школах ім настойліва даводзілі, што кожны грамадзянін Беларусі абавязаны пайсьці і прагаласаваць. Дзеці, у сваю чаргу, ладзілі шалёны ціск на сваіх бацькоў, каб тыя йшлі на выбарчыя ўчасткі.

Ды й гэта ёсьць залішнім, калі ў пратаколе можна напісаць любую лічбачку ў графе “колькасьць выбарцаў, атрымаўшых бюлетэні”. Тут можна зьвярнуцца да досьведу назіральнікаў на мінулых кампаніях, якім трэба было толькі адгарнуцца – і ў пратаколах матэрыялізоўваліся сотні прагаласаваўшых за гэты момант.

Ды й гэта ёсьць залішнім, паколькі на тых жа мясцовых выбарах парогу яўкі няма. Таму адзінае, што дасьць байкот – гэта адсутнасьць незалежных назіральнікаў на ўчастках, што дасьць неабмежаваныя магчымасьці для фальсіфікацыяў. І тут байкотчыкі працуюць на карысьць рэжыму.

Міт 3. Удзел у выбарах ёсьць амаральным, бо гэта – супраца з рэжымам, супраць якога апазіцыя, “быццам бы”, выступае.

Праўда: Удзел у выбарах – гэта не супраца з рэжымам. Як паказалі пункты 1 і 2, хутчэй, байкот ёсьць супрацай з рэжымам. Удзел апазіцыйных кандыдатаў у выбарах – гэта інструмент, пры дапамозе якога апазіцыя дэманструе грамадзянам, што рэжыму і таму, што рэжым робіць у краіне, ёсьць пазітыўная альтэрнатыва.

Байкот жа эфектыўна зьнішчыць гэты інструмент, у выніку чаго грамадзяне будуць упэўненымі, што такі так: аніякай альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі няма, а той хоць неяк не дае памерці з голаду. Вось і атрымліваецца, што супрацай з рэжымам ёсьць байкот.

Міт 4. Матывацыяй апазіцыйных кандыдатаў пры ўдзеле ў выбарах ёсьць не жаданьне зрабіць жыцьцё сваіх выбарцаў лепей, а прагна праціснуцца на дэпутацкую пасаду, каб у далейшым упісацца ў “сістэму”.

Праўда: Калі паглядзець на колькасьць судовых працэсаў, штрафаў, содняў, праведзеных за кратамі, згубленых бізнэсаў і месцаў працы, якія прыпадаюць на апазіцыйных кандыдатаў за іхнюю барацьбу за правы грамадзянаў, можна даць адназначны адказ: гэты аргумент – поўная лухта. Дзеля таго, каб упісацца ў “сістэму”, існуюць куды больш простыя і прыбытковыя шляхі. Напрыклад, матам крыць на апазіцыю за ейны ўдзел у выбарах і за данясеньне ёю да людзей пазітыўнай альтэрнатывы: авось, заўважаць.

Міт 5. Праз выбары немагчыма зьмяніць палітычны рэжым.

Праўда: Па-першае, праз байкот – таксама. Гісторыя ведае шмат прыкладаў байкоту элекцыйных кампаніяў, усе яны, як правіла, прыводзілі да аднаго: рэжымы, якія арганізоўвалі выбары, заставаліся ў выйгрышы. Напрыклад, на Ямайцы найбуйнейшая апазіцыйная партыя байкатавала выбары ў 1983 г. У выніку, усе 60 месцаў у парляменце апынуліся ў руках кіруючай партыі. Прычым, 54 зь іх былі атрыманымі на безальтэрнатыўнай аснове.

Усеагульныя выбары ў Банглядэш у 1996 г.: апазіцыя – байкатуе, кіруючая партыя – усе 300 месцаў. І гэтак далей.

Апошнія характэрныя прыклады спробаў байкоту – Нідэрлянды (красавік 2016-га, па пытаньні Асацыяцыі паміж ЭЗ і Украінай: прыхільнікі падпісаньня Асацыяцыі спрабавалі байкатаваць рэферэндум, ініцыяваны левымі і ксенафобскімі сіламі, і таму заклікалі да байкоту; вынік – перамога праціўнікаў Асацыяцыі) і Каталюньня (рэферэндум па незалежнасьці, верасень-2017, прыхільнікі адзінай Гішпаніі заклікалі да байкоту, але рэферэндум усё роўна быў абвешчаны адбыўшымся, зь вядомымі ўсім вынікамі).

Акрамя таго, байкот з боку апазіцыі заўжды дае магчымасьць казаць прадстаўнікам рэжыму, што апазіцыя ведала, што яна слабая і пацерпіць паразу. І адказаць на гэта аргументавана ў апазіцыі наўрад ці атрымаецца.

Вельмі трапна апісаў сітуацыю з байкотам дырэктар па Амерыках Human Rights Watch Хасэ Мігель Віванка. У сувязі з байкотам апазіцыяй парляменцкіх выбараў у Венесуэле ў 2005 г. (вынік – можна здагадацца: усе месцы ў парляменце занялі чавістыя і іхнія саюзьнікі) ён адзначыў: “Сапраўды, цяжка казаць, што дакладна было ў галовах лідараў палітычнае апазіцыі. Але абсалютна відавочна, што гэта не дапамагло ім прадставіць сябе ў якасьці ахвяраў, якія заслугоўваюць спачуваньня збоку міжнароднай супольнасьці. З падобнай тактыкай яны наўрад ці атрымаюць нейкую падтрымку”.

Міт 6. Да зьмены рэжыму прывядзе толькі “Плошча”. Маўляў, вывядзем на вуліцы сотні тысячаў – і ўсё.

Праўда: Але, падзеі мінулага году ў Венесуэле паказваюць, што сотні тысячаў на вуліцах – гэта не рашэньне праблемы, калі рэжым гатовы абараняць сваю ўладу “да апошняга грамадзяніна”. А мы маем справу як раз з такім рэжымам. Акрамя таго, фальсіфікаваныя выбары, як паказвае практыка, зьяўляюцца моцным каталізатарам народных пратэстаў. А фальсіфікацыя выбараў адбудзецца толькі пры наяўнасьці апазіцыйных кандыдатаў (гл. вышэй). 

У той жа час выбары – гэта інструмент, які дазваляе зьмяніць уладу без крыві. Канечне, для гэтага патрэбнымі ёсьць пэўныя ўмовы (псіхалягічная стомленасьць рэжыму, немагчымасьць даць рады эканамічнай і сацыяльнай катастрофе і т.п.). Але вельмі істотна, каб у гэты момант грамадзяне мелі ўяўленьне пра альтэрнатыву, а таксама пра тых, хто яе прапануе. Каб не існавала рызыкі атрымаць “чорта з табакеркі”, адзінай не-адмоўнай характарыстыкай якога будзе: “новы твар у беларускай палітыцы” (што так любяць нашыя журналістыя), а ва ўсім астатнім – “лукашэнка 2.0”.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.